Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Захаваць здароўе да перамогі». Алякандра Герасіменя — пра «Зборную здаровага ладу жыцьця»


Аляксандра Герасіменя
Аляксандра Герасіменя

Кіраўніца Беларускага фонду спартовай салідарнасьці, алімпійская чэмпіёнка Аляксандра Герасіменя расказала Свабодзе пра крэатыўную акцыю «Зборная здаровага ладу жыцьця» супраць алькаголю і тытуню, якую распачалі свабодныя спартоўцы.

Яны заклікаюць не купляць алькаголь і цыгарэты, даход зь якіх атрымліваюць «кашалькі» Лукашэнкі, а таксама трымацца здаровага ладу жыцьця, каб заставацца псыхічна і фізычна моцнымі і ўстойлівымі на шляху да перамогі мірнай рэвалюцыі.

Глядзіце відэаінтэрвію з Аляксандрай Герасіменяй цалкам


Асноўныя тэзісы кіраўніцы Беларускага фонду спартовай салідарнасьці:


Чаму важна самому зьмяніцца да лепшага


— Мы хочам аб’яднаць усіх ідэяй здаровага ладу жыцьця, каб беларусы зьядналіся дзеля добрай і здаровай ідэі. Гэта адмова ад алькаголю, ад любога сьпіртнога, цыгарэтаў, ад усіх шкодных звычак. Гэта можа зрабіць кожны беларус, каб паказаць, колькі нас хочуць зьмяніцца да лепшага, каб разам уступіць у новую Беларусь.

Як праз адмову ад шкодных звычак пацярпяць сілавыя структуры


— У 2020 годзе бюджэт Беларусі атрымаў больш за 1 млрд даляраў ад акцызаў на цыгарэты і алькаголь. Пры гэтым штогод у краіне ад хваробаў, зьвязаных з курэньнем, памірае больш за 15 тысяч чалавек, а алькаголь забірае жыцьці 20 тысяч беларусаў. Адмовіўшыся ад шкодных звычак, мы скароцім гэтыя паступленьні ў бюджэт. Мы разумеем, куды ідуць гэтыя грошы — не беларускаму народу. Хочацца, каб самі беларусы свае ж грошы зьбераглі такім чынам.


Чаму галава павінна быць цьвярозая


— Хочацца беларусаў узрушыць. Шмат часу прайшло, усім вельмі цяжка, а для таго, каб нешта мяняць увогуле, трэба памяняцца самім. Гэта ня значыць, што ад заўтра трэба адмовіцца ад усяго. Я разумею, што гэта складана, у многіх гэта залежнасьць, але мы зробім усё дзеля таго, каб зьменшыць колькасьць спажыванага алькаголю ў Беларусі. Паводле статыстыкі, Беларусь на адным зь першых месцаў у сьвеце па спажываньні алькаголю. Гэта жудасныя паказьнікі. Мы разумеем, колькі людзей у краіне пʼюць і пагружаюцца ў незразумелы стан. Хочацца, каб галава была цьвярозая, каб беларусы ўключаліся ва ўсе працэсы і верылі ў сябе.

Хто зь вядомых спартоўцаў бярэ ўдзел у кампаніі


— Удзельнікамі кампаніі сталі, акрамя мяне, Андрэй Краўчанка (лёгкая атлетыка), Натальля Лешчык (мастацкая гімнастыка), чэмпіёны сьвету Віталь Гуркоў і Сяргей Скіба (тайскі бокс), прызэр чэмпіянатаў Эўропы Дзьмітры Шэршань (дзюдо) і Сьвятлана Кудзеліч (лёгкая атлетыка), рэкардсмэн Беларусі Павал Санковіч (плаваньне) ды многія іншыя. Гэта ня толькі пра спорт і фізкультуру. Да кампаніі будуць падключацца дактары, псыхолягі. Мы думалі пра тое, што зрабіць пазытыўнага і прыемнага для кожнага беларуса, бо ў нас цяжкі псыхалягічны стан амаль у кожнага. Мы хочам дадаць дынаміку ў жыцьці людзей. Гэта тое аптымальнае, што мы можам зрабіць, у чым мы спэцыялісты як спартоўцы.

Чаму гаворка ідзе пра захаваньне здароўя нацыі


— Мы разьлічваем весьці кампанію вясной і ўвесь летні пэрыяд. Шмат беларусаў праз каранавірус застаюцца дома, і мы будзем уцягваць усіх, хто хоча зьмяніцца. Гаворка ідзе пра захаваньне здароўя нацыі. Я казала яшчэ ў верасьні, калі беларусы выходзілі на прагулкі — хадзілі, бегалі, уцякалі, — што гэта быў першы крок да аздараўленьня нацыі. Мне бацька казаў, што ніколі раней па 10 кілямэтраў не хадзіў, і адчуваў сябе пры гэтым добра. Пачалі з прагулак, потым бегалі, цяпер больш актыўна пачнём уключацца і разьвіваць усе часткі цела. У здаровым целе — здаровы дух. Будзем разьвівацца гарманічна.

Чаму не абавязкова адмаўляцца цалкам ад шкодных звычак адразу


— Я самі ніколі не курыла, слабыя алькагольныя напоі піла па сьвятах у невялікай колькасьці, а цяпер цалкам адмаўляюся ад алькаголю. Для мне гэта ня будзе складана. Гэта ня значыць, што кожны цалкам павінен адмовіцца. Калі ты курыў пачак на дзень, выкуры палову пачка. Гэта будзе твая перамога на дадзены момант. Нават калі на тры чвэрці зьменшыць колькасьць алькаголю, гэта ўжо будзе перамога. Мы ўжо маем першыя водгукі ад людзей, якія адмовіліся ад алькаголю і цыгарэтаў, і яны цудоўна сябе адчуваюць.

Залежнасьць праходзіць праз 3 тыдні


— Ёсьць такі псыхалягічны тэрмін — 21 дзень, калі на працягу трох тыдняў ты адмаўляесься ад чагосьці. Лічыцца, што пасьля гэтага тэрміну залежнасьць цалкам сыходзіць. Я на сабе гэта правярала. Што тычыцца майго досьведу, то павінен быць комплекс — правільнае харчаваньне, фізычная нагрузка і станоўчыя эмоцыі. Я імкнуся гэтага прытрымлівацца.


Пра онлайн-трэніроўкі са спартовымі зоркамі

— Знакамітыя спартоўцы будуць дзяліцца сваімі сакрэтамі і практыкамі, будуць паказваць практыкаваньні. На першым этапе гэта будуць відэаролікі, якія можна будзе спампаваць, далей мы плянуем онлайн-трэніроўкі, каб можна было ў жывым эфіры пазаймацца разам зь вядомымі спартоўцамі.

Каб узяць удзел у кампаніі, дастаткова заявіць у сваіх сацыяльных сетках, што ты ў камандзе #СборнаяЗОЖ, падзяліцца сваімі вынікамі і адзначыць Фонд у сторыз. Колькасьць месцаў не абмежаваная.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG