Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады адмовілі заяўнікам сьвяткаваньня Дня Волі ў Менску

абноўлена

Сьвяткаваньне Дня Волі ў 2018 годзе ў Менску ля Опэрнага тэатру.
Сьвяткаваньне Дня Волі ў 2018 годзе ў Менску ля Опэрнага тэатру.

Менгарвыканкам адхіліў заяўку арганізатараў правядзеньня Дня Волі 25 сакавіка. Сярод прычынаў адмовы — арганізатары зарана расказалі пра маршрут калёны.

У адказе Менгарвыканкаму некалькі прычын адмовы. На думку чыноўнікаў, выбраны арганізатарамі маршрут не адпавядае патрабаваньням закону, піша tut.by. Хоць маршрут раней ужо выкарыстоўваўся на Дзень Волі: шэсьце ад скрыжаваньня праспэкту Незалежнасьці з вуліцай Янкі Купалы да плошчы Парыскай камуны, 1, мітынг на пляцоўцы перад Опэрным тэатрам.

Акрамя таго, гарадзкія ўлады спасылаюцца на тое, што ў арганізатараў ёсьць дамова толькі з «хуткай дапамогай», але няма дамовы зь міліцыяй і камунальнікамі, якія адмовіліся суправаджаць шэсьце.

Прычынамі адмовы міліцыянты ў адказе за подпісам начальніка ГУУС сталіцы Міхаіла Грыба пазначылі каранавірус, маршрут і заклікі розных тэлеграм-каналаў «да правядзеньня несанкцыянаваных акцый, у тым ліку экстрэмісцкага характару».

У Менгарвыканкаме таксама лічаць, што арганізатары парушылі закон, апавясьціўшы СМІ аб маршруце і даце акцыі да атрыманьня адказу ад выканкаму. Хаця дата сьвяткаваньня Дня Волі не пераходная, ён заўсёды адзначаецца 25 сакавіка.

На думку прадстаўніка руху «За свабоду» Юрася Губарэвіча, які быў адным з заяўнікаў акцыі, уладам для адмовы хапіла б і таго, што камунальнікі зь міліцыянтамі адмовіліся падпісваць пагадненьне з арганізатарамі. Аднак чыноўнікі вырашылі знайсьці яшчэ «кучу пацьверджаньняў» свайму рашэньню. Губарэвіч падкрэсьліў, што для правядзеньня розных дзяржаўных сьвятаў, і нават у закрытых памяшканьнях, каранавірус не зьяўляецца праблемай.

Таксама заяўнікі акцыі нідзе нідзе не агучвалі падрабязнасьцяў шэсьця. Адказ за подпісам намесьніка старшыні Менгарвыканкама, па словах Юрася Губарэвіча, выглядае як «бяздумнае капіяваньне іншых адказаў з адмовамі, нават бяз вычыткі зьместу».

«Пасьля адмовы міліцыі ахоўваць парадак на акцыі 25 сакавіка, рашэньне Менгарвыканкаму пра забарону акцыі было прадказальным. Але вельмі дзіўна, што гарадзкое начальства спасылаецца на рэкамэндацыі міністэрства аховы здароўя — менавіта са службамі аховы здароўя мы дамовы акурат заключылі, зь іх боку пярэчаньняў не было», — сказаў іншы заяўнік акцыі, старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

Ён адзначыў, што партыя БНФ ня згодная з забаронай акцыі, лічыць забарону беспадстаўнай і незаконнай. Заяўнікі накіруюць скаргі ў суды на незаконныя дзеяньні міліцыі і на самое рашэньне ўладаў забароніць акцыі.

Напярэдадні старшыня адной з партый-заяўніц, сацыял-дэмакрат Ігар Барысаў атрымаў 15 содняў арышту нібыта за супраціў міліцыянтам.

Старшыня КДБ Іван Тэртэль раней заяўляў, што спэцслужбам нібыта вядома пра «спробы дэстабілізацыі сытуацыі ў краіне» 25-27 сакавіка. У сваю чаргу намесьнік міністра ўнутраных спраў Мікалай Карпянкоў прыгразіў, што ўсялякія несанкцыянаваныя акцыі будуць жорстка спыняцца, як і падчас выбарнай кампаніі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG