Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасадзілі фотажурналістаў, Калесьнікавай выставілі абвінавачаньне. Найважнейшае за 16 верасьня


Мы сабралі для вас у адным матэрыяле ўсё найважнейшае за 16 верасьня.

Галава Эўрапейскай камісіі Урсуля фон дэр Ляен у сераду заявіла, што ў Эўразьвязе падтрымліваюць беларускі народ і лічаць, што ён мае права самастойна вырашаць свой лёс, а ня быць проста «шахматнай фігурай».

Эўрапейскі парлямэнт падрыхтаваў рэзалюцыю па Беларусі, у якой пацьвярджае, што не прызнае вынікі прэзыдэнцкіх выбараў і што пасьля заканчэньня тэрміну паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі ня будзе лічыць яго прэзыдэнтам.

На думку Сьвятланы Ціханоўскай, Аляксандар Лукашэнка павінен атрымаць гарантыі бясьпекі ў выпадку ягонай згоды на перадачу ўлады і арганізацыю новых выбараў. Яна сказала пра гэта ў інтэрвію ўкраінскаму інтэрнэт-выданьню lb.ua.

Сьвятлана Ціханоўская пагаварыла з старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвілай і падзякавала ёй за шматгадовую працу на карысьць незалежнай і свабоднай Беларусі і за падтрымку беларускай дыяспары.

Прэзыдэнтка Славаччыны Зузана Чапутава патэлефанавала ляўрэатцы Нобэлеўскай прэміі па літаратуры, сябру Каардынацыйнай рады Сьвятлане Алексіевіч.

Фотакарэспандэнтаў Аляксандра Васюковіча, Уладзя Грыдзіна і іхнага сябра Ягора Калягіна прызналі вінаватымі ў парушэньні парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Васюковіч і Грыдзін атрымалі па 11 сутак арышту, Калягін — 540 рублёў штрафу.

Марыі Калесьнікавай выставілі абвінавачаньне па ч.3 ст.361 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаньнем СМІ і сеткі Інтэрнэт»). Яна застаецца пад вартай.

Унучкі Лукашэнкі — Анастасія і Дар’я — забралі дакумэнты зь ліцэю БДУ. Зь ліцэю дзяўчаты сышлі, правучыўшыся ўсяго тыдзень. Раней дакумэнты зь ліцэю забраў Мікалай Лукашэнка.

Кабінэт міністраў Украіны 16 верасьня закрыў пункт пропуску «Новыя Ярылавічы» на мяжы зь Беларусьсю ў Чарнігаўскай вобласьці, дзе назьбіралася больш за паўтысячы габрэйскіх паломнікаў-хасідаў, і заклікаў Менск «не даваць ім надзеі», што іх пусьцяць ва Ўкраіну.

Павал Латушка і Ігар Ляшчэня пазбаўленыя дыпляматычнага рангу Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла ў сувязі з учынкамі, якія ганьбяць дзяржаўную (дыпляматычную) службу. Адпаведныя ўказы Аляксандар Лукашэнка падпісаў 16 верасьня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG