Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеў закрыў мяжу зь Беларусьсю на ўчастку, дзе сабраліся хасіды, і заклікаў Менск «не даваць ім надзею» на ўезд ва Ўкраіну

абноўлена

Хасіды на беларуска-ўкраінскай мяжы

Кабінэт міністраў Украіны 16 верасьня закрыў пункт пропуску «Новыя Ярылавічы» на мяжы зь Беларусьсю ў Чарнігаўскай вобласьці, дзе назьбіралася больш за паўтысячы габрэйскіх паломнікаў-хасідаў, і заклікаў Менск «не даваць ім надзею» на тое, што іх пусьцяць ва Ўкраіну.

«За адпаведнае рашэньне прагаласавалі сёньня, 16 верасьня, падчас пасяджэньня ўраду. Такія абмежавальныя захады ўведзеныя з прычыны пашырэньня каранавіруснай хваробы», — сказана ў паведамленьні прэс-службы МУС Украіны са спасылкай на міністра ўнутраных спраў Арсена Авакава.

«Неабходна спусьціцца на зямлю», — МЗС Беларусі заклікаў украінскія ўлады паважаць правы вернікаў

МЗС Беларусі настойліва заклікае ўкраінскія ўлады паважаць фундамэнтальныя правы чалавека, правы вернікаў, агульнапрызнаныя дэмакратычныя нормы, прытрымлівацца прынцыпаў гуманізму, заявіў БелТА прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз.

Тым больш, паводле Глаза, вядома, што ва Ўмань ужо прыбылі паломнікі зь іншых краінаў. «А на якой падставе дыскрымінуюць менавіта гэтую групу?» — спытаў прэс-сакратар МЗС Беларусі.

«Неабходна спусьціцца на зямлю і проста пачаць дыялёг з гэтымі людзьмі, яны не патрабуюць нічога звышнатуральнага — толькі павагі сваіх базавых правоў. І гэтае пытаньне мы будзем трымаць на кантролі», — сказаў Анатоль Глаз.

Каля паўтары тысячы габрэяў-хасідаў з ЗША, Вялікай Брытаніі і Ізраілю ўжо некалькі дзён застаюцца на прымежнай тэрыторыі на мяжы Беларусі і Ўкраіны. Паломнікі ехалі ва Ўкраіну да магілы заснавальніка брацлаўскага хасідызму цадзіка Нахмана: паломніцтва да гэтай магілы ў Умані хоць бы раз мусіць зьдзейсьніць прыхільнік гэтай плыні. Асноўны паток паломнікаў прыяжджае ў Умань напярэдадні габрэйскага Новага году (Рош га-Шана), які сёлета прыпадае на 19 верасьня.

Аднак сёлета з прычыны другой хвалі каранавірусу ўрад Украіны з 27 жніўня забараніў замежнікам уезд у краіну. Пад абмежаваньні падпалі і паломнікі, якія накіроўваліся ў Умань. Яшчэ 18 жніўня ўрады Ўкраіны і Ізраілю ў супольнай заяве заклікалі хасідаў устрымацца сёлета ад наведваньня Умані.

Але частка паломнікаў праігнаравала заклік і ўсё ж паспрабавала прыехаць ва Ўкраіну. З прычыны адмены беспасярэдніх зносін паміж Ізраілем і Ўкраінай яны прыляцелі ў Беларусь і спрабуюць трапіць у Умань наземным транспартам. Паколькі на ўкраінскую тэрыторыю іх не пускаюць, большасьць пілігрымаў пакуль аселі ў Пінску і Гомлі — яны занялі практычна ўсе месцы ў гатэлях, пасяліліся ў найманых кватэрах і сядзібах.

Прэзыдэнт фонду імя Рабі Нахмана Натан бэн-Нун заклікаў органы мясцовай і цэнтральнай улады Ўкраіны дазволіць хасідам учыніць паломніцтва да магілы, «нягледзячы на карантын».

Але ў офісе прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага адказалі, што гэта немагчыма:

«На тэрыторыі нашай дзяржавы застаюцца ў сіле строгія карантынныя абмежаваньні, што робіць немагчымым правядзеньне масавых мерапрыемстваў, у прыватнасьці, рэлігійнага характару. Гэтак жа як увесну мы вымушаныя былі абмяжоўваць удзел людзей у сьвяткаваньні Вялікадня, цяпер тлумачым, што і масавае сьвяткаваньне Рош га-Шана з удзелам тысяч пілігрымаў у горадзе Умань Чаркаскай вобласьці Ўкраіны, на жаль, немагчымае», — растлумачылі ў адміністрацыі Зяленскага.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG