Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі фонд спартовай салідарнасьці запусьціў кампанію выкараненьня шкодных звычак


Заняткі лёгкай атлетыкай, ілюстрацыйнае фота

Зборная «Здаровага ладу жыцьця» супраць тытуню і алькаголю заклікае займацца спортам і адмовіцца ад шкодных звычак.

Удзельнікамі кампаніі сталі алімпійскія прызэры Аляксандра Герасіменя (плаваньне), Андрэй Краўчанка (лёгкая атлетыка), Натальля Лешчык (мастацкая гімнастыка), чэмпіёны сьвету Віталь Гуркоў і Сяргей Скіба (тайскі бокс), прызэр чэмпіянатаў Эўропы Дзьмітры Шэршань (дзюдо) і Сьвятлана Кудзеліч (лёгкая атлетыка), рэкардсмэн Беларусі Павал Санковіч (плаваньне) ды многія іншыя.

«У 2020 годзе бюджэт Беларусі атрымаў больш за 1 млрд даляраў ад акцызаў на цыгарэты і алькаголь. Пры гэтым штогод у краіне ад хваробаў, зьвязаных з курэньнем, памірае больш за 15 тысяч чалавек, а алькаголь забірае жыцьці 20 тысяч беларусаў. Мы заклікаем адмовіцца ад шкодных звычак і далучыцца да нашай кампаніі», — адзначыла кіраўніца Беларускага фонду спартовай салідарнасьці Аляксандра Герасіменя.

Згодна са статыстыкай Сусьветнай арганізацыі здароўя, у Беларусі 48% мужчын і 12% жанчын кураць, а з алькаголем сытуацыя яшчэ горшая: амаль 65% мужчын і 41% жанчын пэрыядычна ўжываюць сьпіртное. Кожны год краіна траціць больш за 125 млн даляраў на лячэньне захворваньняў, зьвязаных з узьдзеяньнем тытунёвага дыму і злоўжываньнем алькаголем.

Пры гэтым, адзначаецца ў заяве БФСС, тытунёвыя кампаніі знаходзяцца ў эканамічна прывілеяваным становішчы: дзеля заводаў перакройваюць межы гарадоў, зьніжаюць падатковыя стаўкі, адмяняюць мыта, каб нарасьціць аб’ёмы вытворчасьці.

Праект будзе ўключаць відэатрэніроўкі і стрымы з удзелам уганараваных атлетаў; парады і кансультацыі ад лекараў; дваровыя турніры і нават зарадку.

Каб узяць удзел у кампаніі, дастаткова заявіць у сваіх сацыяльных сетках, што ты ў камандзе #СборнаяЗОЖ, падзяліцца сваімі вынікамі і адзначыць Фонд у сторыз. Колькасьць месцаў не абмежаваная.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG