Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-палітвязень Васкрасенскі зарэгістраваў установу «Круглы стол дэмакратычных сіл» для арганізацыі перамоваў з уладамі


Аляксандар Лукашэнка 10 кастрычніка наведаў СІЗА КДБ, дзе сустрэўся з палітвязьнямі, сярод якіх быў Юры Васкрасенскі.
Аляксандар Лукашэнка 10 кастрычніка наведаў СІЗА КДБ, дзе сустрэўся з палітвязьнямі, сярод якіх быў Юры Васкрасенскі.

Гэтая ўстанова, паводле яго, будзе будзе «апэратарам нацыянальнага дыялёгу ад апазыцыі» з мэтай зьмяненьня Канстытуцыі.

Заява прагучала на запісе перадачы для тэлеканалу АНТ, які мае выйсьці ў эфір увечары 11 лістапада.

Паводле Васкрасенскага, гатоўнасьць да ўдзелу ў такім дыялёгу выказалі ў Каардынацыйнай радзе, адкуль нібыта яму выслалі 70 старонак сваіх прапановаў і зьменаў у дзейнае заканадаўства. Праўда, хто канкрэтна гэта зрабіў, ён не сказаў.

Пазыцыя Каардынацыйнай Рады

У прэсавай службы Каардынацыйнай рады заявілі з гэтай нагоды:

«Каардынацыйная рада не вядзе дыялёгу зь Юрыем Васкрасенскім і не накіроўвала ніякіх прапаноў для зьмяны заканадаўства».

Большая частка прэзыдыюму Каардынацыйнай рады знаходзіцца ў турме або ў вымушаным выгнаньні за мяжой.

Калі пачнецца такі дыялёг, таксама не было сказана.

Апрача Васкрасенскага, у запісе перадачы ўдзельнічалі старшыня ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч, старшыня БНФ Рыгор Кастусёў і праўладны палітоляг Аляксандар Шпакоўскі.

Пазыцыя Партыі БНФ

Рыгор Кастусёў паведаміў Свабодзе, што на запісе перадачы выказаў сваю пазыцыю:

перамовы з уладамі магчымыя пасьля выкананьня перадумоваў:

  • вызваленьне палітвязьняў,
  • расьсьледаваньне фактаў сьмерцяў і катаваньняў падчас разгонаў дэманстрацый пратэсту, згодна тых заяваў, якія паступілі ў Сьледчы камітэт,
  • спыненьне гвалту на вуліцах беларускіх гарадоў
  • і забесьпячэньне выкананьня дзейнай Канстытуцыі, у якой запісаныя правы грамадзян на свабоду слова, сходаў і дэманстрацый.

«Пазыцыя партыі такая: калі гэтыя перадумовы будуць выкананыя, то мы гатовыя далучыцца да перамоваў з уладамі», — сказаў Кастусёў.

Пра гатоўнасьць да перамоваў з Лукашэнкам таксама заявіў былы ўдзельнік выбарчай кампаніі Валер Цапкала, які знаходзіцца ў эміграцыі, але таксама з перадумовамі:

Хто такі Васкрасенскі

Юры Васкрасенскі — адзін з палітычных вязьняў, быў сябрам ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі. 11 кастрычніка яго перавялі пад хатні арышт, а 16 кастрычніка зьмянілі меру стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе.​

Таксама з СІЗА пад хатні арышт перавялі адваката Ільлю Салея, палітоляга Віталя Шклярава, які пазьней выезаў у ЗША.

Усе яны былі ўдзельнікамі сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у ізалятары 10 кастрычніка, пасьля чаго, паводле Юрыя Васкрасенскага, ён атрымаў заданьне падрыхтаваць сьпіс зьняволеных, якіх можна вызваліць.

У так званай «амэрыканцы» надалей застаюцца прэтэндэнт у прэзыдэнты Віктар Бабарыка і ягоны сын Эдуард, а таксама адвакат Максім Знак.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG