Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Так хутка каранавірус ня скончыцца», — адзін зь лідэраў Akute пра самаізаляцыю па-магілёўску


«Людзі як могуць спрабуюць сябе засьцерагчы. Большая частка тых, каго сустракаю на вуліцы, у масках, пальчатках. Таму наконт „псыхозу“ ня згодны. Што відавочна, дык гэта адсутнасьць праўдзівай інфармацыі». Раман Жыгараў з гурту Akute — пра рэжым самаізаляцыі.

Камфортны рэжым самаізаляцыі

Апошнія пяць гадоў удзельнікі папулярнага гурту Akute жывуць на два гарады: у Магілёве — генэратары праекту Раман і Станіслаў, у Менску рытмічнае сэрцабіцьцё ўсяго калектыву падтрымлівае бубначка Вікторыя.

Каранавірусныя рэаліі так ці інакш паўплывалі на рэгулярнасьць стасункаў, але не настолькі, каб паставіць Akute на паўзу, кажа Свабодзе бас-гітарыст і адзін з заснавальнікаў гурту Раман Жыгараў.

«Жывём, як і раней, адзін да аднаго ня зьехаліся, — удакладняе ён. — Але ў гэтым няма ніякай праблемы. Па-першае, не такая вялікая адлегласьць паміж Менскам і Магілёвам, у любы момант можна сарвацца. Па-другое, зараз ня так шмат выступаў, ёсьць магчымасьць засяродзіцца на студыйнай працы. Асаблівых нязручнасьцяў для сябе праз каранавірус ня бачым, хіба што, паўтаруся, стала менш офлайн-выступаў».

Сябе Раман называе «адчайным дамаседам», а таму магчымасьцю лішні раз застацца ў хаце карыстаецца з задавальненьнем. Прызнаецца, што сям’і пакуль ня мае, але жыве зь дзяўчынай, ім разам «ціха, мірна, лагодна і прыемна». Канфліктны карантын — дакладна ня іхны выпадак.

«Неяк было, што я наогул цэлы год дома праседзеў, і нічога, усё о’кей, — сьмяецца суразмоўца. — Людзі розныя, камусьці пустэльніцтва не падабаецца, а мне якраз наадварот. Ніякага дыскамфорту, спакойна з гэтым спраўляюся. Тым больш што пачаў працаваць у ІТ-сфэры, новы для мяне выклік. Кожны дзень вывучаю штосьці па цяперашняй спэцыялізацыі, калі ня браць музычную. І ў гэтым сэнсе таксама выдатны час, каб нейкія гарызонты для сябе адкрыць дадаткова».

Пры гэтым гурт, як і раней, быў і застаецца на першым месцы, сьпяшаецца дадаць бас-гітарыст, аўтар тэкстаў і аранжыроўкі музыкі Akute. Усё астатняе — хобі, нават калі яно і прыносіць матэрыяльныя дывідэнды.

Akute паўсталі ў 2008 годзе ў Магілёве высілкамі былых удзельнікаў панк-гурту «Глюкі» — Рамана Жыгарава (бас-гітара) і Станіслава Мытніка (вакал, гітара). Назву прапанаваў Раман. Ягонымі словамі, нейкага сакральнага сэнсу ў ёй няма — па-нямецку гэта нешта накшталт «вострага пытаньня» ці «вострай хваробы».

Сымбіёз эўрасаўнду і беларускай мовы

Прызнаньне да новага праекту прыйшло хутка — сымбіёз эўрапейскага саўнду зь беларускай мовай выглядаў вельмі арганічна. Дарэчы, свой пазнавальны стыль музыкі вызначаюць як death-rock ці disco-decadance. А ў афармленьні назваў альбомаў карыстаюцца беларускай лацінкай.

Ужо праз год пасьля зьяўленьня на сцэне зь песьняй «Адзіноцтва» магілёўцы ўварваліся ў тройку лідэраў гіт-параду на Tuzin.fm. У 2010-м сталі пераможцамі легендарнага «Басовішча» ў Польшчы і «Вэрціфэсту» ва Ўкраіне. Ляўрэаты Graffiti Open Music Fest — 2010.

У наступныя гады свае амбіцыі толькі падмацоўвалі: «Рок-прарыў году» на «Рок-Каранацыі-2011», «Героі году» ў 2012-м па вэрсіі Tuzin.fm, «Гурт году-2012», прэміі «Даём рады», Ultra-Music Awards і Rock Profi.

У 2012-м гурт выступаў на разагрэве ў брытанскай каманды Placebo. Песьні Akute ўвайшлі ў саўндтрэк моладзевага фільму «Вышэй за неба» рэжысэра Дзьмітрыя Марыніна паводле сцэнару Андрэя Курэйчыка.

Akute падчас канцэрту да 5-годзьдзя крамы Symbal.by летам 2019 году
Akute падчас канцэрту да 5-годзьдзя крамы Symbal.by летам 2019 году

Трэцяя па ліку «кружэлка» «Reaĺnaść i sny» была прызнаная найлепшай у намінацыі «Альбом-2014» музычнай прэміі «Даём рады».

Тым ня меней у калектыве не было адчуваньня завершанасьці — ледзь не штогод зьмяняліся людзі за барабаннай устаноўкай. Пакуль пяць гадоў таму мужчынскі калектыў не разбавіла сабой Вікторыя «Vicky Fatez». І хоць жыве яна ў Менску, дыскамфорту з рэпэтыцыямі і канцэртнай дзейнасьцю не адчуваецца, салідарна запэўніваюць усе ўдзельнікі ансамбля.

Агулам на рахунку гурту пяць альбомаў:

  • «Dzievački i kosmas» (2011),
  • «Nie Isnuje» (2012),
  • «Reaĺnaść i sny» (2014),
  • «Płastyka»(2016),
  • «V» (2019).

Акурат цяпер ідзе праца над № 6, адхінае заслону таямніцы Раман Жыгараў. Першасны матэрыял фармуецца ў Магілёве, а дашліфоўваецца ў Менску.

«Са Стасем заселі за працу, рыхтуем шосты альбом — дзьве песьні студыйна ўжо запісаныя, — расказвае ён. — Мэханізм такі: спачатку перадпрадакшн дома, а потым даводзіцца да ладу ў Менску. Гэтым разам вырашылі паспрабаваць аўтсорс (калі частка функцый дэлегуецца падрадчыку, які спэцыялізуецца ў дадзенай сфэры. — РС). Папярэдні альбом рабілі самі, нам падабалася, што атрымлівалася. Аднак цяпер папрасілі дапамогі ў прафэсійнага гукарэжысэра».

Як выжыць у онлайн-прасторы

Нягледзячы на абнуленьне забаўляльнай галіны праз пандэмію, паміж студыйнай працай удзельнікам Akute удаецца сабрацца, каб адыграць віртуальны канцэрт. Гэта для гледачоў ён у рэжыме онлайн, а музыкам трэба ў любым выпадку сабрацца для запісу. У бліжэйшых плянах — выступ 27 траўня ў рамках вялікага праекту VELO_ve Music Fest. За пару выступаў адаптаваліся, зазначае Раман.

«Раней такая практыка не была настолькі масавай — аб’ектыўна кажучы, не было і патрэбы. А цяпер вымушаныя выходзіць онлайн: ня хочацца губляць слухача, гледача, бо толькі так і можна сустрэцца з прыхільнікамі. І як бы для нас ні было дзіўна, падаецца, спраўляемся даволі пасьпяхова: усе папярэднія канцэрты аказаліся клясныя. Прынамсі, нам самім спадабалася. Магчыма, не атрымліваеш энэргетычнага падсілкоўваньня ад залі (а я і так яго ня маю, толькі аддаю), але такі фармат...»

А ці адбіўся пераход у паралельную рэальнасьць на матэрыяльным дабрабыце? Калі раней гледачы плацілі за квіткі, то якім чынам разьмяркоўваюцца даходы цяпер, калі спынілі працу канцэртныя залі, начныя клюбы, забаўляльныя пляцоўкі?

«Ёсьць розныя праекты — ня толькі ж дабрачынныя, а і рэклямныя, — тлумачыць Раман Жыгараў. — Калі канцэрты арганізуюцца нейкім брэндам, то яны платныя. Ёсьць, натуральна, прома-выступы. У гэтым выпадку стаўка на тое, што будзе вялікая аўдыторыя — і для нас саміх выдатная магчымасьць паказацца на вочы, даць зразумець, што мы яшчэ дыхаем, значыць, жывыя. Тады ці зьмяншаем ганарар, ці ўвогуле можам зайграць, як дамовімся».

Дзяржаўная рыторыка пра каранавірус як «псыхоз» заўважна суцішылася. Праблема нарэшце прызнаная, пра што сьведчыць і ўнушальная статыстыка інфікаваных. Цікаўлюся ў Рамана, як навалу ўспрымаюць сябры, знаёмыя — з бравадай ці ўсё ж як пагрозу?

«Безумоўна, успрымаюць сур’ёзна, хоць з майго атачэньня ніхто не пацярпеў, — адзначае ён. — Асабіста я ніякага „псыхозу“ ня бачу. Людзі як могуць спрабуюць сябе абараніць. Не магу сказаць, што павальна, але, бадай, большая частка тых, каго я сустракаю на вуліцы, яны ў масках, нехта ў пальчатках. Таму наконт нейкага „штучнага псыхозу“ ня згодны. Што відавочна, дык гэта адсутнасьць праўдзівай інфармацыі, вось пра гэта казаць сапраўды можна. Былі б аб’ектыўныя зьвесткі, стала б зразумелая рэальная карціна. А так даводзіцца супастаўляць, дадумваць».

Магілёў з рокавым характарам

Магілёў яшчэ за савецкім часам стаў адным з цэнтраў, дзе віравала канцэртнае жыцьцё. Пунктам адліку — перабудовачны 1988 год, калі ўпершыню на тэрыторыі Беларусі грымнуў усімі акордамі ўсесаюзны рок-фэстываль «Дыялёг». Тая дзея мабілізавала тутэйшых нефармалаў: неўзабаве ў горадзе зьявіўся рок-клюб, у якім прапісаліся паўтара дзясятка камандаў. Быў і свой «друкаваны орган», самвыдатаўскі часопіс «Око-рок». Нарэшце, культавае месца збору — «Рок-кавярня».

Ад таго часу зьмянілася некалькі пакаленьняў рокераў, сёньня іх справу працягвае новая генэрацыя. Проста цяпер — гэта Akute і Nizkiz, крыху раней — «Таварыш Маўзэр», «Хуткі смоўж» ды іншыя.

«Вялікая тусоўка сфармавалася пры канцы 1980-х — проста ў нейкі час актыўнасьць заціхае, потым зноў усё буяе, — робіць экскурс Раман. — Немагчыма, каб нешта скончылася. Камусьці можа падацца, што сёньня магілёўскі бум. Не, магілёўцы заўсёды прысутнічалі на сцэне, больш ці менш выразна. Хтосьці згадае Яна Маўзэра ці Кацю Іванчыкаву з Iowa. Некаму даспадобы этна-праект Osimira. А яшчэ мэтал-гурты — Thrasher, Katharsis. Дзясяткі камандаў пакінулі адметны сьлед на музычнай мапе».

Раман Жыгараў перакананы: ягоныя землякі ў гэтым спаборніцтве даўно паклалі на лапаткі нават сталічных канкурэнтаў, якія і самі ня супраць падсілкавацца ад «творчых мігрантаў».

«Шчыра кажучы, сапраўдных сталічных самародкаў я ў сваім жыцьці бачыў вельмі мала. Усе, хто нечага варты, з катэгорыі „панаехалі“ — паверце, такіх больш за 90%. Карэнных менчукоў, якія нечага дасягнулі, ведаю чалавекі тры-чатыры, астатнія — „ліміта“. Здольнасьці не залежаць ад месца нараджэньня, таму Менск апрыёры ня можа быць пунктам адліку. Талент — ён і ёсьць талент. Незалежна ад таго, дзе зьявіўся — у сталіцы ўсяго сьвету, умоўным Нью-Ёрку, ці ў Клімавічах», — перакананы басіст.

Недасяжны сэртыфікат творчага работніка

Некалькі гадоў таму ў біяграфіі Рамана здарыўся цікавы казус, які дэманструе рэальнае стаўленьне дзяржавы да ўсяго, што па-за легалізаванай тэлевізійнай папсой. Па сутнасьці, мала што зьмянілася ад савецкіх часоў, калі ўсе нефармалы апрыёры лічыліся шкоднай зьявай.

Каб ня трапіць у шэрагі «дармаедаў» і не плаціць неадэкватны падатак, ён паспрабаваў атрымаць сэртыфікат творчага працаўніка. Такая «корачка» дазваляе музыкам, мастакам займацца толькі творчасьцю і не лічыцца пры гэтым «нахлебнікамі на шыі дзяржавы».

Дакумэнт выдаецца на пяць гадоў рашэньнем экспэртнай камісіі пры Міністэрстве культуры. Жыгараву яго не далі. Як патлумачыў сябра камісіі, кампазытар Эдуард Зарыцкі, прэтэндэнт «ня меў прафэсійных навыкаў», а ў прадстаўленых ім нотных матэрыялах «усё ў стане трызьненьня». Больш спакушаць лёс Раман не захацеў. Чаму?

«Па-першае, музычная адукацыя ў мяне ёсьць, так што з нотнай граматай як мінімум усё о’кей. Па-другое, яны мне апрыёры не хацелі нічога даваць, сытуацыя была відавочная адпачатку. Таму намагацца некага ў нечым пераканаць — абсалютна пусты занятак. Але гэта ўжо даўно мінулыя праблемы, той досьвед „сэртыфікацыі“ нават ня ўзгадваю», — кажа ўдзельнік гурту Akute, у актыве якога цэлы россып нацыянальных і міжнародных узнагародаў.

Пад злосным ценем каранавірусу

Пры канцы цікаўлюся ў суразмоўцы, ці шмат плянаў парушылася ў гурту праз каранавірусны форс-мажор?

«На шчасьце, няшмат, збольшага яны былі ў даволі раньняй вэрсіі. Заплянавалі, калі не памыляюся, два жывыя канцэрты — гэта, як кажуць, стопудовыя выступы. Астатнія толькі ў стане абмеркаваньня. Але і тыя два выступы наўрад ці можна назваць абломам, бо гэта здарылася не за дзень ці два да меркаванай даты, а на стадыі ідэі. Таму нас неяк абмінула. Ведаю, што гурты, выканаўцы, якім каранавірус сапраўды перайшоў дарогу, пераносяць канцэрты на восень».

Зрэшты, сам Раман ня вельмі цешыцца ілюзіямі, што сёлетняя восень стане пачаткам вяртаньня да звыклага жыцьця, у тым ліку ў музычна-забаўляльнай галіне.

«Думаю, так хутка ўсё ня скончыцца. Нават калі ў агляднай будучыні пандэмія суцішыцца і людзі павысыпаюць на вуліцы, пачнуць меней засьцерагацца, усё зноў вернецца. За сярэдзіну-канец лета расслабяцца, да паловы восені рызыкуем атрымаць чарговую ўспышку. Зноў пачнуць разьбягацца па хатах, надзяваць маскі, — крыху суцішыцца. Затым чарговая хваля — мяркую, у лютым-сакавіку наступнага году. І вось такія арэлі гады на два, ня меней. Пакуль імунітэт ня выпрацуецца ці ня зьявіцца вакцына. Як разумею, працэс складаны, працяглы і дарагі».

І ўсё ж удзельнікі Akute спадзяюцца, што ўжо сёлета ўдасца вярнуцца ў музычную абойму, выйсьці з рэжыму онлайн і ўжывую сустрэцца са сваімі прыхільнікамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG