Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што дазволена Качанавай, забаронена простым татам


Ілюстрацыйнае фота

Францускі філёзаф Мішэль Фуко сьцьвярджаў, што турмы і лякарні дужа падобныя адна да другой. Час ідзе, але зьмяняецца ня так і шмат: у беларускіх лякарнях мы па-ранейшаму часта адчуваем сябе бяспраўнымі і быццам бы зьняволенымі. У часы пандэміі каранавірусу сытуацыя толькі пагоршылася, і не заўжды новыя абмежаваньні выглядаюць лягічнымі.

Так, напрыклад, партнэрскія роды былі забаронены ў Беларусі яшчэ ў сакавіку, і гэтая забарона працягвае дзейнічаць дагэтуль. Афіцыйна выкарыстоўваецца тэрмін «абмежаваны», але на практыцы гэта значыць, што ніякіх партнэраў ці партнэрак разам з жанчынай у радзільню не дапускаюць. Нашая краіна ў гэтым не ўнікальная — з такім жа абмежаваньнем сутыкаліся жанчыны, напрыклад, у Латвіі і Расеі.

Лёгіка ўладаў такая: партнэркі і партнэры не здаюць мазок на каранавірус перад родамі, і гэта значыць, што яны могуць быць бессымптомнымі носьбітамі вірусу. Заражэньне можа адбыцца нават пры бессымптомным цячэньні, так што дзеля агульнай бясьпекі жанчыне лепш быць толькі з мэдпэрсаналам.

Праўда, не зусім зразумела, каго гэты падыход мусіць абараніць: мэдыкаў, якія павінны быць у сродках індывідуальнай аховы, жанчыну, якая і да радзільні кантактавала з чалавекам, які мусіў падтрымліваць яе ў родах, альбо немаўля, якое паедзе да гэтага ж чалавека пасьля выпіскі з радзільні?

Ініцыятыва «Радзіны» з гэтай нагоды стварыла пэтыцыю «За партнэрскія роды для жанчын у пэрыяд пандэміі COVID-19». Актывісткі спасылаліся на Сусьветную арганізацыю аховы здароўя, якая рэкамэндуе партнэрскія роды для ўсіх жанчын, і на навуковыя дасьледаваньні, якія паказваюць, што ў жанчын, якія маюць у родах падтрымку ня толькі з боку мэдычнага пэрсаналу, роды праходзяць хутчэй і зь меншымі ўскладненьнямі. Камітэт па ахове здароўя Менгарвыканкаму разглядзеў пэтыцыю і адказаў, што партнэрскія роды вернуць, як толькі палепшыцца эпідэміялягічная абстаноўка.

Дапусьцім, што лёгіка чыноўнікаў у часовай забароне партнэрскіх родаў правільная, і недапушчэньне да парадзіхі яе родных ідзе на карысьць ёй, дзіцяці і мэдыкам. Як тады патлумачыць, што трэцяга ліпеня старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава наведала РНПЦ «Маці і дзіця», дзе заходзіла ў палаты да жанчын, якія нядаўна нарадзілі?

У лякарнях, нагадаю, цяпер цалкам забаронены наведваньні, а ў радзільнях у нас жанчыны былі ізаляваныя ад сьвету і да пандэміі каранавірусу. Але што ж мы бачым? Як толькі гаворка пайшла не пра наведваньне роднымі, а пра візыт чыноўніцы высокага рангу, дык эпідэміялягічная абстаноўка рэзка палепшылася, мікробы «з вуліцы» перасталі быць страшнымі да немаўлят, а каранавірус увогуле зьнік, абы не замінаць жыцьцесьцьвярджальнаму сюжэту для дзяржаўнай прэсы.

Усё гэта і праўда да болю нагадвае турму — парадзіхі і іх немаўляты прымусова адарваныя ад сям’і, але ў адкрытым доступе для чынавенства, якое завітвае ў будынак, каб агледзець уласную маёмасьць і пераканацца, што пастаўленыя пляны выконваюцца добра.

«Калі сустракаесься ў палаце з гэтымі мілымі жанчынамі, бачыш іх малютак, сэрца яшчэ больш радуецца. І ганарысься, што ў нас сапраўды створаны ўсе ўмовы. Для нас важны і статус сям’і, статус маці. А цяпер у нас ёсьць і сьвята бацькі. Мы матывуем ня толькі жанчын, але і мужчын, каб гэта была паўнавартасная сям’я, дзеці расьлі і выхоўваліся і мамамі, і татамі», — сказала Натальля Качанава.

Толькі ў радзільню татам чамусьці нельга. Яны, у адрозьненьне ад Натальлі Качанавай, ствараюць небясьпеку для ўласных сем’яў.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG