Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сын да каранавірусу ставіўся легкадумна — пакуль сам не перахварэў», — заслужаны артыст Скарабагатаў пра COVID-19 у сям’і


Віктар Скарабагатаў на адкрыцьці выставы ў гонар Станіслава Манюшкі, 2019 год

«Тое, што пачалі прэсаваць апанэнтаў, паказвае на страх улады. Значыць, наверсе адчулі, што гэта рэальная канкурэнцыя». Заслужаны артыст Беларусі Віктар Скарабагатаў апавядае пра каранавірус ва ўласнай сям’і, выбары на фоне пандэміі, парушаныя творчыя пляны і досьвед экзамэнаў праз Skype.

Віктар Скарабагатаў — чалавек унікальных музычных здольнасьцяў і энцыкляпэдычных ведаў у сваёй галіне. Налета адзначыць 70-гадовы юбілей, але пра спакой толькі марыць: ні на дзень не спыняе канцэртную, дасьледніцкую, пэдагагічную дзейнасьць.

Радзівілы на паўзе: канцэрты і гастролі скасаваныя

Дзякуючы Скарабагатаву і ягоным калегам, якія працавалі ў архівах Варшавы, Кракава, Масквы, Лёндану, Бэрліну, Нью-Ёрку, у беларускую культуру вярнуліся такія кампазытары, як Ян Голянд, Антоні Радзівіл, Станіслаў Манюшка ды іншыя.

У рамках фэсту «Вечары Вялікага тэатру ў замку Радзівілаў»
У рамках фэсту «Вечары Вялікага тэатру ў замку Радзівілаў»

Ён аўтар больш як 200 навуковых артыкулаў і манаграфіяў, галоўны рэдактар дзясяткаў нотных зборнікаў. Адзін з заснавальнікаў фэстываляў, якія сталі знакавымі падзеямі: «Адраджэньне беларускай капэлі» (Менск), «Фэст старасьвецкай культуры» (Дудуткі), «Магутны Божа» (Магілёў), «Убельская ластаўка» (Ігумен-Чэрвень).

Пасьлядоўны нашчадак старэйшых калегаў Яраслава Вашчака, Уладзімера Машэнскага, Сямёна Штэйна. Адзін з найлепшых камэрных выканаўцаў, рэпэртуар якога складаюць пад 600 твораў айчыннай і ўсясьветнай клясыкі. А яшчэ пасьпяховы мэнэджэр: рэжысэр Вялікага тэатру опэры і балету, стваральнік і кіраўнік «Беларускай капэлі», прафэсар вакалу Беларускай акадэміі мастацтваў.

Заслужаны артыст Беларусі Віктар Скорабагатаў
Заслужаны артыст Беларусі Віктар Скорабагатаў

Праўда, сёлета градус актыўнасьці давялося істотна астудзіць. Віной таму — пандэмія.

«Вядома, шмат плянаў пайшло марна, — наракае артыст. — Штогод у чэрвені наш Вялікі тэатар ладзіць музычныя вечары ў Нясьвіскім замку Радзівілаў. Сёлета зь вядомых прычынаў давялося традыцыю парушыць. Шкада, вядома, бо «Беларуская капэля» падрыхтавала вельмі цікавую праграму. Ведаю, што некаторыя канцэрты пераносяць, але ж гэта шматдзённая імпрэза, якая патрабуе падрыхтоўчых высілкаў, таму сёлета проста скасавалі. Але што галасіць? Што ёсьць, тое і ёсьць…»

Канцэрт у касьцёле Сьвятога Роха. Менск, 5 студзеня 1995 году. Віктар Скарабагатаў (барытон), Ганна Каржанеўская (раяль, клявэсін):

У канцы красавіка «Беларуская капэла» плянавала паказаць адну з сваіх праграмаў у Вільні. Як кажа Віктар Іванавіч, арганізатары ўжо нават разьвесілі ў горадзе афішы. А ў выніку таксама давялося адмовіцца ад плянаў — межы на замку. Сам ён да навалы ставіцца з усёй сур’ёзнасьцю, пра «псыхоз» ня можа быць і гаворкі.

«А як іначай? Мы што, ня ведаем лічбаў? Я не пра нас, пра эўрапейскую, амэрыканскую статыстыку. У навінах «Эўраньюс» кожныя 15 хвілінаў расказваюць, дзе, што і ў якіх колькасьцях. Ці гэта дурня валяюць, што ня могуць сабрацца ні парлямэнты, ні кіраўнікі дзяржаваў? Скасавалі ўсё па ўсім сьвеце, уключна з музычнымі, тэатральнымі, кінафэстывалямі. Людзі рэальна баяцца. І беларусы таксама, хоць і спрабуюць задавацца. Не хацелі скасоўваць спэктаклі, але калі ў опэрны пачалі вяртаць па 300-400 квіткоў штодня, давялося. Калі няма гледачоў, перад кім выступаць?».

Фінал опэры Дж. Расіні «Сэвільскі цырульнік». Віктар Скарабагатаў — першы справа, 1979 год (Вялікі тэатар Беларусі)
Фінал опэры Дж. Расіні «Сэвільскі цырульнік». Віктар Скарабагатаў — першы справа, 1979 год (Вялікі тэатар Беларусі)

Новае ў прафэсіі: экзамэны вакалістаў праз скайп

Наклала пандэмія адбітак і на выкладчыцкую дзейнасьць: так, курсавыя іспыты давялося прымаць праз скайп. Такога ў ягонай 35-гадовай пэдагагічнай практыцы яшчэ не было. Пасьля сыходу больш чым 10 гадоў таму зь Беларускай акадэміі музыкі Віктар Скарабагатаў працуе на тэатральным факультэце Беларускай акадэміі мастацтваў, вучыць студэнтаў катэдры сцэнічнай мове і вакалу.

«Што зробіш? Час такі. Няма магчымасьці сустракацца непасрэдна. Якая звычайна адлегласьць паміж пэдагогам і студэнтам? Мэтар-паўтара. А калі адзін за адным ідуць… Хто ведае, чым абернецца. Натуральна, музычныя калектывы ў скайпе не зьбіраюцца, а індывідуальныя заняткі тэарэтычна і, як выявілася, практычна можна ладзіць. Вядома, узровень зусім ня той, які пажаданы пры натуральным гучаньні — што б ні казалі, кампутарны гук не зусім жывы. Але як ёсьць. Застаецца спадзявацца, што ў наступным навучальным годзе ўсё нармалізуецца».

Сьпявае Віктар Скарабагатаў. Словы і музыка Міколы Равенскага :

Творца кажа, што вымушаны максымальна засьцерагацца. Пры ягоным букеце хваробаў любы вірус небясьпечны, а «ўкаранаваны» — тым больш.

«Я добраахвотна самаізаляваны, без аніякага прымусу. Балазе, заняцца ёсьць чым — хутчэй, наадварот, часу ў соднях замала, столькі працы, а яшчэ больш плянаў. На вуліцы стараюся бываць мінімальна: маску і пальчаткі нацягнуў, у краму заскочыў — і хутчэй назад. У мяне такія хваробы, што лепш не рызыкаваць. Напрыклад, цукровы дыябэт. Пачытаў, што сумяшчэньне з каранавірусам дужа небясьпечнае. Ня дай божа падчапіць, і больш нікуды ня выйдзеш, ужо толькі панясуць», — знаходзіць нагоду пажартаваць суразмоўца.

Матэрыялы пра Станіслава Манюшку для «Музычнай гасьцёўні» ў Сьмілавічах
Матэрыялы пра Станіслава Манюшку для «Музычнай гасьцёўні» ў Сьмілавічах

Сям’ю Скарабагатавых каранавірус таксама не абмінуў. Больш за месяц з дыягназам COVID-19 правёў у хатняй ізаляцыі сын Іван. Не выходзіў нават у краму, прадукты дастаўлялі дадому. Пашчасьціла, што хвароба прайшла адносна лёгка, шпіталізацыя не спатрэбілася. Затое цалкам зьмяніў пачатковае стаўленьне да хваробы — ад зьдзекліва-іранічнага да разуменьня сур'ёзнасьці пагрозы. Дзе падчапіў? Бацька не выключае, што якраз падчас працы. Яна зьвязаная з наведваньнем мэдычных установаў.

«Адбыў дома, правяралі, каб куды не сышоў. І легкадумнае стаўленьне як рукой зьняло: цяпер у масцы, пальчатках, бутэлечка з антысэптыкам. Недзе дакрануўся — на далоні абавязкова папшыкае. Ён займаецца рамонтам дакладнага абсталяваньня ў паліклініках, лякарнях. Дарэчы, кажа, што сытуацыя непараўнальная з той, што была 1,5-2 месяцы таму. Вірусныя — праз адзін калідор, іншыя — праз другі. Наэшце разьвялі, каб не сядзелі, як раней, кучаю. Яшчэ і гэта было прычынай, каб дыстанцыявацца. А мне зусім нельга спадзявацца, што пройдзе лёгка. Вось і сяджу ў хаце».

Канцэрт «Беларускай капэлы» ў нясьвіскім Фарным касьцёле
Канцэрт «Беларускай капэлы» ў нясьвіскім Фарным касьцёле

«Аблавухі» талент: ад бардаўскіх песень да La Scala

Віктар Скарабагатаў нарадзіўся 15 лістапада 1951 году ў Менску. З словаў маці, радзільня была недалёка ад іхнага дому на вуліцы Стаханаўскай: прыбрала пакой, памыла посуд і «пайшла нараджаць». А калі хлопчыка першы раз прынесьлі карміць, замест замілаваньня пырснулі сьлёзы — гэтак уразіла аблавухасьць сына. Толькі бабуля суцяшала: ніводзін гук не прапусьціць, стане музыкам.

Гітарыст-самавучка ў выпускной клясе, 1968 год, Менск
Гітарыст-самавучка ў выпускной клясе, 1968 год, Менск

Іншае паданьне аб паходжаньні прозьвішча. 150 гадоў таму ягоны прапрадзед ува ўсіх дакумэнтах быў Пятром Мілавідавым. Але ў новым пасьведчаньні раптам стаў… Скарабагатавым. Так ахрысьцілі сябрукі пасьля таго, як ён выйграў у карты шынок. Зрэшты, пажыўное месца ва ўласнасьці пабыло нядоўга, хутка гэткім жа чынам прайграў. Але пасьпеў прыдбаць мянушку «скорага на багацьце». У статусе прозьвішча яна перайшла і да прапраўнука.

Віця выдатна вучыўся ў 22-й сталічнай школе і, як прадказвала бабуля, цягнуўся да музыкі. Першыя эмацыйныя ўражаньні зьвязаныя з клясыкай — тагачасная тэлевізія вяла багата трансьляцыяў канцэртаў і опэрных пастановак. А для штодзённага карыстаньня былі барды. Бацька набыў гітару, і неўзабаве над пасёлкам трактарнага заводу пачалі разносіцца песьні Высоцкага, Візбара, Кукіна, Крупа ды іншых модных выканаўцаў.

Апошнія акорды перад вакальнай спэцыялізацыяй
Апошнія акорды перад вакальнай спэцыялізацыяй

У 1968 годзе паступіў у Менскую музычную вучэльню імя Глінкі. І хоць меў толькі 16 гадоў, а на вакальнае аддзяленьне прымалі кандыдатаў не маладзейшых за 18, так уразіў камісію, што быў прыняты з 19 баламі з 20 магчымых. Вучэльня месьцілася ў будынку былога гарадзкога тэатру, навучэнец сьпяваў на сцэне, дзе ўпершыню ў 1852 годзе прагучала опэра на беларускай мове — «Сялянка» Станіслава Манюшкі і Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Тады ён пра гэта ня ведаў. Але амаль праз паўстагодзьдзя спрычыніўся да зьяўленьня помніка яе стваральнікам.

Ужо налета надышоў мабілізацыйны ўзрост, і яму прапанавалі папоўніць шэрагі прафэсійнага ансамблю «песьні і пляскі» савецкага Балтыйскага флёту. На вялікай сцэне «творчы матрос» дэбютаваў у Ленінградзе.

Матрос ансамблю песьні і танцаў Балтыйскага флёту
Матрос ансамблю песьні і танцаў Балтыйскага флёту

Пасьля дэмабілізацыі, маючы ўнікальны харавы досьвед, у ліпені 1972 году паступіў у Беларускую дзяржаўную кансэрваторыю.

«Сьпеўны апарат» вучня рабіўся элястычным і цягавітым. Для тых, хто ў тэме, удакладняе: дыяпазон голасу пашырыўся ад нізкага басовага «фа» да высокага тэнаравага «до». У 1977 годзе самародка запрасілі ў Опэрны тэатар, дзе ён у экстрэмальным рэжыме праслужыў да 2005-га: спэктаклі, канцэрты, гастролі, запісы ў радыёстудыі, выступы ў тэлебачаньні, здымкі ў кіно. Плюс узваліў на сябе пэдагагічную нагрузку, захапіўся дасьледніцкай, рэдактарскай і рэжысэрскай працай.

У статусе асноўнага саліста тэатру опэры і балету
У статусе асноўнага саліста тэатру опэры і балету

Ужо на трэці год у тэатры атрымаў статус асноўнага саліста, а ў 1979-м стаў ляўрэатам самага прэстыжнага ў СССР конкурсу вакалістаў — імя Глінкі. Неўзабаве прыйшло і міжнароднае прызнаньне: у 1980-м трапіў у лік дыплямантаў конкурсу вакалістаў у Парыжы. Пасьля гэтага атрымаў стыпэндыю UNESCO для стажаваньня ў мілянскім тэатры La Scala.

Аднаўленьне страчанага: місія «Беларускай капэлі»

У кастрычніку 1990 году Віктар Скарабагатаў апублікаваў у газэце «Літаратура і мастацтва» артыкул «Без падмурку ўзнавіць немагчыма». Там выклаў канцэпцыю калектыву «Беларуская капэля», зарыентаванага на ўзнаўленьне забытых пластоў прафэсійнай музычнай культуры. І ўжо ў чэрвені 1992-га Міністэрства культуры заснавала пры опэрным тэатры аднайменную творчую арганізацыю, аўтар ідэі стаў мастацкім кіраўніком.

Плён выдавецкай дзейнасьці «Беларускай капэлі»
Плён выдавецкай дзейнасьці «Беларускай капэлі»

Ён дагэтуль дастае з архіўнага пылу беларускую музычную спадчыну. Дзякуючы ягоным намаганьням зьявіліся на сьвет такія выданьні, як «Музыка старажытных сядзібаў», «Беларускі гістарычны нотазбор», «Мікола Равенскі. Збор твораў», «Зайгралі спадчынныя куранты», «Абышоўся бяз славы. Кампазытар Ян Тарасевіч», «Беларуская вакальная музыка часу барока», «Вакальная музыка часу клясыцызму».

Рэканструяваў опэры Яна Голанда «Агатка» і «Чужое багацьце нікому ня служыць». У супрацы з прафэсарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Ганнай Каржанеўскай падрыхтаваў цыкль канцэртных праграмаў «Анталёгія беларускай вакальнай музыкі XVI–XX стагодзьдзяў».

Тэлеінтэрвію побач зь бюстам Станіслава Манюшкі
Тэлеінтэрвію побач зь бюстам Станіслава Манюшкі

Летась Беларусь святкавала 200-годзьдзе з дня нараджэньня славутага кампазытара і дырыгента Станіслава Манюшкі. Віктар Скарабагатаў шмат гадоў вяртае беларусам ягоную спадчыну — і зь «Беларускай капэляй», і як дасьледнік. Удакладняе, што летась праз надзвычай шчыльны графік не пасьпелі рэалізаваць усе задумы, таму сёлета працу працягваюць.

«Зьвязваюся з калегамі праз інтэрнэт, абмяркоўваем выданьні. Так, выйшаў збор «Лібрэта опэраў Манюшкі» на беларускай мове. Тут і абедзьве «Галькі» (двух- і чатырохактавая), «Страшны двор», «Лятарэя», «Ідылія». Выдалі, як назваў сам Манюшка, «Песьні нашага касьцёлу» — арганныя, вакальныя творы ў перакладзе на беларускую мову. Цяпер рыхтуем два харавыя зборнікі. Некаторыя творы вядомыя і выконваюцца, але ёсьць і такія, што не гучалі. Калі працаваў арганістам у Вільні, яму не дазволілі выдаць. Тое стала магчыма, як стаў дырэктарам Варшаўскай опэры».

Выданьні з музычнай спадчынай Манюшкі
Выданьні з музычнай спадчынай Манюшкі

Віртуальныя выбары: альтэрнатыва пад прэсінгам

З улікам знаходжаньня ва ўразьлівай групе патэнцыйных ковіднікаў за апошнімі палітычнымі падзеямі Віктар Скарабагатаў гэтаксама сочыць у віртуальным фармаце. Перадвыбарную актыўнасьць беларусаў вітае.

«На жаль, пры маіх хваробах усякія кантакты небясьпечныя, таму лепей заставацца дома… Што да прэтэндэнтаў, практычна нікога зь іх ня ведаў. Але калі потым пачаў глядзець-чытаць — ну што ж, цікавыя асобы! Чаму не паспрабаваць? І дзякуй богу, што атрымліваецца сабраць вакол сябе столькі прыхільнікаў, у ранейшыя кампаніі такога не было. А тое, што некаторых пачалі прэвэнтыўна прэсаваць, паказвае толькі на страх улады. Значыць, наверсе адчулі, што гэта рэальная канкурэнцыя», — дапускае ён.

Помнік Станіславу Манюшку і Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу ў Менску, да зьяўленьня якога спрычыніўся Віктар Скарабагатаў
Помнік Станіславу Манюшку і Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу ў Менску, да зьяўленьня якога спрычыніўся Віктар Скарабагатаў

Што падштурхнула людзей выказваць салідарнасьць з апанэнтамі дзейнага кіраўніка дзяржавы, стоячы ў кілямэтровых чэргах, рызыкуючы быць затрыманьнымі? Калі выходзяць, значыць, ёсьць незадаволенасьць цяперашнім станам рэчаў, працягвае суразмоўца.

«30 гадоў таму ўжо было такое. Ну хто мог падумаць, што ў 1990-м выйдуць на вуліцу МАЗ, МТЗ, іншыя заводы? Дзясяткі тысяч рабочых рушылі на пляц перад Домам ураду. Іх жа ніхто ня гнаў у плечы, гэта ўлады давялі да ручкі. Так і сёньня. Нельга агулам сказаць, якія абставіны кіруюць кожным чалавекам. Тым ня менш яны вельмі падобныя. Бо гэта не адзінкі, а сотні, тысячы тых, хто мае патрэбу ў сыстэмных пераўтварэньнях. А мо і мільёны, проста з розных прычынаў ня ўсе могуць выказаць сваю пазыцыю, ня кожны мае такую адвагу».

Віктар Скарабагатаў
Віктар Скарабагатаў

Палітычныя рэжымы ў Беларусі і Расеі «удасканальваюцца», пазычаючы адзін у аднаго мэханізмы «прыватызацыі» ўлады. Ад 1 ліпеня «абнуляецца» Канстытуцыя пад расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна. Ці не пад гэтае ноў-хаў і ставарался так званая саюзная дзяржава?

«Мне здаецца, у Расеі ўсё ж рэалізуецца казахстанскі сцэнар, — лічыць Віктар Скарабагатаў. — Гэта калі для імітацыі дэмакратыі кіраўнікі мяняюцца пасадамі, падводзяць да таго, што тое ня іх асабістая прыхамаць, а пажаданьне народу і г.д. У нас спробаў саступіць месца, хоць бы часова, не было, тут крыху іншая схема. І прычына можа нават ня ў тым, каб учапіцца «пасінелымі пальцамі» за ўладу як зьяву, колькі магчымасьць штосьці зь яе мець — стабільна і рэгулярна».

Дзень адчыненых дзьвярэй у Вялікім тэатры Беларусі
Дзень адчыненых дзьвярэй у Вялікім тэатры Беларусі

Віктар Скарабагатаў — заслужаны артыст Беларусі, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі за ролю Беларэцкага ў опэры Солтана «Дзікае паляваньне караля Стаха». Дыплямант міжнародных, усесаюзных і рэспубліканскіх конкурсаў вакалістаў. За пастаноўку опэры «Фаўст» Антонія Радзівіла і выкананьне ролі Мэфістофэля ўганараваны спэцыяльнай прэміяй прэзыдэнта для дзеячоў культуры ў намінацыі «Музычнае мастацтва».

За амаль тры дзясяткі гадоў салістам беларускай опэры выканаў паўсотні опэрных і драматычных роляў. У рэпэртуары блізу 40 басовых партыяў кантатна-аратарыяльных жанраў. У фонд дзяржаўнага радыё запісаў паўтысячы твораў розных жанраў: опэра, апэрэта, араторыі, кантаты, рамансы.

Віктар Скарабагатаў ладзіць экскурсію на плошчы Свабоды ў рамках фэстывалю «Клясыка ля Ратушы»
Віктар Скарабагатаў ладзіць экскурсію на плошчы Свабоды ў рамках фэстывалю «Клясыка ля Ратушы»

Ягоных вучняў добра ведаюць ува ўсім сьвеце. Гэта выпускнікі Беларускай акадэміі музыкі Ірына Гардзей, Алена Золатава, Юры Гарадзецкі, Алена Сіняўская, Аляксей Мікуцель, Алена Таболіч, Маргарыта Александровіч і многія іншыя. Але ставіць вакал ня толькі калегам па цэху: магістратуру Беларускай акадэміі мастацтваў у Віктара Скарабагатава скончыў рок-выканаўца Пётра Ялфімаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG