Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Качанава — студэнтам журфаку БДУ аб пратэстах: «А навошта гэта асьвятляць?»


Натальля Качанава, старшыня Савету Рэспублікі, 30 ліпеня 2020 году
Натальля Качанава, старшыня Савету Рэспублікі, 30 ліпеня 2020 году

Старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава на сустрэчы са студэнтамі факультэту журналістыкі БДУ заявіла, што ня бачыць нічога асаблівага ў Балёнскім працэсе і ня лічыць патрэбным асьвятляць пратэсты ў краіне.

Цытаты Качанавай падае тэлеграм-канал «Студэнцкая думка».

Натальля Качанава, між іншага, адказала на пытаньні пра паўнамоцтвы Лукашэнкі.

«На ім цяпер ляжаць нашы зьнешнія адносіны, унутраныя. Канстытуцыя ў нас сёньня такая, што па кожным напрамку кантроль і функцыі прэзыдэнта ў нейкай частцы. І гэта адмова ад асабістага жыцьця, за табой жа краіна».

Старшыня Савету Рэспублікі прызналася, што прачынаецца штодня а 6-й раніцы і ўключае тэлевізар. Але ў ейным тэлефоне можна адшукаць і Тэлеграм, у тым ліку з каналамі апазыцыйных поглядаў. У той жа час Качанава лічыць, што бачыць толькі няпраўду пра сябе ў публікацыях «Нашай Нівы». Затое, «калі „Народная Воля“ піша, што трэба разабрацца, мы ж разьбіраемся!».

На пытаньне адной са студэнтак, чаму быў зьняты наклад нумару «Народнай Волі» і чаму да журналістаў прымяняюцца рэпрэсіі, Натальля Качанава адказала, што журналістыка — гэта не злачынства, але «журналістаў прыцягваюць да адказнасьці, як і іншых людзей, за несанкцыянаваныя мерапрыемствы».

Затым студэнтка спыталася: «Калі рэпрэсаваць журналістаў і затрымліваць іх, то хто будзе асьвятляць усё, што адбываецца?» Качанава адказала сваім пытаньнем: «А навошта гэта асьвятляць?»

Таксама старшыня Савету Рэспублікі лічыць, што выданьні, якія публікуюць у сябе «інфармацыю, што нясе варожасьць», не павінны існаваць. Артыкулы ж калюмніста газэты «Советская Белоруссия» Мукавозчыка, на думку чыноўніцы, — «рэакцыя на гэтую хлусьню».

Качанава востра зрэагавала на абвінавачаньні студэнтаў на адрас дзяржаўнай тэлевізіі.

«Я ня бачыла хлусьні на БТ. Бачылі вы — скажыце. Але называць уладу фашыстамі нельга. Тое, што вяшчаюць нашы таварышы, якія зьехалі за мяжу, як да гэтага ставіцца? Яны ж вяшчаюць хлусьню».

Таксама студэнтаў на сустрэчы цікавілі і пытаньні навучаньня, прызнаньня дыплёмаў. Тут Натальля Качанава падкрэсьліла, што ня бачыць нічога асаблівага ў Балёнскім працэсе, які так шануюць навучэнцы журфаку.

«Не скажу, што я прыхільніца Балёнскага працэсу. А што ў ім такога? Што вы атрымаеце дыплём міжнародны і паедзеце кудысьці? І зараз жа можаце».

Таксама на размове са студэнтамі прысутнічаў рэктар БДУ Андрэй Кароль.

Перад прыездам Качанавай і Караля студэнцкія тэлеграм-каналы паведамлялі пра допуск у аўдыторыю толькі «ідэалягічна правільных людзей», аднак на сустрэчы гучалі і вострыя пытаньні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG