Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юрыст штабу Цапкалы патлумачыў, чаму ідзе на «круглы стол» Васкрасенскага


Аляксандар Лукашэнка 10 кастрычніка наведаў СІЗА КДБ, дзе сустрэўся з палітвязьнямі. Побач зь ім Юры Васкрасенскі.
Аляксандар Лукашэнка 10 кастрычніка наведаў СІЗА КДБ, дзе сустрэўся з палітвязьнямі. Побач зь ім Юры Васкрасенскі.

Сяргей Гасаян, юрыст выбарчага штабу Валера Цапкалы, патлумачыў Свабодзе, чаму зьбіраецца ўзяць удзел у «круглым стале», які арганізуе Юры Васкрасенскі 8 сьнежня, што ён хоча данесьці і як будзе адказваць на крытыку за ўдзел у імітацыі дыялёгу.

Глядзіце размову на відэа цалкам.

Прапануем фрагмэнты гутаркі.

Сьцісла

  • Калі я паведаміў Валеру Цапкалу пра такую прапанову, першая яго рэакцыя была — напэўна, ня варта.
  • Людзі за кратамі, супраць іх справы заведзеныя выключна празь іх палітычную пазыцыю, і слова «амністыя» тут непрымальнае.
  • Тэма наступнага «круглага стала» — абмежаваньне тэрмінаў знаходжаньня адной асобы на пасадзе прэзыдэнта краіны.
  • Я цудоўна ведаю стаўленьне Сьвятланы Ціханоўскай, Паўла Паўлавіча. Гэта ўзважаная, аргумэнтаваная, слушная пазыцыя.
  • Калі ёсьць хоць нейкая магчымасьць дыялёгу, лепей дрэнны мір, чым добрая вайна.
  • Папярэдне гэта мае адбыцца ў аўторак у былым штабе Бабарыкі. Вельмі сымбалічна.


«Я назіраў за ўсёй гісторыяй, і мяне ня ўразіў ні фармат дыялёгу, ні ўдзельнікі, ні пытаньні, якія там уздымаліся»

— Сяргей, абгрунтуйце ваша рашэньне. Ці ваша гэта асабістая ініцыятыва? Ці гэта рашэньне, узгодненае з былым прэтэндэнтам на кандыдацтва ў прэзыдэнты Валерам Цапкалам?

— Калі было заяўлена пра стварэньне гэтага «круглага стала», першая думка была, як у многіх маіх калегаў, што гэта структура, спэцыяльна зробленая для арганізацыі нейкага фэйкавага дыялёгу, каб потым улада сказала, што мы зрабілі вам пляцоўку, і вы, калі ласка, бярыце ўдзел. Прайшло амаль два месяцы пасьля скандальнага наведваньня КДБ спадаром Лукашэнкам, пасьля якога быў вызвалены Васкрасенскі нібыта як ініцыятар дыялёгу. Я назіраў за ўсёй гісторыяй, і мяне ня ўразіў ні сам фармат дыялёгу, ні ўдзельнікі, ні пытаньні, якія там уздымаліся.

Але ня так даўно паступіла настойлівая прапанова ўзяць удзел у гэтым дыялёгу. Некаторыя падрабязнасьці я хачу апусьціць. Гэта зрабілі структуры, якія ініцыявалі дыялёг, і прапанавалі: а чаму мне як дастаткова актыўнаму ўдзельніку перадвыбарчай кампаніі ня ўзяць удзел? Я задумаўся, параіўся з блізкімі мне людзьмі і падумаў: а чаму не? Калі цяпер даюць магчымасьць выказацца, хоць бы нават у такім фармаце данесьці да грамадзкасьці тую пазыцыю, якую мы займалі і займаем, то якая розьніца, хто і як арганізуе гэтую дыялёгавую пляцоўку?

«Найперш зацікаўленая ў такім фармаце дыялёгу выключна дзяржава»

— Вы казалі пра структуры, якія арганізоўваюць дыялёг. Якія гэта структуры?

Сяргей Гасаян
Сяргей Гасаян

— Гэта дзяржаўныя структуры. Найперш зацікаўленая ў такім фармаце дыялёгу, як я разумею, выключна дзяржава. Мае калегі, палітолягі, калі пачытаць СМІ, усе адмаўляюцца, кажуць, што гэта ня той фармат, які патрабуецца для абмеркаваньня надзённых праблемаў краіны. У многім я зь імі згодны... Але калі сёньня ёсьць магчымасьць данесьці да ведама насельніцтва важную інфармацыю, то я лічу, што гэта трэба зрабіць. Закрываюцца СМІ, вядомы інтэрнэт-канал пазбавілі статусу СМІ, плянуецца прыняць заканадаўчы акт, які абмяжуе атрыманьне інфармацыі праз Тэлеграм, адбываецца татальная цэнзура, арыштоўваюць журналістаў. Гэтага быць не павінна, і пра гэта трэба гаварыць.

Я паведаміў Валеру Цапкалу пра такую прапанову. Першая яго рэакцыя была — напэўна, ня варта. Потым мы параіліся, падумалі і вырашылі крыху зьмяніць фармат такіх адносінаў і найперш данесьці тое, што мы хочам сказаць, праз СМІ. Потым, калі раптам пакажуць прыгожую карцінку на дзяржаўных каналах, што прыходзяць людзі, якія супрацоўнічалі зь перадвыбарчымі штабамі патэнцыйных кандыдатаў, і цяпер яны вырашылі ўзяць удзел, кааліцыя распадаецца... Каб гэтага не адбылося, мы вырашылі спачатку паведаміць праз СМІ пазыцыю, якую займалі, займаем і будзем займаць. Я ня ведаю яшчэ фармат круглага стала. Калі нам дадуць сказаць усё тое, што мы хочам сказаць, будзе цудоўна, мы дзеля гэтага і ідзем. Калі не, то які гэта дыялёг?

«Спадзяюся, нам дадуць слова і мы выкладзем сваю пазыцыю»


— На мінулым «круглым стале» было чатыры чалавекі. Калі гэты адбудзецца, то хто будзе ўдзельнічаць, акрамя вас?

— Папярэдняе паседжаньне было прысьвечанае тэме палітзьняволеных, што іх неабходна вызваляць. Дзіўная тэма, бо гэта павінна быць зроблена ў любым выпадку, гэта павінна быць умовай дыялёгу. І не разумею, чаму гэта там павінна абмяркоўвацца. Як я ў СМІ пачытаў, рыхтуецца нейкая амністыя для ўдзельнікаў перадвыбарчай кампаніі. Чаму «круглы стол» ініцыюе гэта? Чаму размова ідзе пра амністыю? Амністыя можа тычыцца асобаў, якія зрабілі крымінальнае злачынства. А цяпер людзі за кратамі, супраць іх справы заведзеныя выключна празь іх палітычную пазыцыю. І слова «амністыя» тут непрымальнае. Размова павінна ісьці толькі пра вызваленьне. Тэма наступнага круглага стала крыху дзіўная таксама — абмежаваньне тэрмінаў знаходжаньня адной асобы на пасадзе прэзыдэнта краіны. Дзьве гадзіны абмяркоўваць гэта сэнсу вялікага няма. Павінна быць дакладная пазыцыя — ніводная асоба не павінна займаць больш як двойчы гэтую пасаду, і чатыры гады для аднаго тэрміну дастаткова. Спадзяюся, нам дадуць слова і мы выкладзем сваю пазыцыю.

«Калі ў далейшым нам будуць затыкаць рот, можна ўстаць, разьвярнуцца і сысьці»

— Вам вядома стаўленьне і Сьвятланы Ціханоўскай, і Паўла Латушкі, і сябраў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады да «круглага стала», які арганізуе чалавек зь вельмі спрэчнай рэпутацыяй, і тым ня менш вы пагадзіліся. Чаму? Як вы будзеце адказваць на крытыку, што вы бераце ўдзел у імітацыі дыялёгу?

— Я цудоўна ўсьведамляю, што гэта за «круглы стол», як ён быў арганізаваны і дзеля чаго гэта робіцца. Мы хочам данесьці дакладна сваю пазыцыю да грамадзкасьці, бо на ім будуць СМІ, якія будуць пісаць пра гэта. Я цудоўна ведаю стаўленьне Сьвятланы Ціханоўскай, Паўла Паўлавіча, я яго ведаю і разумею. Гэта ўзважаная, аргумэнтаваная, слушная пазыцыя. Але лепей зрабіць і потым не шкадаваць, што ты не скарыстаўся магчымасьцю выказацца пра сытуацыю ў краіне. Калі ў далейшым нам будуць затыкаць рот, можна ўстаць, разьвярнуцца і сысьці. Але на сёньня магчымасьць павінна быць. Што да крытыкі, то гэта нармальны дэмакратычны працэс. Тое, што чалавек зь неадназначнай біяграфіяй, палітычнай пазыцыяй арганізуе такі стол, то замест яго мог быць зусім іншы, менш вядомы, пастаўлены зь іншай структуры чалавек. Няважна, хто на чале. Калі ёсьць хоць нейкая магчымасьць дыялёгу, лепей дрэнны мір, чым добрая вайна.

— За 26 гадоў кіраваньня Лукашэнкі былі розныя спробы наладжваньня дыялёгу ўлады і апазыцыі. Ці можаце вы згадаць пасьпяховыя і выніковыя не для ўлады?

— Насамрэч як такога дыялёгу не існавала, самога дыялёгу ніколі асабліва і не было. Уласна, уладзе ён ня быў патрэбны. Сапраўднае абуджэньне грамадзянскай супольнасьці адбылося гэтым летам.

— Каму вы хацелі б вашу пазыцыю данесьці? З кім вы пойдзеце на дыялёг? Хто там павінен быць з тых, хто можа прымаць рашэньні?

— За 26 гадоў пабудаваная дастаткова эфэктыўная сыстэма кантролю, падаўленьня, кіраваньня, якая дзейнічае зьверху ўніз. Калі прыйдзе Лукашэнка — цудоўна. Калі не, то могуць быць чальцы кіраўніцтва краіны. Любы чыноўнік, які здольны прымаць рашэньні. Папярэдне гэта мае адбыцца ў аўторак у былым штабе Бабарыкі на вуліцы Веры Харужай. Вельмі сымбалічна. Васкрасенскі наняў гэтае памяшканьне для правядзеньня дыялёгу. Імёнаў удзельнікаў я ня ведаю.

«Працэс пераходу ўлады павінен быць цалкам мірны, і гэта працяглы працэс»


— Асноўныя патрабаваньні мірнага пратэсту — спыненьне гвалту, вызваленьне палітвязьняў, новыя выбары без Лукашэнкі. Якія вашыя тры асноўныя пазыцыі, зь якімі мае сэнс уступаць у дыялёг?

— Працэс пераходу ўлады павінен быць цалкам мірны, і гэта працяглы працэс. Першая пазыцыя — вызваленьне палітвязьняў і ўсіх зьняволеных, арыштаваных у апошнія паўгода. Другое — спыніць гвалт на вуліцах. Што тычыцца новых выбараў, тут ня так усё проста. Мы сфармулявалі тры першыя пункты, якія трэба зрабіць — зьмяніць склад ЦВК, новыя выбары, да якіх будуць дапушчаныя ўсе ахвотныя (выбары будуць праходзіць па дзейным заканадаўстве, неадназначным), і прыняцьце новага Канстытуцыйнага закону, які б вызначаў парадак пераходу ад дзейнай Канстытуцыі з жорсткім прэзыдэнцкім праўленьнем да прапанаванай намі парлямэнцкай рэспублікі, дзе роля прэзыдэнта будзе слабая. Гэта аднапалатны парлямэнт, урад, і кіраўніцтва будзе ажыцьцяўляць кіраўнік ураду, як гэта адбываецца ў Нямеччыне.

— Ці засталася ў Валера Цапкалы каманда ў Беларусі, зь якой ён ішоў на выбары? Чым цяпер займаецца Валер Цапкала?

— Адрозна ад іншых штабоў, больш людзей засталося ў Беларусі — кіраўнік штабу, прэсавы сакратар, юрыст, яшчэ шэраг людзей. Яны працягваюць жыць і працаваць, мы падтрымліваем кантакты з Валерам Цапкалам. Ён займаецца тым, чым павінен займацца палітык — фармаваньне, падтрымка ўласнай пазыцыі, кантакты і аб’яднаньне аднадумцаў. Цяпер, на жаль, Павал Латушка ў Польшчы. Сьвятлана Ціханоўская ў Вільні, Валер Цапкала ў Рызе. Няма адзінага цэнтру, які сапраўды б уплываў на сытуацыю. Ціханоўская робіць шмат, яна вельмі слушна заявіла, што здольная ў пераходны пэрыяд узначаліць краіну.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG