Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фотакарэспандэнтам Васюковічу і Грыдзіну прысудзілі па 11 сутак арышту за несанкцыянаваную акцыю

абноўлена

Уладзь Грыдзін знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсьціна. Ён удзельнічаў у судзе праз скайп. 15 верасьня
Уладзь Грыдзін знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсьціна. Ён удзельнічаў у судзе праз скайп. 15 верасьня

У судзе Фрунзенскага раёну Менску завяршыліся адміністрацыйныя працэсы над фотакарэспандэнтамі Аляксандрам Васюковічам, Уладзем Грыдзіным і іхным сябрам Ягорам Калягіным, якіх затрымалі ўвечары 13 верасьня ў менскім бары «1067». У выніку ўсіх трох прызналі вінаватымі ў парушэньні парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Васюковіч і Грыдзін атрымалі па 11 сутак арышту, Калягін — 540 рублёў штрафу.

Учора суд адправіў справы ўсіх трох на дапрацоўку. Абвінавачаньне ня здолела даказаць, што Васюковіч, Грыдзін і Калягін удзельнічалі ў несанкцыянаванай акцыі на вуліцы Раманаўская Слабада — ужо пасьля завяршэньня пратэставага «Маршу герояў». Сёньня міліцыя прадставіла цалкам пераробленыя пратаколы. Зь іх вынікае, што фотакарэспандэнты і іх сябар «мітынгавалі» зусім у іншым месцы і ў іншы час — на вуліцы Прытыцкага, 21, з 19:00 да 19:05.

17.19 Суд прызнаў вінаватымі Аляксандра Васюковіча (судзьдзя Яўген Пісарэвіч) і Ўладзя Грыдзіна (судзьдзя Марыя Ярохіна) у парушэньні парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў (артыкул 23.34 Адміністрацыйнага кодэксу​). Кожнаму зь іх прысудзілі па 11 сутак арышту. Яны знаходзяцца за кратамі зь вечара 13 верасьня. ​

Сакратары суду Фрунзенскага раёну скрываюць выяву абвінавачанага з экрана манітора падчас перапынкаў. Здымкі забараняюць
Сакратары суду Фрунзенскага раёну скрываюць выяву абвінавачанага з экрана манітора падчас перапынкаў. Здымкі забараняюць

15.37 Разгляд справы Васюковіча скончаны. Судзьдзя выйшаў для прыняцьця рашэньня. Да гэтага ў працэсе паглядзелі відэа, дзе бачна, што журналіст менавіта працуе каля станцыі мэтро «Пушкінская». Таксама вывучылі рэдакцыйнае заданьне газэты «Новы час». Адвакат выступіла з прамовай, дзе падрабязна патлумачыла неабходнасьць закрыць справу, паведамляе БАЖ.

15.12 У судзе над Васюковічам дапытваюць фотажурналістку Tut.by Вольгу Шукайлу, паведамляе БАЖ. «Бачыла журналіста падчас працы. Ён быў абазначаны, меў пасьведчаньне. Разам са мной здымаў акцыю, мы працавалі побач. Васюковіч нічога не крычаў, ня меў ніякай сымболікі. Пасьля інцыдэнту з журналістамі БелаПАН, „КП“ і Tut.by два тыдні таму фатографы наогул імкнуцца не размаўляць з удзельнікамі акцыі».

Васюковіч сядзіць у калідоры на Акрэсьціна, побач зь ім размаўляюць і ходзяць супрацоўнікі міліцыі. На скайп часта тэлефануе нехта іншы. Усё гэта чутно ў судзе.

Аляксандар Васюковіч выступае на судзе праз скайп, 15 верасьня
Аляксандар Васюковіч выступае на судзе праз скайп, 15 верасьня

14.54 Пачаўся разгляд справы Ўладзя Грыдзіна. Як і ў выпадку Васюковіча, пратакол Грыдзіна міліцыя перапісала. Паводле новай вэрсіі сілавікоў, ён мітынгаваў не на Раманаўскай Слабадзе, а ў раёне вуліцы Прытыцкага, 21.

14.44 Аднавіўся разгляд справы Аляксандра Васюковіча. Паводле перапрацаванага пратаколу, 13 верасьня ён браў удзел у несанкцыянаваным мітынгу на вуліцы Прытыцкага 21, каля 19.00. У пратаколе аб адміністратыўным парушэньні гаворыцца, што Васюковіч зь ім ня згодны. Ён кажа, што на месцы правядзеньня мітынгу працаваў як журналіст.

14.09 Ягору Калягіну, якога затрымалі разам з Грыдзіным і Васюковічам, прысудзілі штраф 540 рублёў.

* * *

Вядомых у Беларусі і ў сьвеце фотакарэспандэнтаў Уладзя Грыдзіна і Аляксандра Васюковіча затрымалі 14 верасьня а 21-й гадзіне ў менскім бары «1067» разам зь сябрам Ягорам Калягіным.

Васюковіч сядзеў у бары разам з Грыдзіным і Калягіным, расказала Свабодзе іх суседка па століку Жанна. Пасьля таго як мужчыны выйшлі пакурыць і вярнуліся ў бар, па іх зайшлі 6–7 чалавек у балаклавах. Мужчын затрымалі і забралі іхнае абсталяваньне. Імёны іншых затрыманых пакуль невядомыя. З запісаў камэраў назіраньня было відаць, што некаторыя сілавікі былі ў форме АМАПу.

Журналістаў даставілі ў Фрунзенскае РУУС, потым перавезьлі ў ізалятар на Акрэсьціна.

Грыдзін быў фотакарэспандэнтам Радыё Свабода, пакуль 29 жніўня ўлады не пазбавілі яго і яшчэ трох нашых журналістаў акрэдытацыі. Апошнім часам супрацоўнічаў з парталам Tut.by. Уладзь быў пераможцам і прызэрам конкурсу Belarus Press Photo, яго здымкі публікавалі сусьветныя агенцтвы і СМІ.

У канцы ліпеня звыш 200 журналістаў зьвярталіся да ўладаў і сілавікоў у справе гвалту супраць журналістаў і перашкодаў у працы:

«У Крымінальным кодэксе Беларусі ёсьць артыкул 198: „Перашкода законнай прафэсійнай дзейнасьці журналіста... караецца штрафам, або пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады, або займацца пэўнай дзейнасьцю, або абмежаваньнем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленьнем волі на той жа тэрмін“».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG