Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кінарэжысэр Андрэй Кудзіненка: Для мяне самаізаляцыя — ідэальны варыянт


Андрэй Кудзіненка

«Людзі ва ўладзе выбралі свой шлях, іх не пераканаеш, гэта пустое. Таму я сваю энэргію патраціў з большай карысьцю — каб рэальна засьцерагчы родных і блізкіх». Вядомы рэжысэр і сцэнарыст Андрэй Кудзіненка пра ідэальны фармат творчай самаізаляцыі і крах «ІТ-краіны».

Андрэй Кудзіненка — адзін з самых вядомых і запатрабаваных дзеячоў беларускай кінаіндустрыі. Налета адзначыць 50-гадовы юбілей. Скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, вучыўся ў майстэрні ігравога кіно рэжысэра Віктара Турава, пазьней — у асьпірантуры. Аўтар поўнамэтражных ігравых фільмаў, прызэр міжнародных кінафэстаў, куратар мультымэдыйнага праекту «Хронотопь».

10 гадоў таму
10 гадоў таму

А яшчэ ў сёлетняй самаізаляцыі Андрэй Кудзіненка адважыўся на радыкальную зьмену іміджу. Цалкам пагаліў галаву і пазбавіўся барады. Доўгія валасы абрэзаў пару гадоў таму падчас фэстывалю «Хронотопь», цяпер пайшоў яшчэ далей — каб нават зьнешнім выглядам падкрэсьліць важнасьць гістарычнага моманту.

Кінатворчасьць у фармаце містэрыі

Амаль чвэрць стагодзьдзя Андрэй Кудзіненка займаецца рэжысурай і сцэнарамі. Кажа, што спэцыфіка працы патрабуе максымальнага засяроджаньня, таму нешта накшталт самаізаляцыі практыкаваў задоўга да пачатку пандэміі каранавірусу. Праўда, сёлета жыцьцё ўнесла дадатковыя карэктывы: рэсьпіратар для паходу ў краму, строгае дыстанцыяваньне, шпацыры ў адзіноце.

Новы імідж
Новы імідж

«Я ня вельмі зьмяніў лад жыцьця, займаюся тым жа, чым і раней, — пішу сцэнары. А цяпер нават і лепей: ніхто не турбуе, каб некуды ехаў, зь некім сустракаўся. Становішча амаль ідэальнае. Працую 24 гадзіны, магу цалкам засяродзіцца, не губляючы канцэнтрацыі. Думаю, для іншых таксама карысна: паколькі бальшыня ў пост не канцэнтруецца, ня моліцца, — гэта ідэальная магчымасьць падумаць пра сябе, пра сьвет, пра сытуацыю, у якой яны цяпер жывуць, і як зьбіраюцца зь яе выходзіць».

Суразмоўца не захацеў дачасна раскрываць сакрэты сваіх творчых задумаў — маўляў, дрэнная прыкмета гаварыць пра праект у стадыі яго фармаваньня. Толькі заінтрыгаваў, што адзін «апакаліптычны сцэнар» ужо завершаны, цяпер узяўся за больш пазытыўны, амаль што казка.

Беларускі стваральнік містэрый
Беларускі стваральнік містэрый

«У мяне ўсё можна назваць містэрыяй. У старажытным Рыме папулярным быў жанр „мэніпэя“ — сынтэз камэдыі і трагедыі, рэальнага і нерэальнага, усё ў адным. Мае праекты менавіта такія. Пакуль гэта ў літаратурным выглядзе, зразумела, хочацца перавесьці ў іншы стан — падрыхтоўка да экранізацыі, уласна здымкі. На гэтым этапе давядзецца ўжо выходзіць за карантынныя рамкі. Таму такі вось пэрманэнтны працэс трансфармацыі. Сюжэт прыдумляеш у адзіноце, пакуль ён рэалізуецца — камунікуеш зь людзьмі, мантаж і гук — зноў сам-насам з сабою. Як зьмена ладу жыцьця».

Ці не падаюцца Андрэю Кудзіненку містэрыяй падзеі, якія ад пачатку распаўсюду каранавірусу адбываюцца ў Беларусі? Прыкладам, ягоны калега, сцэнарыст і рэжысэр Андрэй Курэйчык, публічна вінаваціць вышэйшае кіраўніцтва ў стварэньні рызыкі для жыцьця сваіх жа грамадзян.

Кінарэжысэр і сцэнарыст
Кінарэжысэр і сцэнарыст

Царкоўныя сьвяты, суботнік, вайсковы парад, футбольны чэмпіянат, заняткі ў школах і ВНУ — сапраўдны канвэер для пандэміі, пра што сьведчыць нават афіцыйная статыстыка.

«Людзі ва ўладзе абралі свой шлях, іх не пераканаеш, пустое. Я сваю энэргію патраціў з большай карысьцю — на родных, блізкіх. У мяне знаёмыя ў Італіі, і калі ў лютым пачалася тая навала, сярод сваіх аказаўся першым прапагандыстам асьцярожнага стаўленьня да вірусу. Наогул, гэтая сытуацыя шмат што добра праявіла. Папярэднім такім іспытам быў 2014 год, падзеі ва Ўкраіне — стала зразумела, хто ёсьць хто на самой справе. Цяпер іншы ўзровень, але паказальны ў тым, як людзі ставяцца да сябе, да іншых, да ўсяго сьвету. Добры індыкатар нашага жыцьця».

Дакаранавірусная эпоха
Дакаранавірусная эпоха

Пандэмія — магчымасьць ня столькі адфільтраваць фрэндаў, колькі кожнаму паасобку пачысьціць уласную карму, працягвае Андрэй Кудзіненка. І адзначае: «Тваё асяродзьдзе — гэта і ёсьць ты сам». І вымушаная самота дае шанец разабрацца, ці патрэбнае табе атачэньне ў ранейшых маштабах.

Забанены за адыход ад ідэалягічнай лініі

Андрэй Кудзіненка — з шэрагу найбольш яскравых рэжысэраў у сучаснай Беларусі, адзін з апошніх вучняў легенды айчыннага кінэматографу Віктара Турава. Нарадзіўся 20 кастрычніка 1971 году ў Берасьці. Вучыўся ў Беларускай акадэміі мастацтваў і асьпірантуры, стыпэндыят прэзыдэнцкага фонду падтрымкі таленавітай моладзі.

Здымаў кароткамэтражныя фільмы, рэкляму. Першая праца «Жарцік» датаваная 1996-м, а ўжо праз тры гады за кароткамэтражку «Сны Валянціна Вінаградава» пра зацэнзураванага рэжысэра «Беларусьфільму» атрымаў прыз «за лепшы экспэрымэнтальны фільм» на мультымэдыйным фэстывалі Mediawave у Вугоршчыне.

Тытул стужкі «Акупацыя. Містэрыі»
Тытул стужкі «Акупацыя. Містэрыі»

У 2004 годзе заявіў пра сур’ёзнасьць сваіх намераў сумесным зь нідэрляндзкімі партнэрамі фільмам «Акупацыя. Містэрыі». Стужку пра жыцьцё ў акупаванай нацыстамі Заходняй Беларусі запрасілі ў афіцыйную праграму Ратэрдамскага міжнароднага кінафэсту, а затым і на іншыя пляцоўкі. Праца ўганараваная на фэстывалях у Ізраілі, Нямеччыне, Польшчы, Расеі, Тайвані, Украіне, Чэхіі. Міністэрства культуры Беларусі фільм «забаніла» праз «ідэалягічна неадпаведны погляд на вайну».

Не чакаючы адлігі, у сярэдзіне нулявых Андрэй Кудзіненка зьехаў у Расею, паўдзельнічаў там у шэрагу праектаў, працаваў у камандзе рэжысэра Паўла Лунгіна. Зьняў фільм-рэмэйк «Розыгрыш».

На здымках «Масакры» з артыстамі Аляксандрам Кашперавым і Сьвятланай Зелянкоўскай
На здымках «Масакры» з артыстамі Аляксандрам Кашперавым і Сьвятланай Зелянкоўскай

Па вяртаньні дадому пачаў працу над «бульбахорарам» «Масакра» — сынтэзам містычнага трылеру і мэлядрамы. Сюжэт паводле сцэнару Аляксандра Качана грунтуецца на навэле францускага пісьменьніка Праспэра Мэрымэ пра мядзьведзя-пярэваратня («Локіс») ды старажытных беларускіх легендах. Стужка атрымала шэраг фэстывальных узнагародаў.

У 2103-м зьняў псыхадэлічны трылер «Hard Reboot» з удзельнікамі гурту Noize MC, але жыцьцё стужкі абмежавалася некалькімі закрытымі паказамі, у шырокі пракат яна ня выйшла.

Падрыхтоўка да фэстывалю Bulbamovie
Падрыхтоўка да фэстывалю Bulbamovie

Атрымаўшы прызнаньне, быў сярод заснавальнікаў і чальцоў журы кінафэстывалю беларускага кіно Bulbamovie ў Варшаве. Ад 2015 году куратар мультымэдыйнага праекту «Хронотопь», прысьвечанага актуальнай міталёгіі, рытуалам і абрадам сучаснага чалавека.

Таксама паспрабаваў сябе ў дакумэнтальным кіно — зьняў стужку «Фанат», прысьвечаную футбольным заўзятарам берасьцейскага «Дынама».

Кадар з дакумэнтальнага фільму «Фанат»
Кадар з дакумэнтальнага фільму «Фанат»

Выкладаў у Беларускай акадэміі мастацтваў і студыі Андрэя Палупанава, а таксама праводзіў майстар-клясы ў кінаінстытуцыях Варшавы і Бэрліну.

Посттраўма дэпрэсіўнага гнёту

Самыя блізкія людзі Андрэя Кудзіненкі цяпер далёка ад Менску. Мама засталася ў родным Берасьці, малая дачка Маша са сваёй мамай — у Маскве. Аддаленасьць стрымлівае непажаданыя ў гэты момант кантакты. Разам з тым цяжэй сачыць за «эмацыйнымі выхадкамі» сваякоў.

З дачкой Машай
З дачкой Машай

«Цяжка ўгаварыць маці, каб сядзела дома, усё карціць некуды пайсьці. А я хачу, каб яна меней выходзіла. Зьніклі чэргі на УГД, куды яна доўга дамагалася, цяпер клічуць. Дрэнна, што самі лекары правакуюць старых, каб тыя некуды вылазілі. Дачка таксама стамілася. Яна першаклясьніца, складана без камунікацый, сяброў. Добра, што перад карантынам сабаку купілі. Перайшлі на Zoom, самаарганізавацца не ўдаецца, бо ў клясе ўсё рабілі разам. Яе мама на дыстансе ў іншым пакоі, доўгі час застаецца сама. І тады ўжо бясконцыя гаджэты, гульні — таксама небясьпечна».

Паводле рэжысэра, некалькі ягоных знаёмых ужо перахварэлі на каранавірус, і наступствы хваробы не такія бесклапотныя, як можа падацца. Прычым гаворка не пра катэгорыю 80+, а пра людзей сярэдняга і нават маладога ўзросту.

Маша з новым сябрам у карантыне
Маша з новым сябрам у карантыне

«Перахварэла знаёмая ў Маскве, ёй 30 гадоў. Ці кінакрытык, яму пад 50. Тыя людзі, якія легкадумна ставіліся да „псыхозу“, цяпер кажуць, што ўсё сур’ёзна, наступствы досыць складаныя. Найперш, адбіваецца на псыхіцы, ідуць панічныя атакі. Нават калі лекары канстатавалі выздараўленьне, застаецца адчуваньне дэпрэсіўнага гнёту. То бок, уплыў на мозг, на нэрвовую сыстэму. Што да 70–80+, дык гэта актуальна для Італіі, дзе на міжземнаморскай кухні жывуць да 90–100 гадоў. У нас няма столькі доўгажыхароў. А можа, муціруе вірус, ніхто ж толкам ня ведае».

Андрэй адзначае, што многія калегі ды знаёмыя ў Расеі досыць цяжка пераносяць карантын зь ягонымі шматлікімі абмежаваньнямі. Шмат каму імпануе «бунтарскі дух» Лукашэнкі, намер «заваліць каранавірус» масавым «непадпарадкаваньнем псыхозу». Многія ў літаральным сэнсе ўцяклі ў Беларусь і цяпер паўсюль тусуюцца, карыстаючыся «вольніцай». Бравада заразная, робіць выснову ён.

Андрэй Кудзіненка
Андрэй Кудзіненка

«Карантын — рэч складаная. Трэба ж ня проста палкай разагнаць па хатах, а гнутка працаваць. Ні ў нас, ні ў Расеі такім мэнэджмэнтам не займаюцца. Размаўляў зь сябрамі ў Францыі, там паэтапны пераход у посткарантынны стан — дазволена перасоўвацца да 100 км, адчыняць клясы па 8 дзяцей. Усё трэба наладзіць. Я ня веру, што ў нас на такое здольныя. „ІТ-краіна“ так і не змагла арганізаваць дыстанцыйнае навучаньне. Усё цэнтралізавана, а як даходзіць да індывідуальнага, сучаснага падыходу, аказваецца, што і тэхналягічна, і мэнтальна мы засталіся ў ХХ стагодзьдзі».

Каранавірус як падстава да ініцыяцыі

Ці не баіцца Андрэй Кудзіненка, што ягоныя творчыя высілкі ня знойдуць прымяненьня ў эканамічна абяскроўленай Беларусі? Якая верагоднасьць удыхнуць жыцьцё ў сцэнар, хоць бы самы ўдалы?

Вірус ня пройдзе
Вірус ня пройдзе

«Ну, стану тады драматургам, пісьменьнікам, публіцыстам, — сьмяецца суразмоўца. — Была ўжо такая сытуацыя ў 1990-х, калі хлопцы з групоўкі „Беларускі клімат“ ладзілі ў Альтэрнатыўным тэатры фэстывалі так званага „вуснага кіно“. Дарэчы, набівалася поўная заля! Выходзіў на сцэну чалавек, сядаў у крэсла і ў сьвятле юпітэра чытаў сцэнар. І ўсе дзьве гадзіны яго заварожана слухалі. Такое вось своеасаблівае „бюджэтнае“ кіно. Можа, зноў падобная архаічная форма вернецца, чаму не?»

На здымках праекту «Хронотопь»
На здымках праекту «Хронотопь»

Згадвае Андрэй Кудзіненка і пра іншы «прароцкі» праект пад назвай «Хронотопь», які ён прыдумаў зь сябрамі. Адбыліся два фэстывалі ў яго межах — «Перазагрузка» і «Абнуленьне». Сутнасьць у тым, што і чалавек, і сьвет, каб абнавіцца, павінен зьнікнуць у старым статусе. Своеасаблівы рытуал ініцыяцыі пры пераходзе ад адной формы да іншай. Падлетак, які становіцца мужчынам, або маладая жанчына, выходзячы замуж. Зьмены праз выпрабаваньні і нярэдка — пакуты. Тое, што выпала на долю акурат сёньняшняму пакаленьню, канстатуе творца.

У сваю чаргу, ён згодны, што посткарантынны сьвет зьменіцца. Адзінае, ці ў лепшы бок?


«Тым больш цікава паназіраць... Многія апошнім часам казалі, асабліва мастакі, што ў гэтым сьвеце застаўся толькі адзін ідал — эканоміка. І раптам адмовіліся ад эканомікі дзеля людзей... Гэта, канечне, нечакана. Можна зноў жа спаслацца на „хваробу старэйшых“ як першапрычыну такога кроку. Маўляў, тыя старэйшыя — уласна кажучы, і ёсьць улада. І каб гінулі маладыя, нічога ў такіх маштабах не адбылося б, абышлося б без татальнага карантыну. Але пакуль тое домыслы, наўрад ці хто можа ўцямна сказаць, што будзе далей».

Беларусь — адна зь нешматлікіх краін, якія адмовіліся ахвяраваць эканомікай. Прычыну шматразова аргумэнтавала вышэйшае кіраўніцтва — каб не загнаць народ у «бездань галечы». Таму здароўе нацыі неяк само сабой адышло на другі плян. Ці ня будзе гэта выкарыстана ў прапагандысцкіх мэтах, калі пандэмія так ці інакш суцішыцца?

Незадоўга да кардынальнай зьмены іміджу
Незадоўга да кардынальнай зьмены іміджу

«Тое, што ў нас цяпер, расхалоджвае. Дачка жыве ў Маскве насупраць Сакольніцкага парку, дзе заўсёды гуляла. Яго закрылі. Ня толькі дзеля аховы здароўя, гэта мабілізацыйны момант — ня час адпачываць. Як і з маскамі. Быў у Кітаі адразу пасьля атыповай пнэўманіі, пачатак 2000-х. Усе ў масках, гэта шакавала. Аказваецца, псыхалягічны фактар, каб не чапалі твар, пазьбягалі кантактаў. Адным словам, не расслабляцца! Іншая справа, калі выходзіш, навокал гулянкі, парады. Канечне, паедзеш на шашлыкі на Менскае мора. А потым, ня дай Бог, паўтарэньне Бэргама...»

У сытуацыі «беларускай унікальнасьці» можна толькі цешыцца надзеямі. Па-першае, што ўсё ж нейкім чынам выжывем, па-другое, яшчэ і застанемся людзьмі, — падсумоўвае рэжысэр і сцэнарыст Андрэй Кудзіненка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG