Лінкі ўнівэрсальнага доступу

​​​​​​​«Гэта быў адзін з наймацнейшых удараў, калі мы пасьмелі „адкрыць рот“». Герасіменя пра Лукашэнку і «здраду» спартоўцаў


Аляксандра Герасіменя
Аляксандра Герасіменя

Старшыня Беларускага фонду спартовай салідарнасьці, алімпійская чэмпіёнка, плыўчыха Аляксандра Герасіменя — пра дзейнасьць фонду, дапамогу спартоўцам, жыцьцё без басэйну і магчымыя выступы беларускіх спартоўцаў на Алімпіядзе пад белым сьцягам.


Аляксандра Герасіменя, беларуская плыўчыха. Чэмпіёнка сьвету ў плаваньні 2011 году ў Шанхаі, чэмпіёнка і срэбраны прызэр чэмпіянату Эўропы 2010 году ў Будапэшце. Трохразовая чэмпіёнка Эўропы сярод юніёраў 2001 году. Рэкардсмэнка Эўропы сярод юніёраў. Майстар спорту міжнароднай клясы.

Сьцісла

  • Гэта быў адзін з наймацнейшых удараў па Лукашэнку, бо спартоўцы лічыліся людзьмі, якія цалкам падтрымліваюць рэжым, якія з усім згодныя і ўсім задаволеныя.
  • Спорт успрымаўся не як дасягненьні асобных спартоўцаў, а як дасягненьні аднаго чалавека. Калі ў цябе былі посьпехі, была магчымасьць атрымаць усё, што ты хочаш.
  • Спартоўцы — асаблівы тып людзей, якія цалкам канцэнтруюцца на працэсе падрыхтоўкі. Калі нават у думках глядзець у іншы бок, вынікі могуць вагацца. Таму раней стараліся трымацца максымальна нэўтральнай пазыцыі.
  • Большасьць падпісантаў праўладнага ліста кажуць: «Вы ж разумееце». Гэта самая папулярная фраза за апошнія некалькі месяцаў. Мы разумеем, але не прымаем.

Пра найлепшы падарунак на дзень нараджэньня

— Аляксандра, 31 сьнежня вам споўнілася 35 гадоў, і я бачыла сотні віншаваньняў у сацсетках. Якое віншаваньне ці падарунак найбольш кранула?

— Хачу падзякаваць за віншаваньні, якіх было вельмі шмат, у тым ліку і ад незнаёмых мне людзей. Тое, што адбываецца ў Беларусі з нашымі людзьмі, з нашай нацыяй, узаемадапамога, аб’яднаньне, — гэта для мяне найвялікшы падарунак за ўсё маё жыцьцё.

— Як зьмянілася ваша жыцьцё ад кастрычніка, калі вы пераехалі ў Вільню? Мы бачым актыўную дзейнасьць Беларускага фонду спартовай салідарнасьці. А што тычыцца вашага спартовага жыцьця, асабістага жыцьця, то што зьмянілася, чаго не хапае?

— Са мной мая дачка. Трэба і ёй удзяляць увагу. Вельмі не хапае фізычнай актыўнасьці, бракуе спорту, басэйну. Я разумею, што гэта часова. Тое, што мы робім, гэта больш важна цяпер. Думаю, што неўзабаве змагу вярнуцца да спартовых заняткаў. Цяпер у Вільні праз карантын зачыненыя ўсе басэйны і спартовыя цэнтры, але і часу няма на іх.

Пра паўстаньне спартоўцаў

— Многія назіральнікі кажуць, што адным з найбольшых удараў па Лукашэнку было так званае паўстаньне спартоўцаў. Бо тэатрам, літаратурай, навукай ён асабліва не цікавіцца, і нязгода прадстаўнікоў сфэры культуры і навукі для яго ня тое што чаканая, але ня надта балючая, бо гэта не ягоная сфэра інтарэсаў. Як вы думаеце, наколькі моцна яго закранула «здрада» спартоўцаў?

— Гэта быў адзін з наймацнейшых удараў, бо спартоўцы лічыліся тымі людзьмі, якія цалкам падтрымліваюць рэжым, якія з усім згодныя і ўсім задаволеныя. Насамрэч большасьць спартоўцаў былі задаволеныя сытуацыяй у краіне. Ёсьць заробак, магчымасьць выяжджаць, удзельнічаць у спаборніцтвах, у цэлым усё цудоўна. Напэўна, гэтым і вельмі важны быў пратэст, калі спартоўцы выказалі сваю грамадзянскую пазыцыю. Грамадзянінам краіны зьяўляецца кожны чалавек, незалежна ад прафэсіі. Цяпер мы адасобіліся ад таго, што мы спартоўцы і павінны маўчаць, як у нас ідэалёгія «вучыць». Мы цяпер ня проста спартоўцы, а мы людзі, якія выказваюць сваю грамадзянскую пазыцыю, якія ня згодныя з тым, што адбываецца. Напэўна, гэта найбольш уразіла, ударыла, што мы пасьмелі «адкрыць рот» і выказаць тое, што мы думаем.

Пра лісты — вольных спартоўцаў і праўладны

— Важная ня колькасьць, а якасьць, папраўдзе. Важна, хто падпісвае гэты ліст і як яго падпісвае. Наш ліст усе падпісваюць добраахвотна, самі просяць, пытаюцца, як падпісаць, калі ня могуць знайсьці. З таго боку мы бачым стандартную прымусовую сыстэму, часам з пагрозамі. Я ня буду абмяркоўваць якасьць таго ліста, але да жніўня спартоўцам жылося ў нашай краіне нядрэнна. У нас падтрымлівалі спорт. Спорт быў у пэўным сэнсе легітымізацыяй улады. Спорт успрымаўся не як дасягненьні асобных спартоўцаў, а як дасягненьні аднаго чалавека. Калі ў цябе былі посьпехі, была магчымасьць атрымаць усё, што ты хочаш. Натуральна, спартоўцы, якія падпісалі ліст вольных спартоўцаў, пачалі сутыкацца з рознымі праблемамі — пазбаўленьне стыпэндый, звальненьне з каманды.

— А як вы ставіцеся да падпісантаў праўладнага ліста спартоўцаў? Часам не падпісаць гэты ліст — таксама ўчынак.

— Мы разумеем, які ціск аказваюць на спартоўцаў. І тое, што людзі не падпісалі праўладны ліст, сьведчыць пра тое, што ёсьць дакладнае разуменьне сваёй пазыцыі. Мне складана асуджаць тых, хто падпісвае яго. У кожнага свая сытуацыя. Але кожны робіць свой выбар і вырашае, што для яго бліжэй, лепей, больш сумленна і праўдзіва. Мы бачым, як падпісваюць той ліст, мы бачым, хто ў ім. Мы разумеем некаторых людзей, чаму яны гэта робяць. Большасьць кажа: «Вы ж разумееце». Гэта самая папулярная фраза за апошнія некалькі месяцаў. Мы разумеем, але не прымаем.

Пра палітычную пазыцыю раней і цяпер

— Як вам здаецца, ці заўсёды спартоўцы мелі актыўную палітычную пазыцыю і выказвалі нязгоду з тым, што робіць улада? Ці большасьць людзей гэтага проста ня бачыла, ці сапраўды гэты рух грамадзянскага супраціву пачаўся толькі сёлета? Як гэта было ў вас?

Аляксандра Герасіменя
Аляксандра Герасіменя

— Спартоўцы і раней мелі пазыцыю, але адзін у полі ня воін. Я выказвала раней свае думкі, ідэі, трапляла за гэта ў чорны сьпіс, была не ў пашане некаторы час. Я разумела, што проста паўстаць і выказаць сваю пазыцыю — гэта ня вырашыць нічога. Пакуль цябе не падтрымае крытычная маса людзей, нічога ня зьменіцца.

Хачу зьвярнуць увагу на тое, што спартоўцы — асаблівы тып людзей, якія цалкам канцэнтруюцца на працэсе падрыхтоўкі і імкнуцца максымальна не адцягваць увагу на вонкавыя ўзьдзеяньні. Калі нават у думках глядзець у іншы бок, вынікі могуць вагацца. Усе імкнуліся проста абстрагавацца ад сытуацыі, якая была ў краіне, і засяродзіцца на падрыхтоўцы. Менавіта таму раней стараліся трымацца максымальна нэўтральнай пазыцыі і не выказваць свае думкі.

Аб працы Беларускага фонду спартовай салідарнасьці

— Меркаваная адмена правядзеньня чэмпіянату сьвету ў хакеі ў Беларусі, зварот аб пажыцьцёвай дыскваліфікацыі кіраўнікоў Беларускай фэдэрацыі футболу, санкцыі Міжнароднага алімпійскага камітэту супраць Лукашэнкі. Якія яшчэ дзеяньні ў плянах Беларускага фонду спартовай салідарнасьці?

— Мы працуем у шырокім спэктры. Для нас важная падтрымка саміх спартоўцаў і падрыхтоўка іх да Алімпійскіх гульняў і іншых міжнародных стартаў, каб яны маглі працягваць сваю спартовую карʼеру незалежна ад таго, што адбываецца. Цяпер мы будзем працаваць кропкава і па фэдэрацыях. І, вядома, гэта санкцыі супраць чыноўнікаў, якія не даюць беларускім спартоўцам займацца тым, чым яны павінны — сваім відам спорту.

Пра сьцяг на Алімпіядзе

— Якая альтэрнатыва для тых, хто ня трапіў у зборную за грамадзянскую пазыцыю? Выступ пад белым сьцягам?

— Пакуль рана гаварыць, пад якім сьцягам будуць выступаць. Да Алімпійскіх гульняў амаль паўгода. Усё можа памяняцца, але гэта сапраўды альтэрнатыва, каб спартовец мог сам выбіраць, пад якім сьцягам ён мог выступаць — пад чырвона-зялёным ці пад нэўтральным сьцягам Алімпійскага камітэту. Да таго часу можа і сьцяг зьмяніцца, так што загадваць ня варта. Гэта, папраўдзе, не такі прынцыповы момант. Важна, каб спартоўцы маглі падрыхтавацца, выступіць на спаборніцтвах і паказаць максымальны вынік.

Пра стаўленьне да Лукашэнкі

— Вы сустракаліся з Аляксандрам Лукашэнкам. Як мянялася вашае стаўленьне да яго? Ці мянялася?

Аляксандра Герасіменя. 2016 год. Алімпіяда ў Бразыліі.
Аляксандра Герасіменя. 2016 год. Алімпіяда ў Бразыліі.

— Падчас першай сустрэчы было прэстыжна і прыемна, што мяне адзначылі, запрасілі на мерапрыемства. Быў нават гонар, што першая асоба краіны прызнала мае заслугі. Шчыра кажучы, я імкнулася абстрагавацца ад асабістых ацэнак. Бо ёсьць у мяне такая здольнасьць — бачыць у чалавеку не найлепшыя якасьці. І тут можна актыўна выказваць пратэст ці не зьвяртаць увагу. Я прыняла другую пазыцыю. Я прымала ўзнагароды, якія мне ўручалі. За мае заслугі насамрэч, за тое, што я зрабіла. Гэта было абсалютна заслужана, без асабістых меркаваньняў. Па-дзелавому і па-працоўнаму. Усё астатняе мяне тады ня тычылася.

— Чаго б вы пажадалі беларускім спартоўцам у 2021 годзе?

— Спартоўцы, якія падпісвалі ліст вольных спартоўцаў, потым расказвалі, як яны сябе адчуваюць — свабодна і лёгка. І сумленьне чыстае. Я хачу пажадаць усім спартоўцам, незалежна ад таго, падпісвалі яны ліст ці не, каб ім было спакойна на душы, і сумленьне было чыстым, і каб можна было думаць пра спартовыя вынікі, а не пра тое, што адбываецца навокал.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG