Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапарлямэнт прапануе не праводзіць у Беларусі чэмпіянат сьвету па хакеі-2021 і спыніць фінансаваньне падуладных структураў


Эўрапейскі парлямэнт падрыхтаваў рэзалюцыю па Беларусі, у якой пацьвярджае, што не прызнае вынікі прэзыдэнцкіх выбараў і што пасьля заканчэньня тэрміну паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі ня будзе лічыць яго прэзыдэнтам.

Эўрапарлямэнт падтрымлівае ідэю нацыянальнага дыялёгу пры дапамозе АБСЭ, заклікае арганізаваць пільнае расьсьледаваньне фактаў гвалту, правесьці новыя выбары з удзелам назіральнікаў ад БДІПЧ АБСЭ, а таксама рэкамэндуе Эўракамісіі:

  • павялічыць фінансаваньне грамадзянскай супольнасьці Беларусі
  • замарозіць трансфэры сродкаў Эўразьвязу дзяржаўным і падкантрольным ураду структурам
  • спыніць пазыкі ўраду ад Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку і ЭББР
  • арганізаваць канфэрэнцыю донараў для дэмакратычнай Беларусі, дзе разгледзець «шматмільярдны фінансавы пакет» для падтрымкі будучых рэформаў
  • заклікае прыпыніць зь Беларусьсю перамовы аб прыярытэтах эўрапейскага партнэрства
  • стварыць гуманітарны калідор і спрасьціць выдачу візаў палітуцекачам і тым, хто мае патрэбу ў мэдычнай дапамозе пасьля гвалту
  • распрацаваць у Эўропе адмысловую стыпэндыяльную праграму для студэнтаў, выключаных зь беларускіх ВНУ з палітычных матываў
  • заклікае не праводзіць у Беларусі частку чэмпіянату сьвету па хакеі-2021.

Эўрапарлямэнт таксама выказвае заклапочанасьць тым, што ў часе вялікай палітычнай нестабільнасьці Беларусь ужо загрузіла ядзернае паліва ў першы рэактар Астравецкай АЭС і плянуе пачаць вырабляць энэргію ў лістападзе 2020 году.

Эўрапейскія дэпутаты папярэджваюць, што Аляксандар Лукашэнка ня мае палітычнага і маральнага мандату ўступаць у якія-небудзь далейшыя дамоўныя адносіны ад імя Беларусі, у тым ліку з расейскімі ўладамі, якія могуць пагражаць сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі.

Галасаваньне па рэзалюцыі адбудзецца заўтра а 14-й гадзіне паводле менскага часу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG