Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Цяпер ясьней разумееш, чаго не дарабіў». Рок-паэт Фэлікс Аксёнцаў пра канадзкае жыцьцё падчас каранавірусу


Фэлікс Аксёнцаў
Фэлікс Аксёнцаў

Размова пра жыцьцё і сьмерць падчас пандэміі з Фэліксам Аксёнцавым з Ванкувэру ў Канадзе, паэтам, айцішнікам, эмігрантам, колішнім удзельнікам гурту «Ўліс».

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

— Фэлікс, пачнем з асноўнага пытаньня — цябе і тваю сям’ю новы каранавірус абмінуў ці не?

— Пакуль, на шчасьце, абмінуў. Ніхто ня хворы. Дарэчы, тут, дзе мы жывем — у правінцыі Брытанская Калюмбія — пандэмія не такая моцная і актыўная, як у астатняй частцы Канады. Тут крыху пашанцавала. Мы ведаем людзей, якія захварэлі, але гэта ня нашыя знаёмыя, а знаёмыя нашых знаёмых.

— А з тваіх суседзяў ніхто не захварэў?

— Ня ведаю, пакуль ня бачу. Добра, што мы жывем ва ўласнай хаце ў прыгарадзе — суседзкія хаты стаяць побач, але на пэўнай адлегласьці адна ад адной, і шчыльнасьць насельніцтва тут не такая, як у горадзе.

— У якім сэнсе пашанцавала вашай правінцыі, Брытанскай Калюмбіі? Я перад нашай размовай глянуў на канадзкую статыстыку — 60 тысяч заражаных каранавірусам, 4 тысячы сьмерцяў. Гэта трывожныя лічбы, калі параўноўваць, напрыклад, з афіцыйнай беларускай статыстыкай…

— Так здарылася. Тут адбылося супадзеньне аб’ектыўных і суб’ектыўных фактараў. У нас, здаецца, 2 тысячы хворых і 100 сьмяротных ахвяраў. Калі ўсё гэтае пачыналася, мы баяліся, што ў нас будзе болей інфікаваных. Таму што Ванкувэр — вялікі горад, 3 мільёны жыхароў, і ў нас шмат людзей з Кітаю ці Ірану, то бок з тых краінаў, якія першыя прайшлі праз гэтую хвалю…

— Ты ж напэўна зарыентаваны, што ў Беларусі шмат хто глядзіць на афіцыйную каранавірусную статыстыку са скептыцызмам, калі казаць мякка. А як з гэтым у Канадзе — людзі давяраюць тым лічбам, якія падае ўрад?

— Я думаю, што людзі тут на 90 адсоткаў давяраюць гэтай статыстыцы. Адзіная засьцярога, што статыстыка можа быць не зусім дакладная, вынікае з таго, што не хапае тэстаў. І таму гэтая колькасьць заражаных — недакладная. На самай справе — яна большая. Але гэта не таму, што нехта хоча схаваць сапраўдную інфармацыю або наўмысна заніжае статыстыку, а проста празь недахоп тэстаў на каранавірус, калі ў першую чаргу тэстуюцца людзі, якія працуюць з хворымі, або людзі ў дамах апекі для састарэлых.

— Ці канадзкі ўрад увёў або рэкамэндаваў абмежаваньні ў грамадзкім жыцьці на час пандэміі? Самаізаляцыю, сацыяльнае дыстанцыяваньне і таму падобнае?

— Канешне. Але гэтыя абмежаваньні розныя ў розных правінцыях, таму што большасьць такіх рэчаў паводле закону належыць да юрысдыкцыі правінцыі, а не фэдэральнага ўраду. Ёсьць рэчы цалкам прымусовыя і ёсьць рэкамэндацыі.

Напрыклад, закрылі мяжу для прыватных падарожжаў са Злучанымі Штатамі, чаго не было ўжо, можа, сто гадоў ці нават больш. Яе могуць перасякаць толькі тыя, для каго паездка крытычна неабходная — такую паездку тут называюць essential travel — то бок, калі ты зможаш даказаць памежнай службе, што табе нельга тваю паездку адкласьці. Ну і для гандлёвых зносін мяжа адкрытая.

Па-другое, калі нехта вяртаецца з-за мяжы, ён павінен два тыдні правесьці ў самаізаляцыі, на такім хатнім карантыне. Калі ты прылятаеш у аэрапорт, ты павінен прадэманстраваць уладам, што ў цябе ёсьць магчымасьць пражыць два тыдні ў самаізаляцыі.

Таксама няма ніякіх канцэртаў, таму што, у залежнасьці ад правінцыі, нельга зьбірацца ў большых групах, чым 25–50 чалавек. Усе масавыя мерапрыемствы, уключна з матчамі Нацыянальнай хакейнай лігі, спыніліся.

Зачыніліся рэстараны — не таму, што іх зачынілі прымусова, а проста таму, што ў іх няма магчымасьці даць кожнаму наведніку два мэтры адлегласьці ад іншага наведніка. Большасьць рэстаранаў працуе «на вынас».

— А школы?

— Зачыненыя, і ўсюды ўведзенае дыстанцыйнае навучаньне. Таксама са студэнтамі. Вось я працую як айцішнік у каледжы і меў шмат працы з тым, як хутка перавесьці ўсіх нашых студэнтаў на дыстанцыйнае навучаньне.

— Калі людзі выходзяць на вуліцу, то яны надзяваюць маскі?

— Вось гэта цікава. Загаду насіць маскі як такога няма. Некаторыя носяць, а некаторыя не. Тут я нязгодны з фэдэральным урадам. Яны доўгі час казалі, што гэтыя маскі не дапамагаюць, бо памер вірусаў такі, што маскі перад імі не абароняць, і таму яны ня маюць сэнсу. Не было такой рэкамэндацыі, каб маскі насіць. Я думаю, што ў іх проста не было масак. Але гэта адзіны выпадак, калі на фэдэральным узроўні я пачуў нейкую няшчырасьць ад уладаў.

Тут на правінцыйным узроўні нам пашчасьціла. Таму што галоўны лекар правінцыі — не чыноўнік, а лекарка-вірусоляг, якая мае багаты досьвед барацьбы зь небясьпечнымі эпідэміямі такіх хваробаў, як Эбола і SARS, у розных краінах. І яна, як толькі ўсё пачалося ў Эўропе, ведала, што рабіць і якія рэкамэндацыі даваць.

Пашчасьціла нам яшчэ і таму, што ў нас не было ніводнага такога масавага мерапрыемства, на якім каранавірусам заразілася б вялікая колькасьць людзей, як гэта здаралася шмат дзе ў Эўропе. Таксама школьныя вакацыі ў нашай правінцыі былі пазьней, чым, напрыклад, у Квэбэку. Людзі зь дзецьмі з Квэбэку паехалі на вакацыі ў Эўропу, пакуль яшчэ ня ведаючы пра маштаб каранавіруснай небясьпекі, — у Італію, Францыю і Гішпанію — і вярнуліся адтуль з каранавірусам. А ў нас вакацыі былі на два тыдні пазьней, і людзі ўжо ведалі, што ў Эўропу нельга ехаць.

— Цяпер ты працуеш з дому. Параўноўваючы з часам да эпідэміі, калі ты езьдзіў на працу, то працы ў цябе паменшала ці пабольшала?

— Працы пабольшала. Я жыву ў прыгарадзе, і мне трэба 90 хвілін, каб дабрацца да працы ў Ванкувэры. Таму ў мяне ёсьць цяпер тры гадзіны, якіх не было раней. І гэтыя тры гадзіны пераважна занятыя той самай працай. Але я не наракаю. Таму што ўсьведамляю сабе, што ў сувязі з пандэміяй грошай ва ўнівэрсытэтах можа не хапіць — шмат замежных студэнтаў цяпер ня можа прыехаць на навучаньне, і ўнівэрсытэцкія бюджэты паменшалі.

З аднаго боку, вельмі цяжка працаваць дзевяць ці дзесяць гадзін на дзень, але з другога — нават гэтая праца можа скончыцца, і ты станеш беспрацоўным, атрымаеш дапамогу па беспрацоўі, і ўсё. Беспрацоўе ў Канадзе цяпер вельмі вялікае.

— А твая зарплата падчас пандэміі, калі ты стаў працаваць больш, нейкім чынам зьмянілася ці засталася на папярэднім узроўні?

— Яна засталася на папярэднім узроўні. Я да гэтага стаўлюся так: я шчасьлівы, што праца ў мяне наагул ёсьць. У жонкі таксама ёсьць праца, яна таксама працуе дыстанцыйна. Мы цяпер спрабуем ня траціць грошай, абмяжоўваем сябе ў выдатках і адкладаем грошы, бо ведаем, што могуць надысьці значна цяжэйшыя часы.

— Цяпер вы з жонкай увесь час дома. Прабач, Фэлікс, задам асабістае пытаньне: гэткая сытуацыя не выклікае нейкіх дадатковых сварак ці непаразуменьняў паміж вамі, якіх можна было б пазьбегчы, калі б вы працавалі асобна? Ці вы, можа, наагул жывяце бяз сварак?

— Не, цяпер ня сварымся часьцей. Сваркі ў нас здараюцца вельмі рэдка. Мы ўжо разам 35 гадоў і жывем даволі згодна. Таму, па-першае, тут такая шчасьлівая камбінацыя. Па-другое, калі мы працуем з хаты, у нас ёсьць два працоўныя кабінэты, у кожнага свой.

— Ці баісься ты заражэньня каранавірусам, калі выходзіш на двор і сутыкаесься зь людзьмі? У вас ёсьць, напрыклад, сабака, якога трэба выгульваць?

— Так, сабака ў нас ёсьць, і мы, вядома ж, прагульваемся зь ім на двары. Тут ёсьць дзе пашпацыраваць, бо гэта прыгарад, і тут вялікія паркі ў ваколіцы. Тут не зашмат людзей, так што вялікага страху няма. Раз на тыдзень жонка езьдзіць на закупы ў супэрмаркет, раз на два тыдні яна таксама езьдзіць у офіс у горадзе. Скажам так: я не адчуваю нейкага такога жаху ці панікі, што магу заразіцца, але я — чалавек асьцярожны. Таму што я ведаю ня толькі па статыстыцы, але і паводле таго, што расказваюць людзі ў Амэрыцы, што гэты вірус — паганы, і імавернасьць памерці ад яго — даволі вялікая. Вялікага страху няма, але я, наколькі магу, паводжу сябе асьцярожна…

— Гіпатэтычнае пытаньне: калі б давялося памерці цяпер, шмат што ў тваім жыцьці засталося б незавершаным?

— На жаль, так. І гэта, насамрэч, адзін з рухавікоў творчасьці. Цяпер я працую над наступнай кнігай вершаў — там будуць пераважна расейскія вершы, але знойдуцца таксама беларускія, і нават нешта па-ангельску. Кніга будзе называцца «Междуречье». Мне хацелася б гэтую кнігу скончыць, хаця б давесьці яе да стадыі закончанага рукапісу…

Цяпер, падчас пандэміі, ясьней разумееш, чаго не дарабіў, чаго ня няскончыў. І гэта бянтэжыць больш, чым сам страх сьмерці.

— Чаго табе ў цяперашняй самаізаляцыі наймацней не хапае, калі параўноўваць з часам да пандэміі, з часам нармальнасьці?

— Не хапае канцэртаў. Адзін з такіх добрых бакоў жыцьця ў Канадзе для мяне — магчымасьць пабачыць і пачуць усіх тых, хто быў маімі героямі ў юнацтве. Цяпер гэта немагчыма, усё спыненае. Маю квіткі на канцэрт Rolling Stones, але канцэрту ня будзе.

Другое. Тут у Ванкувэры неверагодная прырода. Але цяпер большасьць тутэйшых паркаў зачыненая. І цяпер немагчыма правесьці час на прыродзе ў шмат якіх любімых месцах.

— Будзем паволі закругляцца. Таму давай крыху пра Беларусь. Ты падтрымліваеш нейкі кантакт зь людзьмі ў Беларусі?

— Скажу пра адну рэч. Апошні год-два я працую над тэкстамі для Ігара Варашкевіча і гурту «Крама». Гэта будзе іх новы альбом «Зацьменны блюз». Там дзевяць ці дзесяць песень — тэксты, вядома, па-беларуску. Гэта крыху іншая плынь, чым з «Улісам». Гэта больш такі рытм-энд-блюзавы праект. Тут перада мною выклік стварыць у тэкстах беларускі варыянт амэрыканскай традыцыі рытм-энд-блюзу. Гэта цікавы і адначасова складаны праект.

— Што б ты хацеў сказаць на заканчэньне тым у Беларусі, хто захоча прачытаць гэтую нашу размову?

— Вядома, большасьць можа аднесьціся да гэтага так: яму лёгка даваць парады адтуль, дзе ўсё адбываецца неяк цывілізавана і рацыянальна. Таму я ня вельмі ёмка сябе адчуваю. Але я ўсё ж рызыкну сказаць. Ёсьць рэчы, якія мы можам зьмяніць, і ёсьць рэчы, якія мы зьмяніць ня можам, калі жывем у такой краіне, як Беларусь. Трэба рабіць тое, што здольны зрабіць канкрэтны чалавек у канкрэтных умовах.

Калі можаце не выходзіць на вуліцу — не выходзьце. Калі можаце працаваць з хаты — працуйце з хаты. Калі можаце хадзіць у краму ня тры разы на тыдзень, а ўсяго раз — хадзіце раз на тыдзень. Калі можаце адкласьці мерапрыемствы, на якіх зьбіраецца шмат людзей — адкладзіце.

Мяркуючы па сваім жыцьці, я ведаю, што заўсёды ёсьць кола магчымасьцяў, хай сабе абмежаванае і невялікае, якімі чалавек можа пакарыстацца, каб паменшыць нейкую бяду ці палепшыць сытуацыю. І на такіх магчымасьцях і кроках трэба цяпер засяроджвацца, каб паменшыць пагрозу, каб паменшыць колькасьць памерлых людзей.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG