Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Што робіць нашая краіна?! Навошта заніжаць статыстыку?» Сын памерлага фэльчара хуткай дапамогі жорстка адказаў міністру Караніку

абноўлена

Васіль Ліпілін, архіўнае фота
Васіль Ліпілін, архіўнае фота

Усе рытуальныя службы і залі ў Барысаве адмовіліся правесьці разьвітаньне, калі даведаліся, што ў памерлага быў каранавірус. Адпяваць 50-гадовага фэльчара хуткай дапамогі Васіля Ліпіліна пагадзіўся толькі адзін сьвятар.

«Навошта заніжаць гэтую статыстыку, чаго хочуць дабіцца?»

«Мне 20 гадоў, я адзіны сын Васіля Георгіевіча, — кажа ў размове з Радыё Свабода Данііл Ліпілін.

17 красавіка падчас прэсавай канферэнцыі міністар аховы здароўя Ўладзімер Каранік сказаў, што сьмерць «на хуткай дапамозе» можа быць не зьвязаная з каранавірусам.

Данііл Ліпілін лічыць, што міністр мае на ўвазе смерць ягонага бацькі.

«Увесь горад ведае, чалавек вельмі вядомы ў горадзе, усе ведалі прычыну сьмерці. І мне сёньня скідваюць гэты артыкул, я чытаю, мне сапраўды балюча чытаць. Што робіць нашая краіна? Я адзіны сын, хто застаўся ў Васіля Георгіевіча, у мяе даведка на руках, што КВ-19, адкрытым тэкстам. Я ня вытрымаў і зьмясьціў у камэнтарах фатаздымак. Навошта заніжаць гэтую статыстыку, чаго хочуць дабіцца? Я шчыра не разумею», — кажа Данііл Ліпілін і апавядае гісторыю хваробы і сьмерці свайго бацькі.

«Ён захварэў недзе 26 сакавіка. Яму стала кепска — тэмпэратура, усе сымптомы, якія на сёньня ўсе людзі ўжо ведаюць», — Данііл кажа, што ў першыя дні бацька спрабаваў лячыцца сам і папрасіў калег памяняцца зьменамі.

«Але стан яго не мяняўся, ён пайшоў у паліклініку, яму адкрылі бальнічны, але адправілі дахаты, прапісалі антыбіётыкі, — працягвае хлопец. — Ён усё рабіў, як сказалі, але лепш не станавілася, тэмпэратура 39,5 бязь зьменаў. Паліклініка наша № 2 сказала: „заставайцеся дома, лячыцеся“. Шпіталь яму ніхто не прапаноўваў».

4 красавіка, кажа Данііл, бацька ўжо ня мог размаўляць, стан ягоны быў вельмі кепскі. Яму выклікалі хуткую дапамогу і забралі ў шпіталь.

«Там паклалі ў рэанімацыію ў цяжкім стане з высокай тэмпэратурай. Яму рабілася ўсё горш, таму паклалі пад апарат штучнай вэнтыляцыі лёгкіх», — кажа Данііл. — Сам доктар з рэанімацыі ўжо даў зразумець, што шанцы малыя".

«Ён ня думаў, што памрэ»

Першы тэст на каранавірус, які Васілю Ліпіліну зрабілі 5 красавіка, з сынавых словаў, быў адмоўны. Другі тэст ад 7 красавіка ўжо быў станоўчы. Калі бацька быў на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, апавядае хлопец, быў момант, калі яму трошкі палепшала.

«У нас адразу іншыя думкі зьявіліся, сталі спадзявацца на лепшае. Але бацькава сэрца ня выцягнула. 8 красавіка патэлефанавалі і сказалі: «Вашага бацькі больш няма», — кажа Данііл.

Данііл апавядае, што бацька ніколі ня скардзіўся на хваробы і нікуды не зьвяртаўся па лячэньне. На «хуткай» ён працаваў у брыгадзе псыхіятрычнай дапамогі.

«Ён сваёй сястры напісаў: „Я думаю, што ў мяне „гэта“, бо падобныя сымптомы“, — кажа сын. — Апошняя размова была звычайная, нічога звышасаблівага. Ён ня думаў, што памрэ. І мы ня думалі, пакуль ужо зусім кепска ня стала».

Разьвітацца не дазволілі, на могілках былі чатыры чалавекі

Цела Васіля Ліпіліна адправілі ў Менск для ўскрыцьця.

«Я зь Менску цела забіраў, размаўляў з патолягаанатамам, які выдаў даведку. Там дакладна пазначана: каранавірус і двухбаковая пнэўманія. На ўсю краіну сказалі, што фэльчар з Барысава памёр ад каранавірусу», — апавядае Данііл.

Хавалі Васіля Ліпіліна ў закрытай труне, цела было ў шчыльным поліэтыленавым пакеце, кажа сын.

«Хацелі зрабіць разьвітаньне, бо бацька не апошні ў горадзе чалавек, яго шмат хто ведаў, усе хацелі разьвітацца па-чалавечы. Але ніхто не дазволіў. Проста з моргу праз Барысаў праехалі картэжам на могілкі. На могілках былі 4 чалавекі. Ну што гэта такое?! — сына гэтая сытуацыя абурае. — Чалавек 27 гадоў адпрацаваў на хуткай дапамозе, а яго хаваюць чатыры чалавекі. Што робіцца, не разумею, мне проста сорамна».

Данііл апавядае, што для разьвітаньня з бацькам сям’я хацела арандаваць рытуальную залю.

«Але ўсе рытуальныя залі гораду проста адмовіліся, калі даведаліся, што гэты чалавек быў з каранавірусам, — кажа хлопец. — Аніводзін клюб, аніводзін штаб афіцэраў і іншыя арганізацыі — усе адмовілі. Мы хацелі зрабіць разьвітаньне каля станцыі хуткай дапамогі, але і там забаранілі».

«Разьбегліся», кажа Данііл, нават сьвятары. «Адпяваў бацьку адзіны, хто пагадзіўся, — айцец Андрэй. Дзякуй вялікі яму за гэта».

«Я не зьбіраюся маўчаць. Я не баюся»

Ён тлумачыць, што яны з бацькам жылі асобна і падчас ягонай хваробы асабіста не сустракаліся. Тэсту на каранавірус у Данііла ня бралі.

«У жанчыны, зь якой ён жыў, узялі тэст, наколькі я ведаю, ён адмоўны. У ягонай брыгадзе ў «хуткай», ведаю, таксама бралі, нібыта там ёсьць станоўчыя вынікі. Але я дакладна ня ведаю. Яны пакуль на бальнічных, — расказвае Данііл.

«Я сёньня ранкам прачнуўся і прачытаў, што міністар аховы здароўя Каранік, які ў першыя дні прызнаў, што мэдычны работнік захварэў, памёр, цяпер кажа адваротнае. Я не зьбіраюся маўчаць. Я не баюся, — кажа Данііл. — Я гатовы гэтую справу давесьці да канца. Калі ўсё ж такі каранавірус, як напісана ў даведцы, то навошта гэта хаваць?»

Радыё Свабода зьвярнулася ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя з просьбай патлумачыць словы міністра Ўладзімера Караніка. На момант публікацыі адказу мы не атрымалі.

Паводле інфармацыі, агучанай на прэс-канферэнцыі міністэрства 17 красавіка, у Беларусі ня менш за 419 мэдыкаў інфікаваныя каранавірусам. 90 зь іх — супрацоўнікі «хуткай дапамогі».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG