Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інфармаваньне пад расьпіску і забарона адгулаў. Як у ВНУ і на прадпрыемствах рыхтуюцца да Дня Волі


Мітынг і канцэрт на 100 год БНР. Менск, Кіеўскі сквэр, 25 сакавіка 2018 году.
Мітынг і канцэрт на 100 год БНР. Менск, Кіеўскі сквэр, 25 сакавіка 2018 году.

25 сакавіка ў Беларусі адзначаецца Дзень Волі. Прадстаўнікі апазыцыі падалі менскім уладам заяўку на правядзеньне ў гэты дзень шэсьця, мітынгу і канцэрту.

Аднак ГУУС Менгарвыканкаму ўжо адмовілася заключаць дамову на правядзеньне акцыі. Адказ ад уладаў гораду яшчэ не прыйшоў, але можна меркаваць, што без дамовы зь міліцыяй ён будзе адмоўны.

Tut.by сабраў зьвесткі, як пра гэта папярэджваюць супрацоўнікаў і навучэнцаў дзяржаўных устаноў.

У ВНУ азнаямляюць з новым адміністратыўным кодэксам

У Беларускім дзяржаўным эканамічным унівэрсытэце 22 сакавіка на сайце зьявілася навіна «Аб нюансах абноўленага заканадаўства». У ёй гаворыцца, што ў Правілы ўнутранага навучальнага распарадку ВНУ ўнесьлі зьмены. У прыватнасьці, дадалі два пункты:

«4.1.11. [Падставамі для прыцягненьня студэнта да дысцыплінарнай адказнасьці зьяўляюцца невыкананьне абавязкаў у выглядзе наступных дзеяньняў:] арганізацыі і (або) правядзеньня не дазволенага, ва ўстаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, масавага мерапрыемства як на тэрыторыі навучальных карпусоў, інтэрнатаў, фізкультурна-аздараўленчага цэнтру, гандлёвага комплексу БДЭУ, так і на прылеглых да іх тэрыторыях;

4.1.12. карыстаньня сьцягамі, вымпеламі, не зарэгістраванымі ва ўстаноўленым парадку, а таксама эмблемамі, сымбалямі, плякатамі і транспарантамі як на тэрыторыі навучальных карпусоў, інтэрнатаў, фізкультурна-аздараўленчага цэнтру, гандлёвага комплексу БДЭУ, так і на прылеглых да іх тэрыторыях».

Таксама кіраўніцтва ўнівэрсытэту папярэдзіла студэнтаў пра адказнасьць за «ўдзел у забароненых акцыях», «непадпарадкаваньне міліцыі», «забароненую сымболіку».

Маці аднаго з навучэнцаў Менскага дзяржаўнага тэхналягічнага каледжу даслала фота паперы, якую раздаюць студэнтам. На аркушы раздрукаваны зьмест артыкула 24.23 новага КаАП (Парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў).

Навучэнцам прапануюць паставіць подпіс па сьпісе пасьля фразы «Мне растлумачаны і зразумелы зьмест артыкула 24.23 Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях».

Прадпрыемствы: адгул «за свой кошт» 25 сакавіка не даюць


Адзін з супрацоўнікаў РУП «БелНДПІэнэргапрам» паведаміў аб вусным распараджэньні для ўсіх кіраўнікоў і начальнікаў аддзелаў, што іх падначаленым забаронена даваць выходны за свой кошт на 25 сакавіка без мэдычнай даведкі.

Таксама чытачы паведамілі, што на «Нафтане» забаранілі браць адгулы на 22, 23, 24 і 25 сакавіка. На Менскім аўтамабільным заводзе некалькі работнікаў таксама кажуць, што адгул на 25 сакавіка не падпісваюць — ні за свой кошт, ні пры ўмове пераносу выходнага. На «БелАЗе» такая ж сытуацыя: у Менск нельга нават у камандзіроўку.

На «Атланце», як паведамляюць супрацоўнікі, на мінулым тыдні быў сход аддзелу, на якім абвясьцілі аб абмежаваньні адпачынкаў за свой кошт з 18 сакавіка па 2 красавіка.

У канцы мінулага тыдня да супрацоўнікаў «Гродна Азот» давялі інфармацыю, што з 24 па 26 сакавіка ніякія адгулы падпісвацца ня будуць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG