Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не магу глядзець на тое, што адбываецца ў маёй краіне», — міліцыянт, які звольніўся на знак пратэсту супраць гвалту


Ягор Емяльянаў
Ягор Емяльянаў

36-гадовы капітан міліцыі, супрацоўнік дэпартамэнту аховы, бацька дваіх дзяцей Ягор Емяльянаў з Наваполацку звольніўся з органаў унутраных справаў, — як ён патлумачыў Свабодзе, каб не выконваць злачынных загадаў.

11 жніўня ён апублікаваў у Instagram заяву аб звальненьні на фоне масавых пратэстаў.

Пасьля таго як Ягор падаў рапарт, яго затрымалі. Абвінавачвалі паводле адміністрацыйнага артыкула ў арганізацыі масавых мерапрыемстваў. Раніцай 13 жніўня судзьдзя вызваліў Емяльянава. Пра тое, што і як адбывалася, былы супрацоўнік унутраных справаў расказаў Свабодзе.

— Я больш не магу глядзець на тое, што адбываецца ў маёй краіне, тым больш калі я ў форме. Не магу чакаць нейкага загаду, які, як я лічу, будзе злачынным, і потым прыйдзецца прымаць рашэньне, выконваць яго ці не. Пакуль гэта не перайшло мяжу, я павінен проста пакінуць шэрагі органаў унутраных справаў і ні ў якім разе не ісьці супраць свайго народу. Мая агульная выслуга ў міліцыі — 17 гадоў.

— Што адбывалася ў гэтыя дні ў вашым аддзяленьні міліцыі?

— Мяне адразу затрымалі за тое, што я выклаў пост у Instagram, які расцанілі як заклік да масавых збораў. Двое сутак я знаходзіўся ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Сёньня быў суд, і судзьдзя мяне апраўдаў. Ён ня выявіў у маім допісе ў Іnstagram ніякіх заклікаў — ні ў фатаграфіі, ні ў камэнтары пад ёй.

— Якія настроі ў вашым аддзяленьні міліцыі, пра што людзі паміж сабой гавораць, як ацэньваюць тое, што адбываецца ў краіне?

— Большасьць людзей знаходзіцца ў тым жа стане, як і я. Пасьля мяне непасрэдна з майго аддзелу звольніліся яшчэ тры супрацоўнікі. І яшчэ, хутчэй за ўсё, звольняцца.

— Ці былі гвалтоўныя разгоны людзей у Наваполацку?

— Так. Людзей у Наваполацку выйшла дастаткова шмат 9 жніўня, а 10 жніўня яшчэ болей. Сілы падцягваліся даволівялікія — і вайскоўцы, і міліцыя ўся была. Нібыта больш-менш без ахвяраў абышлося, але людзей затрымлівалі.

— Ці вы пасьпелі паўдзельнічаць у затрыманьнях?

— Не. 9 і 10 жніўня я спрабаваў ня трапіць у рэзэрвы, якія пасылалі на плошчу. Я ахоўваў унутры аддзелу збройны пакой, і мяне не паслалі. Потым я зразумеў, што мяне туды адправяць і я ўжо не змагу сказаць «не». Калі атрымаю загад, як я магу ня выканаць загад? І пакуль я не атрымаў гэты загад, вырашыў, што трэба проста звольніцца з органаў унутраных справаў. І ўсё.

— Да нас прыходзіла інфармацыя, што ў апэратыўных супрацоўнікаў цяпер забралі табэльную зброю, бо ёсьць недавер, што яны ня выканаюць загад. Ці гэта праўда? Ці ў вас у аддзяленьні так было?

— У нас такога не было. Я служыў у дэпартамэнце аховы, мы больш працуем з сыгналізацыяй, аховай кватэраў і крамаў. Нас залучалі ў крайнім выпадку, калі будзе ўжо патрэбная дапамога. Я служыў у нешматлікім аддзяленьні, зь якога, як правіла, нямнога людзей маглі вылучыць непасрэдна на плошчу.

— Думаю, вы гэта чулі, гэта шмат гадоў гучыць на вулічных акцыях, калі дэманстранты гукаюць «Міліцыя з народам». Як вы мяркуеце, так будзе — ​раней ці пазьней?

— Я вельмі спадзяюся, што ўсё будзе добра. Шчыра кажучы, я не агітую ні за якую ўладу, ні за кога, ні за зрынаньне тым больш. Як бы гэта патасна ні гучала, я менавіта за тое, каб у Беларусі быў мір. Мы заўсёды гэтым ганарыліся — што ў нашай краіне мірна жыць, што можна спакойна выходзіць на вуліцу. Так, ёсьць сярод насельніцтва правапарушальнікі, злачынцы, але гэта зусім іншае. У тым ліку і на плошчах бываюць не зусім правілньыя людзі, радыкальна настроеныя, так скажам. Іх я, вядома, таксама не падтрымліваю. На супрацоўніка міліцыі таксама кідацца нельга, тым больш ужываць сілу.

Але ў большасьці сваёй людзі прыходзілі мірна, проста стаялі, хацелі справядлівых выбараў. Нават сваім допісам у Instagram я ні да чога заклікаць не зьбіраўся. Я нават ня думаў, што будзе такі моцны розгалас пасьля маёй публікацыі. Хацелася, каб усё было мірна, ціха і спакойна. Я вельмі спадзяюся. У міліцыі я даўно служу і ведаю вельмі шмат супрацоўнікаў, якія сапраўды сумленныя, добрасумленныя людзі. Але, як і паўсюль, сярод супрацоўнікаў МУС таксама ёсьць і ня вельмі добрыя людзі.

— Напэўна, вы гэта зрабілі, думаючы і пра сваіх дзяцей?

— Так. Майму сыну 11 гадоў, а дачцэ 3 гады. Дзеля сям’і гэта было і зроблена. Цяпер, пасьля гэтага розгаласу, я вельмі баюся за сваю сямʼю і нават ня ведаю, што мяне можа чакаць пасьля ўсяго гэтага.

— Ці вы самі не плянуеце выйсьці на вуліцу, на мірны пратэст?

— Шчыра кажучы, не зьбіраюся. Напэўна, гэта зьвязана з тым, што я найперш баюся за сямʼю. Да таго ж я ня работнік нейкага прадпрыемства, я ўжо былы супрацоўнік міліцыі, і да мяне будзе крыху іншая ўвага. Я шмат ведаю пра органы ўнутраных справаў, але ні ў якім разе не зьбіраюся нікому нічога расказваць, выдаваць сакрэты. Гэта ўсё застанецца са мной. І ўсё ж я — у статусе былога супрацоўніка міліцыі.

— Ці вам выдалі такую чорную форму, якую мы бачым на сілавіках у Менску?

— Не. Мы ходзім у звычайнай міліцэйскай форме, цёмна-сіняй з чырвонымі палоскамі. Іншую не даюць.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG