Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Працы стала яшчэ больш», — лекарка пра паўторныя шпіталізацыі з пнэўманіяй і «камічныя» даведкі пра сьмерць


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Што пішуць у даведках пра сьмерць, каб не фігураваў каранавірус? Што адбываецца, калі пацыентаў выпісваюць пасьля 21 дня лячэньня дадому, як прадугледжана новым загадам Міністэрства аховы здароўя? Чаму не назіраецца спаду пандэміі?

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Пра гэта Свабодзе расказала мэдык, якая працуе на менскай хуткай дапамозе і ў шпіталі, дзе лечаць хворых на каранавірусную інфэкцыю. Яна папрасіла захаваць ананімнасьць. Рэдакцыя мае кантакты мэдыка. Суразмоўца, якая працуе з ковіднымі хворымі больш за два месяцы, падсумавала асноўныя праблемы, зь якімі сутыкаюцца беларускія дактары ў часе пандэміі. Прапануем яе аповед.

Сьцісла

  • У даведцы пра сьмерць звычайна фігуруе поліарганная недастатковасьць. Мы ведаем, што яна выклікаецца каранавірусам, але могуць напісаць, напрыклад, што артэрыяльнай гіпэртэнзіяй.
  • Пацыентаў выпісваюць на 21-ы дзень зь лёгкай і сярэдняй формай цячэньня хваробы. Празь некаторы час у іх зноў дыягнастуюць двухбаковую полісэгмэнтарную пнэўманію, а гэта яшчэ паўторная шпіталізацыя, у лепшым выпадку — два тыдні лячэньня.
  • Да сытуацыі з каранавірусам любая, нават дробнаачаговая, пнэўманія заўсёды шпіталізавалася ў Беларусі. Гэта вельмі сур’ёзная хвароба, якая часам прыводзіць да сьмерці.
  • Людзі чакаюць вынікі мазкоў тыднямі, іх часам губляюць, але калі мэдыкі здаюць цэнтралізавана ў адным месцы, вынік заўсёды на наступны дзень, і заўсёды адмоўны.
  • Мы ведалі, што ў мэдыцыне мала плацяць, і прыйшлі ў мэдыцыну. І гэта ня значыць, што мы цяпер да сьмерці павінны працаваць за капейкі.

Паўторная шпіталізацыя, калі выпісваць дадому зь лякарні праз 21 дзень

— Калі казаць пра актуальную сытуацыю на сёньняшні дзень, то яна зьмянілася. Яна істотна пагоршылася пасьля загаду Міністэрства аховы здароўя № 557 ад 21 траўня, у адпаведнасьці зь якім людзей выпісваюць на 21-ы дзень зь лёгкай і сярэдняй формай цячэньня хваробы. У выніку ў стацыянары і на «хуткай» павялічылася колькасьць пацыентаў, якія ўжо прахадзілі лячэньне з COVID-асацыяванай пнэўманіяй, якіх выпісвалі дадому на 21-ы дзень.

Тым, каму больш шанцуе, выпісваюць антыбіётык, яны могуць яго дапіць і, магчыма, спакойна жыць далей здаровымі. Тым, каму шанцуе менш, кажуць: «Нічога страшнага, пейце АСС, усё будзе добра». Гэтыя людзі едуць дадому. Натуральна, некаторы час пасьля інтэнсіўнага лячэньня ў іх назіраецца паляпшэньне, становіцца меней кашлю, яны думаюць, што ўсё добра, а потым у нейкі момант сымптомы зноў пачынаюць нарастаць. Яны ідуць у паліклініку ці выклікаюць брыгаду хуткай дапамогі, едуць у прыёмнае аддзяленьне, ім робяць здымкі, і ў іх зноў дыягнастуюць двухбаковую полісэгмэнтарную пнэўманію, а гэта яшчэ як мінімум паўторная шпіталізацыя і, у лепшым выпадку, два тыдні лячэньня. Хоць гэтых людзей маглі яшчэ некалькі дзён далячыць, калі яны былі першы раз у лякарні, і нічога гэтага не спатрэбілася б. Але праз гэтую пастанову вельмі вялікую колькасьць людзей выпісваюць, і яны вяртаюцца назад. Гэта займае ложка-месцы, адымае сілы мэдпэрсаналу і ні да чога добрага ў выніку не прыводзіць.

На гэта адміністрацыя і многія людзі адразу б запярэчылі, што нікога не адправяць дадому недалечаным, таму я падкрэсьліваю, што гэта адбываецца зь лёгкай і сярэдняй ступеньню цячэньня хваробы. Зразумела, ніхто ня будзе вырываць трубкі і апараты ШВЛ і казаць, што пайшоў 2-ы дзень і вам трэба дадому. Такога не бывае, але калі чалавек параўнальна лёгка пераносіць хваробу, яго пасьпяхова выпішуць.

Па-ранейшаму вялікая колькасьць захварэлых

— Я не статыстык, я працую ў практычнай ахове здароўя. Таму дакладныя лічбы, натуральна, не скажу, але нам часта гавораць, што ў Менску сытуацыя ўжо вельмі добрая, мы павінны ўсе парадавацца, расслабіцца, зьняць рэсьпіратары і выдыхнуць урэшце поўнымі грудзьмі, таму што страшнае ўжо мінула. Я працавала і тады, калі прырост хворых быў максымальны, так званы беларускі пік, калі пісалі 900 выпадкаў на суткі, і працую цяпер. І я б не сказала, што ў той момант, калі быў гэты рост 900 чалавек штодня, у нас было меней працы, чым цяпер. Нават у нейкім пляне цяпер яе стала больш.

Бываюць добрыя дні, калі загрузка ў шпіталі няпоўная. Цяпер аддзяленьні перапрафіляваныя, у кардыялёгіі лечаць COVID-19. Паводле пратаколу, ніколі не павінна быць загружана на 100%, бо інакш не вытрымліваецца адлегласьць паміж ложкамі... Таму максымальная загрузка павінна быць 80%. Па тэлевізары кажуць, што ў нас яшчэ вельмі вялікі свабодны ложкавы фонд, а былі дні, калі загрузка дасягала і 100%. Брыгада хуткай «здае» пацыента 3 гадзіны, таму што месцаў няма ўвогуле. І чакаем, калі кагосьці выпішуць ці нешта зьменіцца.

Людзям у тэлевізары ўжо сказалі, што ўсё добра, а чалавек тры гадзіны чакае, пакуль яго пакладуць. Ён разумее, што ня ўсё добра, таму што гэта нестандартная сытуацыя для звычайнага чалавека. І людзі шэптам пытаюцца: «Доктар, можа быць, гэта другая хваля пачынаецца?» А мы думаем: «Госпадзе, разабрацца б зь першай хваляй». Сытуацыя прыкладна такая на гэты момант.

Афіцыйныя лічбы сьмяротнасьці не супадаюць з тым, што адбываецца ў шпіталях

— Лічбы маюць аддзелы статыстыкі. Лічбы ёсьць у загадчыкаў аддзяленьняў, і то толькі па адным шпіталі. Адбываецца звычайна так. Мэдыкі пасьля зьмены, працуючы ў розных аддзяленьнях, зьбіраюцца і проста кажуць: «У нас сёньня адзін чалавек памёр у аддзяленьні»; мэдык, які працуе ў рэанімацыі, кажа: «У нас памерлі тры чалавекі», напрыклад. І вы разумееце, што ў вашым шпіталі памерлі сама меней чатыры чалавекі. Потым я тэлефаную калезе, якая працуе ў іншым адведзеным пад COVID-19 стацыянары, і яна кажа, што ў іхным шпіталі ў гэты дзень памерлі чатыры чалавека. А афіцыйная сьмяротнасьць у краіне ад каранавірусу ў гэты дзень — чатыры пацыенты. І ты разумееш, што гэта дакладна не чатыры, бо ты атрымаў інфармацыю толькі з двух шпіталяў Менску, а не з усіх стацыянараў Беларусі.

Значыць, у прычыне сьмерці напісалі нешта іншае. Звычайна там фігуруе поліарганная недастатковасьць. Як мы ведаем, яна выклікаецца каранавірусам, але могуць напісаць, напрыклад, што яе выклікала артэрыяльная гіпэртэнзія. Гэта самае камічнае, што я бачыла. На «хуткай» 80% выклікаў у нармальны час, калі няма пандэміі, зьвязана з артэрыяльным ціскам — гіпэртанічны крыз і падвышэньне ціску. Напэўна, мінімум каля 75% людзей ва ўзросьце звыш 55 гадоў пакутуюць ад артэрыяльнай гіпэртэнзіі. Калі б не COVID-асацыяваная пнэўманія, гэтыя людзі б яшчэ жылі, яны не памерлі б ад поліарганнай ці застойнай сардэчнай недастатковасьці.

Пнэўманія — вельмі небясьпечная хвароба, і раней яе лячылі толькі ў шпіталі

— Лячыць наступствы каранавіруснай інфэкцыі мэдыкі навучыліся, наколькі магчыма, бо яшчэ няма доўгатэрміновай пэрспэктывы. Трэба паглядзець яшчэ, якія наступствы будуць для арганізма. Цяпер усё больш зразумела, чым на пачатку. Людзі паміраюць не таму, што гэта нейкая страшная хвароба, ці таму, што іх лечаць неяк ня так, ці яшчэ ад нейкіх прычын. Людзі паміраюць, таму што ў іх часта бывае сапраўды пнэўманія. У сувязі з каранавірусам многія забыліся, што пнэўманія — гэта, напэўна, трэцяя прычына сьмерці ва ўсім сьвеце. Штогод каля 5 мільёнаў людзей памірае ад пнэўманіі, калі няма каранавірусу. Яны проста паміраюць, таму што запаленьне лёгкіх — вельмі сурʼёзная хвароба.

Многія людзі думаюць цяпер, што лёгкія формы пнэўманіі, тыя, што не двухбаковыя і без дыхальнай недастатковасьці, лечацца дома. У некаторых людзей складваецца ўражаньне, што пнэўманія гэта як прастуда, і нічога страшнага. Хочацца нагадаць, што да сытуацыі з каранавірусам любая, нават дробнаачаговая, пнэўманія заўсёды шпіталізавалася ў Беларусі.

Даплаты за працу з хворымі на каранавірус

За працу на «хуткай» я атрымала даплату каля 500 рублёў у месяц. У шпіталі таксама плацяць надбаўку каля 300-400 рублёў штомесяц. Такога не было, што не заплацілі тым, хто працаваў. Хацелася б сказаць дзякуй адміністрацыі. На некаторых падстанцыях хуткай дапамогі сапраўды добрае кіраўніцтва.

Калі ў краіне хварэе практычна 60 тысяч чалавек, усё складаней ведаць, што чалавек не знаходзіўся ў кантакце з захварэлым. Калі брыгада едзе на выклік з пнэўманіяй, і чалавек сьцьвярджае, што ён ня меў кантакту з заражаным каранавірусам, гэта ня лічыцца кантактам з каранавірусным хворым. І тады брыгада ня мае права дакранацца да сродкаў індывідуальнай засьцярогі — толькі марлевая павязка і паехалі. Рэсьпіратары і спэцыяльныя касьцюмы ня могуць надзявацца.

Такіх выпадкаў даволі шмат, калі людзі прыяжджаюць зь небясьпечных рэгіёнаў Беларусі, з малых гарадоў, дзе назіраюцца ўспышкі, і кажуць, што не кантактавалі з інфікаванымі. Пры гэтым у іх тыповая карціна — двухбаковая пнэўманія. Ты вязеш гэтага чалавека і разумееш, што на 90% дыягназ пацьвердзяць у прыёмным аддзяленьні, але ты за гэта даплаты не атрымаеш. Таму па выніках месяца нас зьбірае загадчыца разам з галоўным лекарам, яны выбіраюць з усіх выклікаў тыя, дзе фігуруе пнэўманія і вострыя рэсьпіраторныя захворваньні, адкладаюць іх у асобны стос, тэлефануюць у санстанцыю і просяць сьпіс пацьверджаных тэстаў на COVID-19. Гэта вялізарная праца адміністрацыі, і дзякуючы гэтаму вялікая колькасьць работнікаў атрымалі даплату, хоць кіраўніцтва займалася гэтым практычна пасьля працы ў свой вольны час.

Тэсты на каранавірус мэдыкам робяць. На «хуткай» яны робяцца і шмат дзе. Тэсты робяцца цэнтралізавана — кажуць, каб усе супрацоўнікі прыйшлі заўтра і здалі мазкі на каранавірус. Гэта ўражвае. Людзі чакаюць мазкі тыднямі, іх часам губляюць, але вось калі мэдыкі здаюць цэнтралізавана ў адным месцы, вынік заўсёды на наступны дзень, і заўсёды адмоўны. Ні ў кога не знаходзяць. Проста загадчыцы тэлефануюць і кажуць: у вас усе здаровыя.

Масачны рэжым выконваюць ня ўсе, у тым ліку і мэдыкі

— У Беларусі шмат людзей ходзяць бяз масак, і вялікая колькасьць мэдычных работнікаў здымаюць маскі, як толькі сыходзяць з працы. Ня ўсе хочуць выконваць масачны рэжым у вольны час; і нават на працоўным месцы, калі сядзяць, напрыклад, у «чыстай зоне», многім хочацца расслабіцца, хаця ва многіх установах нават у «чыстых зонах» уведзены масачны рэжым. Многія любяць вінаваціць кіраўніцтва ці пацыентаў, якія нешта робяць ня так.

Сыстэма з умоўнымі бруднай і чыстай зонай працуе толькі тады, калі ўсе людзі жорстка выконваюць комплекс захадаў — дэзынфэкцыя на выхадзе, спэцыяльная вопратка. Гэта сыстэма, у якой, калі адно зьвяно парушанае, то ўсё астатняе робіцца проста дарма. А ў Беларусі ў стацыянарах можна пабачыць як пасярод «бруднай зоны» сядзіць чалавек без рэсьпіратара ў сваёй асабістай вопратцы і размаўляе. Потым кажа: «Ладна, дзяўчаты, пайшла дадому», і не праз шлюз, а праз звычайныя дзьверы выходзіць, потым едзе ў грамадзкім транспарце.

Пандэмія ў Беларусі пойдзе на спад, калі людзі пачнуць па-першае, сурʼёзна ставіцца, таму што для таго, каб надзець маску ці рэсьпіратар на сябе і сваю сямʼю, ня трэба падтрымка дзяржавы ці дазвол, можна проста надзець маску. І па-другое, калі дзяржава пачне ўводзіць адэкватныя захады. Прэзыдэнт любіць гаварыць, што ўжо ўвесь сьвет зразумеў, што Беларусь зрабіла слушна, хоць ніводнай такой заявы ў сьвеце не было. Трэба ўводзіць абмежаваньні на зборы вялікай колькасьці людзей...

Мы не чакаем найбліжэйшым часам спаду, таму што цяпер будзе праходзіць уступная кампанія, а гэта велізарныя чэргі ў прыёмныя камісіі, цэнтралізаванае тэставаньне, 3 ліпеня з салютамі і сьвяточнымі гуляньнямі, і потым выбары 9 жніўня, а перад імі вялізарная колькасьць пікетаў і ўсяго іншага.

«Практычна кожны дзень на працы можна пачуць: „Вы ведалі, куды ішлі“»

— Я люблю сваю працу, люблю сваіх пацыентаў. Я лічу, што пацыентаў трэба любіць, якія б яны не былі, што б яны нам не казалі. Трэба заўсёды, прыходзячы на працу, нагадваць сабе, што гэтых людзей нехта любіць, іх чакаюць, а самае лепшае, што можна зрабіць для чалавека — выратаваць таго, каго ён любіць. Таму мы як сьцяна, якая падзяляе звычайнае жыцьцё і трагедыю, пасьля якой яно ўжо ніколі ня будзе ранейшым. Калі ты ўваходзіш у кватэру, цябе трасуць за плечы: «Доктар, калі ласка, хутчэй», і ты разумееш, што для гэтага чалавека ты — гэта тое, што аддзяляе ягонае жыцьцё ад трагедыі, і гэта немагчыма перадаць. Можна забыць пра ня самае лепшае стаўленьне, пра дрэнны заробак, таму што мы ратуем жыцьці часта. Можна ня спаць 24 гадзіны, зрабіць 20 візытаў за дзень і быць сабой задаволеным, таму што ведаеш, што кагосьці выратаваў, хтосьці будзе жыць, таму што ты прыехаў.

А бываць дні, калі ты можаш ня спаць, не паабедаць, і ёсьць адчуваньне абсалютнай бессэнсоўнасьці таго, што адбылося, калі, напрыклад, людзі выклікаюць «хуткую» на тэмпэратуру 37,6 і да іх едзе брыгада з 2 кваліфікаванымі спэцыялістамі. Паводле пратаколу, такую тэмпэратуру не зьбіваюць. Рэцэпт таксама ня маем права выпісваць. Мы проста кажам: піце лекі, які прапісалі ў паліклініцы. Шмат выпадкаў, калі людзі выклікаюць «хуткую» проста так.

Праз каранавірус павялічылася колькасьць людзей, якія хвалююцца, і ў іх на фоне псыхасаматыкі пачынаюць зьяўляюцца сымптомы — ім цяжка дыхаць. Гэта субʼектыўная задышка. У іх папраўдзе няма праблемы з дыхальнай сыстэмай. Яны проста адчуваюць, што ім цяжка дыхаць. У выніку прыяжджае брыгада, мерае сатурацыю (узровень насычэньня кіслародам), і яна ў іх 98%. Фэльчар спускаецца і мерае сабе ў машыне сатурацыю, у яго яна 97%. За неапраўданы выклік хуткай дапамогі нікога не караюць. Ёсьць людзі, якія выклікаюць сабе брыгаду і кажуць, што яны думалі, што мы зробім экспрэс-тэсты на каранавірус. Гэтыя сытуацыі крыху расчароўваюць, але гэта можна перажыць...

«Вы ведалі, куды ішлі», гавораць Качанава. Гэта ў мяне выклікала неўразуменьне. Мэдыкам практычна кожны дзень на працы можна пачуць: «Вы ведалі, куды ішлі». І ты проста чакаеш Дня мэдычнага работніка, спадзяесься, што цябе павіншуюць. А цябе ўжо за чалавека ня лічаць, нават у сьвяты думаюць, што адзінае, што можна сказаць лекару, мэдыку — трывайце нізкія заробкі, таму што вы ведалі, куды ішлі. Калі я іду, то спадзяюся, што стане лягчэй, таму што я зраблю нешта лепшым, і іншыя людзі таксама. Мы ведалі, што ў мэдыцыне мала плацяць, і прыйшлі ў мэдыцыну. І гэта ня значыць, што мы цяпер да сьмерці павінны працаваць за капейкі. Гэта ненармальная пазыцыя. Любая праца павінен аплочвацца.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG