Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як абыходзіць блякаваньне інтэрнэту. Актуальныя парады


Цягам 9–11 жніўня ў Беларусі былі недасяжныя шматлікія сайты беларускіх выданьняў і практычна ўсе замежныя сайты. Дзяржаўныя органы і асабіста Аляксандар Лукашэнка сьцьвярджаюць, што прычынай стала кібэратака з-за мяжы, але тэхнічныя экспэрты тлумачаць (тут па-беларуску, тут па-расейску, тут па-ангельску), што блякаваньні адбываліся з боку тых самых дзяржаўных органаў.

12 жніўня доступ амаль да ўсіх рэсурсаў у Беларусі аднавіўся, але ці ня зьнікне зноў, невядома.

Практыка мінулых дзён паказала самы просты і надзейны спосаб абыходу блякаваньня: «прабіцца» ў мэсэнджэр Telegram і зьбіраць там інфармацыю пра абыход блякаваньняў.

Цалкам заблякаваць Telegram не ўдавалася: мэсэнджэр сам дапамагае абыходзіць перашкоды, а стваральнік мэсэнджэру заяўляе пра «антыцэнзурныя інструмэнты» для Беларусі.

Што рабіць, калі ўжо ёсьць Telegram

Можна нават не шукаць налады proxy-сэрвэра ў опцыях праграмы, а націснуць на кнопку са шчытом
Можна нават не шукаць налады proxy-сэрвэра ў опцыях праграмы, а націснуць на кнопку са шчытом

Telegram падтрымлівае на смартфонах (на жаль, не на настольных кампутарах) мноства proxy-сэрвэраў — абыходных шляхоў, зь якіх правайдэр не адсочыць, што карыстальнік зьвязваецца з мэсэнджэрам. Прычым адрасы і інструкцыі для падключэньня да гэтых проксі можна адшукаць як самастойна, так і праз спэцыяльнага чат-бота.

Гэты бот завецца Proxy MTProto. Раз на некалькі гадзінаў ён прапануе новыя адрасы proxy-сэрвэраў, уключыць якія можна адной кнопкай: «Connect». Некалькі з гэтых сэрвэраў могуць не працаваць, але адзін зь двух-трох дзясяткаў заўсёды застанецца працоўным.

Сьпіс дасяжных і недасяжных proxy-сэрвэраў
Сьпіс дасяжных і недасяжных proxy-сэрвэраў

Пасьля таго, як карыстальнік дадае проксі, сэрвэр зьяўляецца ў сьпісе ўжо ўсталяваных, пры тым у сьпісе пазначаецца, да якіх ранейшых сэрвэраў няма доступу, а да якіх ёсьць. Тыя, да якіх ёсьць, паказваюць ping — час, за які сыгнал праходзіць між сэрвэрам і карыстальнікам. Чым меншы гэты час, тым хутчэйшае будзе злучэньне.

Калі злучэньне ўсталявалася, можна ня толькі чытаць навіны ў каналах СМІ і блогераў, але і шукаць сродкі абыходу блякаваньняў. Нейкага аднаго надзейнага сродку няма: часам працуюць адны, часам іншыя.

Але наборы гэтых сродкаў, а таксама адрасы, на якіх можна спампаваць іх у Беларусі нават пры блякаваньні замежнага інтэрнэту, публікуе шэраг каналаў у Telegram, як напрыклад канал «За BYnet», а апошнім часам — і гарадзкія, і раённыя чаты, і каналы папулярных блогераў.

Прытым у Telegram падказваюць сродкі як для тэлефона, так і для настольнага кампутара — можна спампаваць «настольную» праграму на тэлефон і праз дрот перадаць на свой кампутар.

Што рабіць, калі яшчэ няма Telegram, а інтэрнэт ужо блякуюць

Мэсэнджэр Telegram мае адзіную хібу пры блякаваньні вонкавага інтэрнэту. Для рэгістрацыі ў Telegram трэба пазначыць нумар мабільнага тэлефона, да якога будзе прывязаны акаўнт. Пры ўваходзе (login) у мэсэнджэр трэба прыняць SMS з дадатковым кодам — а пры праблемах з доступам у Telegram гэтыя SMS не даходзілі.

Розныя абыходныя шляхі, каб атрымаць SMS на «чужы» нумар, існуюць, але яны прывязаныя да інтэрнэт-сэрвісаў па-за межамі Беларусі, якія могуць быць недасяжнымі.

Калі не атрымаецца «з нуля» ўвайсьці ў Telegram пасьля пачатку праблемаў з доступам да яго, застанецца толькі шукаць знаёмых, якія маюць доступ да дзейных сродкаў абыходу блякаваньняў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG