Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Герасіменя — Лукашэнку: «Беларускі народ вас ненавідзіць»


Аляксандра Герасіменя
Аляксандра Герасіменя

Кіраўніца Беларускага фонду спартовай салідарнасьці Аляксандра Герасіменя напісала Лукашэнку адкрыты ліст. У ім яна сьцьвярджае, што дэлегаты УНС не прадстаўляюць нават саміх сябе, а самога Лукашэнку беларусы ненавідзяць і мараць аб яго сыходзе.

Трохразовая прызэрка Алімпійскіх гульняў плыўчыха Аляксандра Герасіменя, якая ачольвае Беларускі фонд спартовай салідарнасьці, напісала адкрыты ліст да Аляксандра Лукашэнкі.

Яна адзначыла, што 9 лютага споўнілася паўгода з моманту прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, якія Лукашэнка прайграў, але «не знайшоў у сабе сілы і адвагі прызнаць паразу і сысьці з годнасьцю».

За гэтыя шэсьць месяцаў, па словах Герасімені, «беларусы прайшлі разгоны сьвятлашумавымі гранатамі, расстрэлы гумовымі і баявымі кулямі, катаваньні, бясьсьледныя зьнікненьні пратэстоўцаў, забойствы дэманстрантаў, «заезды сьмерці» па беларускіх дварах у выкананьні Баскава, Эйсмант і іншых падхалімаў».

«Апошнія паўгода наш беларускі народ адольвае свой маратон — маратон барацьбы з гвалтам, катаваньнямі, зьнявагай і сьмерцямі. І мне як ніколі балюча глядзець на тое, як за праявы грамадзянскай пазыцыі людзей пазбаўляюць права голасу, свабоды, а часам і жыцьця. Ва ўсяго гэтага агульнанацыянальнага кашмару ёсьць назва — гэта вы, Аляксандар Лукашэнка».

Чэмпіёнка падкрэсьліла, што, абараняючы трон і недатыкальнасьць, Лукашэнка ня грэбаваў нічым і ня мае ніякіх маральных прынцыпаў.

«Вы прыгнятаеце і зьнішчаеце свой народ, думаючы, што ён вас любіць. А ён вас ненавідзіць і просіць, каб вы хутчэй сышлі», — напісала Герасіменя ў лісьце.

Кіраўніца Фонду сказала, што Лукашэнка «ніколі не адказвае за свае словы і трымаецца за ўладу з усіх сіл, нягледзячы на рукі ўжо па локаць у крыві».

«Вы разбурылі практычна ўсе галіны ў краіне, ставячы на месца не прафэсіяналаў, а толькі тых, хто ўмее згаджацца, прыслужваць і выконваць вашы асабістыя загады. Аб якой будучыні могуць марыць беларусы, калі за два дзесяцігодзьдзі з краіны зьехалі сотні тысяч чалавек?»

Яна абвінаваціла Лукашэнку ў тым, што пасьля правальных выбараў ён не прызнаў паразы і стаў «крывавай ганьбай краіны». А «Ўсебеларускі народны сход» — чарговы прыклад цынічнага парушэньня правоў беларусаў і зьдзеку з волі народу.

«Пакуль па праспэктах, дварах і лесьвічных клетках бегаюць „ціхары“ без апазнавальных знакаў, вы, грамадзянін Лукашэнка, бессаромна хлусіце ў вочы людзям. Усё ў вашых лепшых традыцыях. Хто ўсе тыя людзі, якія апынуліся на сходзе? Закладнікі сыстэмы, начальства, сытуацыі, — яны нікога не прадстаўляюць, нават сябе, а вы хлусіце пра „дыялёг з народам“, як хлусілі заўсёды».

Герасіменя заявіла, што беларусаў не спалохалі «крымінальныя справы, шытыя чырвона-зялёнымі ніткамі сьледчых і пракурораў», і не запалохаюць болей ніколі.

«Вы сьцьвярджаеце, што пойдзеце да канца. Дык вось ведайце — мы таксама не з кардону зроблены, і таксама ўмеем ісьці да канца, што даказвалі, вырываючы ў наймацнейшых супернікаў перамогі для нашай краіны. Пераможам і ў гэты раз, таму што на нашым баку праўда і справядлівасьць. Я вельмі спадзяюся, што на сходзе, арганізаваным вамі пад пагрозамі звальненьняў і ціску, беларускі народ пачуе ад вас самыя доўгачаканыя для яго словы — „я сыходжу“. Гэта будзе найлепшае, што вы змаглі б зрабіць для Беларусі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG