Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Натальля Качанава як жывы вобраз чалавека таталітарнай эпохі


Старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава. Архіўнае фота. 2019 год.

Сустрэча старшыні Савету Рэспублікі Натальлі Качанавай са студэнтамі факультэту журналістыкі БДУ дае вельмі цікавую інфармацыю пра ўяўленьні, лад мысьленьня людзей з блізкага атачэньня Аляксандра Лукашэнкі.

Студэнтка задае Натальлі Качанавай пытаньне: «Калі рэпрэсаваць журналістаў і затрымліваць іх, хто будзе асьвятляць усё, што адбываецца?». Тая дае шчыры і таму проста геніяльны адказ: «А навошта гэта асьвятляць?».

Лёгіка зразумелая. Навошта народу ведаць, што насамрэч адбываецца ў краіне?

Мэнтальнасьць і лад мысьленьня спадарыні Качанавай тлумачыць яшчэ адна яе рэпліка: «Нас так выхоўвалі ў Савецкім Саюзе, што мы былі настолькі адданыя сваёй краіне — пры якіх бы ўмовах ні жылі, — што я ніколі ў жыцьці б не сказала дрэнна пра сваю краіну». То бок пра краіну, яе ўладу трэба казаць толькі добрае, бо інакш гэта будзе амаль здрада. З гледзішча такой лёгікі апавядаць праўду, асьвятляць тое, што адбываецца, — гэта антыдзяржаўная дзейнасьць. Таму журналістаў незалежных мэдыя і садзяць у турму. Гэта проста клясыка таталітарнага мысьленьня.

Качанава працягвае: «Калі сродак масавай інфармацыі сёньня [нясе] ў сабе інфармацыю, якая будзе нацэленая на варожасьць, на разбурэньне... Я лічу, такія сродкі масавай інфармацыі не павінны быць у нас. А навошта? Для чаго? Разбурыць? Разьбіць?»

То бок праўда, ісьціна, дакладнасьць інфармацыі абсалютна ня важная. А важна, каб была «правільная» скіраванасьць. Трэба хваліць Лукашэнку. А калі крытыкуеш, то гэта на разбурэньне. Такія СМІ «не павінны быць у нас». Гэта проста скарбніца, жывы вобраз чалавека таталітарнай эпохі, без усялякіх прымешкаў.

Хіба варта толькі дадаць, што якраз дзяржаўныя мэдыя поўнасьцю скіраваныя сёньня на варажнечу, распальваньне сацыяльнай і палітычнай нянавісьці да ўсіх палітычных апанэнтаў, то бок супраць большасьці насельніцтва. Мова БТ сёньня — гэта мова грамадзянскай вайны.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG