Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лекар адказаў Качанавай: «Дыялёг будзе там, дзе гэтага захоча народ Беларусі»


Пратэст лекараў у Навінках пад Менскам. 14 жніўня.
Пратэст лекараў у Навінках пад Менскам. 14 жніўня.

Галоўны пазаштатны спэцыяліст па інфэкцыйных і паразытарных захворваньнях у камітэце па ахове здароўя Менскага гарвыканкаму, дацэнт катэдры інфэкцыйных хвароб БДМУ Мікіта Салавей на сваёй старонцы ў фэйсбуку адказаў на зварот старшыні Савету Рэспублікі Натальлі Качанавай, якая заявіла лекарам, што дыялёгу на вуліцы ня будзе.

Мікіта Салавей па пунктах выклаў прэтэнзіі лекараў, якія выходзяць на акцыі пратэсту, да ўладаў. Прыводзім ягоны тэкст зь невялікімі скаротамі.

1. Бязьмежны гвалт сілавых структур у дачыненьні да мірных грамадзян

Зьбіцьцё, расстрэлы, катаваньні, згвалтаваньні лепшых прадстаўнікоў нашага народу. Таму што ня лепшым усё роўна. І менавіта таму так шмат мэдыкаў, спартсмэнаў, работнікаў культуры, выкладчыкаў ВНУ, айцішнікаў, працоўных і прадстаўнікоў многіх іншых прафэсій сёньня на вуліцах гораду.

Мы не для таго з сакавіка месяца сядзелі днямі і начамі ў клініках, аказваючы дапамогу пацыентам з COVID-19, не вылазілі зь СІЗ, вызвалялі ковідныя ложкі для аказаньня нарэшце нармальнай спэцыялізаванай дапамогі, каб потым на іх лячыць сотні пацыентаў, якія атрымалі такія траўмы ад вашых паслугачоў, якія большасьць лекараў бачылі апошні раз толькі на малюнках у падручніках па ваенна-палявой хірургіі.

Мы патрабавалі, патрабуем і будзем працягваць патрабаваць спыніць усякі гвалт і пакараць вінаватых за яго асоб.

2. Імітацыя выбараў

Так, у гэты раз фальсыфікацыі 80% не пракацілі. Народ зрабіўся больш разумным, больш актыўным, крэатыўным. Зьявіліся незалежныя онлайн-плятформы больш як зь мільёнам удзельнікаў, белыя стужачкі, асаблівым чынам складзеныя бюлетэні.

Усё гэта настолькі яўна прадэманстравала, што вы прайгралі, што калі б у вас была хоць кропля сумленьня і гонару, вы б мірна пакінулі нашу шматпакутную Беларусь, каб даць ёй шанец нарэшце стаць нармальнай разьвітай краінай, а не краінай-ізгоем.

Але не хапіла. Ні сумленьня, ні гонару. Вырашылі, як заўсёды, плюнуць людзям у твар. Рабы звыклыя. Абатруцца і на наступны дзень забудуцца. Не забыліся. І не забудзем. І новыя выбары абавязкова неўзабаве будуць. Бязь сініх пальцаў.

3. Хлусьня пра ўсё і на ўсіх узроўнях

Хоць бы возьмем усё тую ж вельмі надзённую цяпер праблему ковіду. Колькі яшчэ будзем працягваць расказваць казкі, што захворваюць крыху больш за тысячу? Ну, гэта, вядома, дасягненьне, што афіцыйныя лічбы захворваньня хоць у апошнія два дні сталі вышэй за 1000 выпадкаў у дзень. Можа, і зь лічбамі лятальнасьці нешта атрымаецца?

Я не хачу і ня буду тлумачыць сваякам памерлых, як жа так, усяго 4 чалавекі па рэспубліцы паміраюць ад ковіду, і ў іх ліку наш тата, напэўна, дрэнна яго лячылі... Не, спадары, у большасьці выпадкаў лячылі якраз добра. Інакш бы паміралі ў разы больш і хутчэй.

Проста нават у лепшых стацыянарах сьвету мінімальныя лічбы лятальнасьці ў рэанімацыйных аддзяленьнях у пацыентаў з COVID-19 — гэта 16–20%, у сярэднім каля 40%, могуць дасягаць 60%.

4. Адлічэньні студэнтаў мэдычных ВНУ і ня толькі

Тое, што адбываецца сёньня ў БДМУ, годна лепшых выпускаў гумарыстычных ток-шоў. Шматлікія «адлічаныя ці не» студэнты нават статус свой ніяк зразумець ня могуць, выпіску або загад аб адлічэньні на рукі атрымаць. Выкладчыкам прыгожа расказваюць, што студэнтаў адлічылі за парушэньне дысцыпліны, а не за выказваньне іх грамадзянскай пазыцыі і зусім не таму, што хтосьці недзе ў тэлевізары сказаў, што такім студэнтам ня месца ва ўнівэрсытэтах. Менавіта там ім і месца.

Таму што адлічаныя нашы самыя годныя студэнты, з добрай пасьпяховасьцю, ініцыятыўныя, якія імкнуцца зьмяніць будучыню краіны да лепшага. Адно радуе. Вельмі хутка гэтыя студэнты вернуцца ў свае ВНУ. Чаго ня скажаш пра кіраўніцтва ўнівэрсытэтаў, якое ганебна запляміла сябе ўдзелам у рэпрэсіях. Яму прыйдзецца шукаць сабе іншую працу.

5. Затрыманьні, зьбіцьцё, арышты, звальненьні нашых калегаў

Многія зь якіх працавалі з раніцы да ночы месяцамі пры тым жа ковіду, рызыкуючы сваім жыцьцём. Цяпер можна рэспубліканскія кансыліюмы на Акрэсьціна праводзіць, спэцыялісты ўжо там прадстаўленыя, прычым з вышэйшымі катэгорыямі, са ступенямі і званьнямі. Вось тут вы канкрэтна прамахнуліся. Перастараліся ў надзеі задушыць усіх і ўсё.

Але няма ліха без дабра. У мэдычным асяродзьдзі былі праблемы з салідарнасьцю, цяпер жа яна мацнее на вачах, аб’ядноўваюцца калектывы і цэлыя ўстановы. Відэазвароты выходзяць як піражкі, пад зваротамі і пэтыцыямі падпісваюцца тысячы мэдработнікаў.

Цяпер нават самыя апалітычныя раней мэдыкі ўсьвядомілі сваю сапраўдную «каштоўнасьць» для дзяржавы, убачылі, якая менавіта «падзяка» можа іх чакаць за іх працу, прыйшлі да разуменьня жыцьцёвай неабходнасьці змагацца за ўласныя правы і свабоды.

На заканчэньне Мікіта Салавей напісаў непасрэдна Натальлі Качанавай: «Дыялёг, Натальля Іванаўна, будзе там, дзе гэтага захоча народ Беларусі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG