Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па «польскай справе» арыштавалі пяцёх чалавек. Расказваем, хто гэтыя людзі


Сядзіба Саюзу палякаў Беларусі ў Горадні. СПБ на чале з Анжалікай Борыс пазбавілі права карыстацца гэтым будынкам
Сядзіба Саюзу палякаў Беларусі ў Горадні. СПБ на чале з Анжалікай Борыс пазбавілі права карыстацца гэтым будынкам

Праваабаронцы 31 сакавіка прызналі палітвязьнямі яшчэ пяць чалавек — сяброў незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі: Анжаліку Борыс, Анджэя Пачобута, Ірэну Бярнацкую, Марыну Цішкоўскую, Ганну Панішаву. Затрыманым ад 47 да 56 гадоў, усе маюць вышэйшую адукацыю. Расказваем, хто гэтыя людзі.

Анжаліка Борыс. Працавала настаўніцай, была «Жанчынай году»

Анжаліцы Борыс 47 гадоў. Жыве ў Горадні. Ня замужам, дзяцей няма. Узначальвае не зарэгістраваны беларускімі ўладамі Саюз палякаў Беларусі цягам 10 гадоў: з 2005 па 2010 год, і з 2016 году дагэтуль. Польская супольнасьць абірала яе на пасаду старшыні тройчы, апошні раз сёлета ў сакавіку.

Анжаліка Борыс,
Анжаліка Борыс,

Борыс родам зь вёскі пад Горадняй, вучылася ў вясковай школе. Пэдагагічную адукацыю атрымала ў Польшчы: тэхнікум у Люблінскім павеце, унівэрсытэт у Беластоку. Пасьля адукацыі вярнулася ў Беларусь, выкладала польскую мову ў школах у Горадні і «польскім мястэчку» Адэльску.

У 1995 годзе стала сябрам СПБ, праз тры гады ўзначаліла адукацыйны аддзел гэтай арганізацыі.

У 2005 годзе ў СПБ, які дзейнічаў з 1986 году, адбыўся раскол. Пасьля таго як на старшыню ўпершыню абралі Анжаліку Борыс, беларускія ўлады не прызналі вынікі зьезду. Яны правялі паўторны зьезд, на якім абралі іншага старшыню, аднак той зьезд не прызнала Польшча. З таго часу ў Беларусі дзейнічаюць два СПБ: адзін зь іх падтрымліваюць толькі беларускія ўлады, другі — польскія.

Анжаліка Борыс у судзе, 2019 год
Анжаліка Борыс у судзе, 2019 год

З 2005 году Борыс неаднаразова выклікалі на допыты ў КДБ, пракуратуру, міліцыю. Яна некалькі разоў атрымлівала вялікія штрафы за правядзеньне імпрэзаў у межах сваёй арганізацыі: у 2008 годзе — 400 эўра штрафу за канцэрт польскага гурту Lombard у Горадні, у 2010 годзе — 1000 эўра штрафу «за незаконную дабрачынную дзейнасьць», а таксама — каля 200 эўра штрафу за незаконны мітынг перад «польскім домам» у Горадні.

У 2015 годзе ўпраўленьне фінансавых расьсьледаваньняў КДК паведаміла Борыс, што будзе пастаянна назіраць за ейнай дзейнасьцю. У 2019 годзе старшыню незарэгістраванага СПБ судзілі за арганізацыю традыцыйнага сьвята Казюкі, аднак апраўдалі праз «малазначнасьць парушэньня». Тады пад суд прыйшлі каля сотні чалавек, каб яе падтрымаць.

Каля ста чалавек прыйшлі падтрымаць Анжаліку Борыс у судзе
Каля ста чалавек прыйшлі падтрымаць Анжаліку Борыс у судзе

У 2006 годзе польскі жаночы часопіс Twój styl назваў Борыс «Жанчынай году». У 2011 годзе міністар замежных спраў Польшчы ўзнагародзіў яе дыплёмам за выдатны ўнёсак у прасоўваньне Польшчы ў сьвеце.

«Думаю, палітыка — шляхетная справа, якая павінна служыць людзям», — казала Анжаліка Борыс два гады таму на выставе, прысьвечанай пасьпяховым гарадзенкам, сярод якіх была яна сама.

Сёлета 23 сакавіка Борыс затрымалі. На наступны дзень асудзілі яе на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за правядзеньне ў Горадні традыцыйнага сьвята Казюкі. 25 сакавіка Генэральная пракуратура завяла крымінальную справу «за распальваньне рэлігійнай і нацыянальнай варажнечы» (частка 3 артыкула 130 КК) на Анжаліку Борыс і іншых асобаў. Цяпер Борыс пад вартай на «Валадарцы» ў якасьці падазраванай.

Анджэй Пачобут. Сядзеў за паклёп на Лукашэнку, выкладаў права

Анджэю Пачобуту 47 гадоў. Жыве ў Горадні. Жанаты, двое дзяцей: старэйшая дачка вучыцца ў Горадні ў мэдычным унівэрсытэце, малодшы сын ходзіць у школу. Вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябар незарэгістраванага СПБ.

Анджэй Пачобут
Анджэй Пачобут

Паходзіць з пасёлку Вялікая Бераставіца Горадзенскай вобласьці, што недалёка ад мяжы з Польшчай. Паводле адукацыі юрыст, вучыўся ў горадзенскім унівэрсытэце імя Янкі Купалы. Некалькі гадоў выкладаў права ў горадзенскіх каледжах.

У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку. Працаваў у першых незалежных горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», рэспубліканскай газэце «Народная Воля», газэце СПБ на польскай мове «Głos znad Niemna» («Голас з-над Нёману»). Быў рэдактарам часопіса СПБ «Magazyn Polski na uchodźstwie», карэспандэнтам буйнога польскага выданьня «Gazeta Wyborcza». Займаўся тэмамі, зьвязанымі з гісторый спэцслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміяй Краёвай.

У СПБ прыйшоў на пачатку 1990-х.

Пачобуту ня раз давалі штрафы, адміністрацыйныя суткі і рэальныя тэрміны за ягоную дзейнасьць. За асьвятленьне Плошчы-2010 ён атрымаў спачатку штраф больш за 400 эўра, а потым 15 сутак арышту як за ўдзел у недазволеным мерапрыемстве.

Па крымінальных справах за паклёп і абразу кіраўніка дзяржавы Пачобута некалькі разоў затрымлівалі ў 2011 і 2012 годзе. Тады ён правёў пад вартай 3 месяцы. У 2011 годзе суд апраўдаў яго па артыкуле «Абраза прэзыдэнта РБ», але даў 3 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на 2 гады за паклёп на Лукашэнку. У залі суду яго вызвалілі пад падпіску аб нявыезьдзе. У 2012 годзе журналіста паўторна абвінавацілі ў паклёпе на Лукашэнку за ягоныя артыкулы. У 2013 годзе другую справу супраць яго закрылі.

«Мы назіраем чарговую хвалю антыпольскай прапаганды і кампаніі супраць польскай меншасьці. Мы назіраем моцны ўдар. Дзяржаўныя мэдыя аддаюць шмат увагі, каб ачарніць Польшчу і яе гісторыю і прадставіць палякаў, якія жывуць у Беларусі, як пятую калёну, якая нясе пагрозу рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі знаходзіцца ў палітычным і эканамічным крызісе. Ён патрабуе адцягнуць увагу грамадзтва ад гэтага становішча. Вонкавым ворагам будзе Польшча, унутраным — польская меншасьць у Беларусі», — казаў Анджэй Пачобут за дзень да свайго затрыманьня, пасьля таго як старшыні незарэгістраванага СПБ Борыс прысудзілі арышт за Казюкі.

Сёлета 25 сакавіка да Пачобута прыйшлі зь ператрусам. Пазьней стала вядома, што ён праходзіць па «польскай справе», якую Генэральная пракуратура завяла «за распальваньне рэлігійнай і нацыянальнай варажнечы» (частка 3 артыкула 130 КК) на Анжаліку Борыс і іншых асобаў. Цяпер Пачобут пад вартай на «Валадарцы» ў якасьці падазраванага.

Ірэна Бярнацкая. Сядзела за малітву, мела свой бізнэс

Ірэне Бярнацкай споўнілася 55 гадоў за дзень да затрыманьня. Жыве ў Лідзе Горадзенскай вобласьці, мае трох дарослых дзяцей і трох унукаў. Дачка і сын пераехалі ў Польшчу, яшчэ адна дачка жыве ў Лідзе. Бярнацкая 6 гадоў узначальвае аддзел СПБ у Лідзе.

Ірэна Бярнацкая
Ірэна Бярнацкая

Як расказала дачка Вераніка Півута, Ірэна Бярнацкая па адукацыі інжынэр-тэхноляг. Працавала на прадпрыемстве па вытворчасьці спэцый «Лідкон». У 33 гады сышла ў дэкрэтны адпачынак. Потым займалася бізнэсам, прывозіла з Польшчы фіранкі, посьцілкі, тавары для дому.

У лідзкі аддзел СПБ уваходзяць сотні чалавек. Бярнацкая разьвівала польскую мову, культуру і традыцыі. Дапамагала рэпрэсаваным палякам, высланым у Сыбір, якія пазьней вярнуліся ў Беларусь; людзям з абмежаванымі магчымасьцямі. Пры СПБ дзейнічаў «Клюб 50+» для старэйшых людзей, моладзевая творчая супольнасьць, малітоўная суполка «Маці ў малітве». Працавалі прыватныя курсы польскай мовы для людзей рознага ўзросту.

«Мама мужная, адкрытая. Яна заўсёды за праўду, хоць праўда бывае непрыемная. Калі прыходзяць у школу і кажуць, што хочуць атрымаць „карту паляка“, — гэта няправільна пастаўленае пытаньне. Пані Ірэна патлумачыць, што мы не раздаём „карты паляка“, а падтрымліваем культуру, мову, традыцыі», — кажа дачка Вераніка.

Яна тлумачыць, што маці заўжды гатовая дапамагаць нават коштам уласнай сям’і. Гэтак выхавала і дзяцей, каб служылі іншым бескарысьліва.

Летась Бярнацкую аштрафавалі на 810 рублёў за малітву за Беларусь каля касьцёла. Суткі тады яна правяла ў ізалятары. Яна практыкуючая каталічка.

Малітва каля лідзкага фарнага касьцёла
Малітва каля лідзкага фарнага касьцёла

Амаль усе члены сям’і Бярнацкіх мелі летась неаднаразовыя штрафы за ўдзел у «несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах».

«Яна чалавек нязломны. Яна будзе трываць у малітве. Там будзе ўсё добра, наладзіць кантакт з усімі. У турме навучыць усяму дзяўчат. Яна мае маладосьць, хоць ёй і 55 гадоў. Толькі ня ведаю, як яна будзе сядзець без сваёй актыўнасьці. Магчыма, так Пан Бог даў, што празь яе нешта адбудзецца, яна нешта данясе да людзей, што працуюць у турме. Яна будзе расказваць дзяўчатам пра малітву, пра Пана Бога, пра свой цяжкі лёс», — кажа пра маці дачка.

Ірэну Бярнацкую затрымалі сёлета 25 сакавіка. У яе правялі ператрус, а потым перавезьлі яе ў Менск. Яна праходзіць па «польскай справе», якую Генэральная пракуратура завяла «за распальваньне рэлігійнай і нацыянальнай варажнечы» (частка 3 артыкула 130 КК) на Анжаліку Борыс і іншых асобаў. Цяпер Бярнацкая пад вартай на «Валадарцы» ў якасьці падазраванай.

Марына Цішкоўская. Даглядае за могілкамі, выхоўвае «Шэрых ваўкоў»

Марыне Цішкоўскай 54 гады. Жыве ў Ваўкавыску Горадзенскай вобласьці. Замужам, у яе двое дзяцей і двое ўнукаў. Узначальвае аддзел незарэгістраванага СПБ у Ваўкавыску цягам 7 гадоў.

Як расказаў журналіст Анджэй Пісальнік, галоўнай актыўнасьцю ваўкавыскага аддзелу быў догляд за польскімі вайсковымі могілкамі ў Ваўкавыску, дзе пахаваныя польскія жаўнеры з пэрыяду польска-бальшавіцкай вайны 1920 году. Цішкоўская разам з паплечнікамі ўтрымліваюць могілкі ва ўзорным стане, рэгулярна іх рамантуюць. У Ваўкавыску на базе аддзелу СПБ дзейнічае Польская грамадзкая школа. Пры ёй — моладзевая гарцэрская дружына «Шэрыя ваўкі».

Марыну Цішкоўскую затрымалі сёлета 25 сакавіка. У яе зрабілі ператрус, а потым перавезьлі яе ў Менск. Яна праходзіць па «польскай справе», якую Генэральная пракуратура завяла «за распальваньне рэлігійнай і нацыянальнай варажнечы» (частка 3 артыкула 130 КК) на Анжаліку Борыс і іншых асобаў. Цяпер Цішкоўская пад вартай на «Валадарцы». 1 красавіка стала вядома, што ёй першай з затрыманых актывістаў СПБ выставілі абвінавачаньне.

Ганна Панішава. Перакладала вершы пра Касьцюшку, ініцыявала брукаваньне плошчы Траўгута

Ганьне Панішавай 56 гадоў. Жыве ў Берасьці. Дырэктарка грамадзкай польскай школы ў Берасьці. Журналістка, перакладчыца, грамадзкая дзяячка, сябра незарэгістраванага СПБ. У 2012–2013 гадах выконвала абавязкі старшыні аддзелу незарэгістраванага СПБ у Берасьці.

Паходзіць зь вёскі ў Віцебскай вобласьці. Па адукацыі гісторык, вучылася ў БДУ. Пасьля працавала настаўніцай гісторыі і сацыялёгіі. У 2005–2007 гадах атрымала ў польскім Любліне пасьлядыплёмную адукацыю з гісторыі і польскай мовы.

З 2004 году ўваходзіць у незарэгістраваны СПБ. У 2012–2013 выконвала абавязкі старшыні незарэгістраванага аддзелу СПБ у Берасьці, прадстаўляла арганізацыю на міжнародных навуковых канфэрэнцыях.

У 2008 годзе разам з вучнямі ўдзельнічала ў польскай праграме народнай памяці. Урэшце зьявіўся фільм пра моладзевую арганізацыю «абаронцаў свабоды», якая дзейнічала на Палесьсі ў 1945–1948 гг. З 2007 году цягам 10 гадоў ладзіла Люблінскі Ягелёнскі кірмаш у Беларусі. Была адной з арганізатарак Форуму польскіх мясцовых ініцыятываў Берасьця ў 2013 годзе. У 2012 годзе стварыла і ўзначаліла «Клюб каталіцкай інтэлігенцыі» ў Берасьці. У 2015-м заснавала ў Берасьці Польскую гарцэрскую школу імя Рамуальда Траўгута.

Панішава вядомая таксама як журналістка. Больш за 10 гадоў друкавалася ў берасьцейскім часопісе «Рэха Палесься». Была рэдактаркай польскага часопіса «Harcerz Brześcia», а таксама інтэрнэт-старонкі forumbrzeskie. by. Працавала тэхнічным рэдактарам у часопісе «Каталіцкае Берасьце».

Пераклала на беларускую мову 50 вершаў польскай паэткі Марыі Канапніцкай на тэму паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі. Была сярод аўтараў Каталёга месцаў народнай памяці Берасьцейскай вобласьці. У 2014 годзе ініцыявала брукаваньне плошчы Рамуальда Траўгута ў вёсцы Шастакова Берасьцейскай вобласьці, дзе нарадзіўся генэрал.

«Я застаюся грамадзянкай Рэспублікі Беларусь. Люблю жыцьцё, люблю дзяцей, люблю тое, што я раблю... Я сваю жыцьцёвую задачу бачыла як аднаўленьне ў сабе польскай культуры, мовы, самасьвядомасьці, якія ў мяне скраў камуністычны рэжым. Невыпадкова мае дасьледаваньні зьвязаныя з пошукам прычыны, адкуль бярэцца камунізм, чаму гэта антычалавечная ідэалёгія дагэтуль прарастае пустазельлем у сьвядомасьці многіх маіх сучасных суграмадзянаў», — сказала Панішава ў адкрытым звароце, які пакінула на сваёй старонцы ў фэйсбуку напярэдадні затрыманьня.

Ганну Панішаву зьняволілі сёлета 12 сакавіка, калі яна вярнулася ў Беларусь з Польшчы пасьля затрыманьня сузаснавальніка польскай школы. Прычынай стала мерапрыемства ў польскай школе аб «праклятых жаўнерах». На Панішаву завялі крымінальную справу за «гераізацыю ваенных злачынцаў» (артыкул 130 КК). Яна застаецца пад вартай.

Як разьвіваўся беларуска-польскі канфлікт

  • 2 кастрычніка 2020 году беларускі МЗС запатрабаваў скараціць колькасьць польскіх і літоўскіх дыпляматаў у Беларусі. Да 9 кастрычніка зь Беларусі выехалі 32 польскія дыпляматы.
  • 29 кастрычніка Лукашэнка абвінаваціў Польшчу ў распальваньні рэвалюцыі ў Беларусі, а польскага прэзыдэнта Анджэя Дуду — у фальсыфікацыі выбараў.
  • 21 сьнежня Беларусь закрыла межы на ўезд і выезд, у тым ліку з Польшчай. Афіцыйная прычына — каранавірус.
  • 12 сакавіка 2021 году затрымалі дырэктарку прыватнай польскай школы ў Берасьці Ганну Панішаву. На яе завялі справу за «гераізацыю ваенных злачынцаў» (частка 3 артыкула 130 КК). Яна пад вартай.
  • 13 сакавіка на запатрабаваньне беларускіх уладаў з Горадні выехалі яшчэ два польскія консулы, у тым ліку генэральны консул Польшчы ў Горадні Яраслаў Ксёнжэк. Прычыны — польскі консул узяў удзел у імпрэзе памяці «праклятых жаўнераў» у Берасьці. У Горадні застаўся апошні польскі консул. У адказ Польшча паведаміла, што высылае ў Беларусь двух беларускіх дыпляматаў.
  • 23 сакавіка ў Горадні затрымалі старшыню незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі (СПБ) Анжаліку Борыс.
  • 24 сакавіка Анжаліку Борыс асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за правядзеньне ў Горадні традыцыйнага сьвята Казюкі.
  • 25 сакавіка затрымалі сябраў незарэгістраванага СПБ Анджэя Пачобута (Горадня), Ірэну Бярнацкую (Ліда), Марыю Цішкоўскую (Ваўкавыск).
  • Генэральная пракуратура завяла крымінальную справу «за распальваньне рэлігійнай і нацыянальнай варажнечы» (частка 3 артыкула 130 КК) на Анжаліку Борыс і іншых асобаў. Борыс, Пачобут, Бярнацкая, Цішкоўская цяпер на «Валадарцы» ў якасьці падазраваных.
  • 29 сакавіка стала вядома, што Смаргонская пракуратура запытвае сьпісы студэнтаў і выкладчыкаў курсаў польскай мовы. Запыт датаваны 25 сакавіка. Прыватныя школы польскай мовы паведамляюць, што праверкі ў іх ідуць па ўсёй Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG