Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Залатая рыбка» Герасіменя зрабілася «першай ластаўкай»


Аляксандра Герасіменя на Алімпіядзе ў Рыё-дэ-Жанэйра, 2016.
Аляксандра Герасіменя на Алімпіядзе ў Рыё-дэ-Жанэйра, 2016.

Кіраўніцу Фонду спартовай салідарнасьці, алімпійскую прызёрку Аляксандру Герасіменю ўлады хочуць пазбавіць зямельнага ўчастку ў Драздах. Прычына — нібыта парушэньні пры афармленьні дакумэнтацыі, падрабязнасьці падае onliner.by.

Ёсьць успамін расейскага актора Міхаіла Ўльянава, як у канцы 70-х ён выходзіў з крамлёўскага будынку пасьля пленуму ЦК КПСС, у якім удзельнічаў як член Цэнтральнай рэвізійнай камісіі, і ўбачыў на ганку разгубленага Мікалая Падгорнага.

Цяпер гэтае імя мала каму што скажа, а ў свой час яго называлі адразу за Брэжневым. Былы старшыня Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета СССР (фармальна — першы чалавек у дзяржаве), толькі што ён аднагалосна быў выведзены са складу Палітбюро. Падгорны ня ведаў, куды ісьці: раней ахоўнік адчыняў дзьверы лімузына, і картэж зь «мігалкамі» імчаў на дачу, а цяпер не было ні аховы, ні машыны — ён пазбавіўся іх імгненна.

Даброты і прывілеі ў Савецкім Саюзе былі адмераныя з аптэкарскай дакладнасьцю. Актор вывеў Падгорнага з Крамля, злавіў таксі і давёз да дачы (грошай пры сабе ў колішняга небажыхара, канешне ж, не было — навошта?).

Добрае сэрца было ў актора Ўльянава — хаця і сыграў жорсткага маршала Жукава. Сыграў, канешне, геніяльна. А вось у крамлёўскіх гаспадарнікаў душы былі чэрствыя: у той жа дзень Падгорнага папрасілі цягам трох дзён дачу вызваліць.

Кіраўнікі ня мелі права мець уласныя дачы, ім прадстаўляліся дзяржаўныя. Яны мелі добрыя кватэры, але дача была важным элемэнтам статуснасьці.

Вось гэтая фраза — «Пазбавілі дачы» — сустракаецца ва ўсіх біяграфіях адпраўленых у адстаўку ці на пэнсію колішніх высокапастаўленых дзеячоў СССР альбо ў іх успамінах (некаторыя асьмеліліся мэмуары напісаць). Пры Сталіну ўсьлед за пазбаўленьнем дачы, як правіла, ішло і пазбаўленьне жыцьця.

У Беларусі кіраўніцтва ЦК КПБ пазбавілася дачаў у Драздах у адзін дзень і оптам: 25 жніўня 1991 году Вярхоўны Савет, абвясьціўшы Незалежнасьць, прыпыніў і дзейнасьць КПБ-КПСС. Але дамы ў Драздах пуставалі нядоўга: Беларусь усталявала дыпляматычныя адносіны з рознымі краінамі, прыехалі паслы, і ім аддалі пад рэзыдэнцыі колішнія партыйныя асабнякі.

Між іншым, мне давялося быць удзельнікам аднаго забаўнага эпізоду, зьвязанага з гэтымі дачамі. Паслы часта запрашалі да сябе дзеячоў культуры, міністраў і дэпутатаў, у тым ліку і дэпутатаў Апазыцыі БНФ. Як правіла, з жонкамі. Асабліва часта нам даводзілася быць на абедах у францускага і італьянскага амбасадараў — Клёда Жаліфа і Джана-Люкі Бэртынэта.

Рэзыдэнцыя францускага амбасадара межавала з былой дачай першага сакратара ЦК (так званай «машэраўскай»). Шушкевіч займаць яе адмовіўся, а вось Лукашэнка засяліўся адразу. І аднойчы прэзыдэнт (тады яшчэ легітымны) папракнуў Клёда Жаліфа, што ён празьмерна давярае дэпутатам апазыцыі, занадта ўжо часта зь імі сустракаецца. Спробу амбасадара запярэчыць Лукашэнка спыніў словамі — «Ды я сам бачыў днямі ў вас Навумчыка з жонкай, у плоце ёсьць дзірка!».

Прэзыдэнт назірае ў дзірку за сям’ёй францускага пасла — моцны сюжэт для сатырыкаў узроўню Бэранжэ ці Альфонса Дадэ, альбо вострага пяра, не пабаюся гэтага імя, Бэгбэдэра.

Я ж сьціпла вярнуся да сюжэту палітычнага. Калі адносіны Захаду да палітыкі Лукашэнкі ў нейкі момант дасягнулі максымальнага (як тады здавалася) узроўню непрыманьня, ад паслоў запатрабавалі вызваліць рэзыдэнцыі ў Драздах. Нагоду падабралі тую самую, што і пры адмовах у канцэртных пляцоўках ідэалягічна сумнеўным рок-гуртам: рамонт, замена каналізацыі, электраправодкі і г.д. Дыпляматы тады, у 1998-м, на знак пратэсту пакінулі ня толькі Дразды, але і Беларусь.

Аляксандра Герасіменя атрымала ўчастак у Драздах не за адданасьць Лукашэнку, а за адданасьць спорту. Усе свае рэгаліі яна зарабіла сама. Дакладней сказаць — заваявала ў вельмі цяжкай барацьбе, трэба думаць, на мяжы і нават за мяжой фізычных і псыхічных магчымасьцяў. Яна неаднойчы нагадвала ўсяму сьвету, што існуе такая краіна — Беларусь. Гэта вельмі важна для дзяржавы, якая знаходзіцца пад пэрманэнтнай пагрозай страты незалежнасьці.

Герасіменя не прасіла зямлю ў нейкім асаблівым месцы: напісала заяву ў выканкам з просьбай аб выдзяленьні ўчастка ўвогуле. Рашэньне даць ёй месца ў Драздах было, безумоўна, прынятае на ўзроўні, вышэйшага за які ў Беларусі няма. Гэта быў знак асаблівай міласьці. Тое, што раней называлася — «царскі падарунак».

Ну, а на царскія міласьці трэба адказваць халопскай вернасьцю. Герасіменя і раней не выяўляла нейкай любові да Лукашэнкі — наадварот, некалькі гадоў таму яна выказалася за бел-чырвона-белы сьцяг. Але тады гэта можна было дараваць — маладая, бязь нейкага жыцьцёвага досьведу.

Аднак патрэбнага для камфортнага існаваньня ў Драздах жыцьцёвага досьведу знакамітая спартоўка так і не назапасіла.

У жніўні 2020-га яна ня толькі заявіла пратэст супраць фальсыфікацый і гвалту над мірнымі пратэстоўцамі, але сваім прыкладам, а далей і арганізацыйнай працай мабілізавала на мірны пратэст сотні і сотні спартоўцаў.

Спартоўцы, якіх Лукашэнка лічыў адданымі яму («Я же им всё дал!») — у выніку адвярнуліся ад яго. Ня ўсе. Але шмат хто. І многія зь іх, магчыма, толькі цяпер зразумелі, што «даў» ім не Лукашэнка (у самога Лукашэнкі заробку хопіць хіба што на кола ад ягонага «майбаху», даводзіцца пабірацца падарункамі ад «сяброў»). Даў — народ, празь дзяржаўны бюджэт.

Дэмарш Герасімені, канечне, ня мог застацца беспакараным. Калі б яна была на тэрыторыі Беларусі — яе б прынізілі, закінуўшы на 15 сутак, а потым яшчэ на 15 сутак на Акрэсьціна, у камэру, дзе няма цяпла, але шмат вошай. А потым прад’явілі б артыкулы КК, па якіх праходзяць арыштаваныя чальцы Каардынацыйнай рады.

Яна не ў Беларусі? Ну дык зробім так, каб і вяртацца не было куды.

Кажаце, дробная помста?

Ну дык і дробязі часам могуць быць прыемнымі.

Але намер пазбавіць Аляксандру Герасіменю зямельнага ўчастку — ня толькі помста, гэта яшчэ і папярэджаньне «сваім»: вось што здарыцца, калі раптам захочаце ўсумніцца ў трываласьці рэжыму. Для іх, «сваіх», «залатая рыбка», як з сымпатыяй называюць часам чэмпіёнку ў плаваньні Аляксандру Герасіменю, можа быць «першай ластаўкай». У нядобрым сэнсе.

Праўда, добрыя людзі кажуць, што ластаўкі набліжаюць вясну.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG