Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму першы «круглы стол» Васкрасенскага скончыўся правалам


Юры Васкрасенскі сядзіць побач з Лукашэнкам падчас сустрэчы з палітвязьнямі ў СІЗА КДБ, 10 кастрычніка 2020

Даўно абяцаны «круглы стол» імя Юрыя Васкрасенскага нарэшце адбыўся. Яго шырока рэклямавалі дзяржаўныя мэдыя, трактавалі як пачатак шырокага дыялёгу ў беларускім грамадзтве. Сам Юры шмат апавядаў, якую вялікую цікавасьць выклікае ягоная ідэя, казаў, што зь ім шмат хто зьвязваецца і хацеў бы паўдзельнічаць у гэтым гістарычным мерапрыемстве.

І вось яно нарэшце адбылося. Вынік, скажам вельмі мякка, аказаўся зусім не пераканаўчы. А калі больш дакладна, то проста кур’ёзны.

У гэтым «гістарычным» «круглым стале» ўдзельнічалі аж чатыры (!) чалавекі. Разам з самім Юрыем Васкрасенскім. Іншыя ўдзельнікі: былы старшыня назіральнай рады «Тэхнабанку» Ўладзіслаў Кацарэнка, старшыня Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў Віктар Чайчыц, былы ўдзельнік кампаніі Валера Цапкалы Мікалай Серыкаў.

Каго яны прадстаўлялі, незразумела. Гледзячы па ўсім, самі сябе. Віктар Чайчыц прадставіўся як прыхільнік Лукашэнкі. Але незразумела, ці ўпаўнаважылі яго выступаць ад імя ўлады.

Удзельнікі мерапрыемства казалі пра неабходнасьць шукаць згоду. Сам Юры Васкрасенскі наважыўся нават заклікаць да вызваленьня ўсіх палітвязьняў.

Галоўная выснова: можна канстатаваць грандыёзны правал праекту «круглага стала» імя Юрыя Васкрасенскага. Высьвятляецца, што кіроўны рэжым ня здольны нават на нейкую больш-менш уцямную імітацыю. У 9,5-мільённай краіне знайшлі толькі чатырох чалавек, якія адважыліся (ці іх вымусілі) паўдзельнічаць у гэтай ня вельмі чыстай справе.

Канечне, сабраць прыхільнікаў Лукашэнкі з БРСМ, ФПБ, «Белай Русі», саюзу жанчын і іншых праўладных арганізацый і абвясьціць гэта дыялёгавай пляцоўкай — не праблема. Але ж увесь фокус у тым, як прыцягнуць туды нейкіх фігур, якіх хоць з нацяжкай можна было б прыпісаць да другога боку беларускага канфлікту. А вось з гэтым якраз нічога не атрымліваецца. Што і засьведчыла сёньняшняе паседжаньне.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG