Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС: пратэсты ў ноч на 12 жніўня былі ў 25 гарадах, затрымалі звыш 1000 чалавек, упершыню супраць дэманстрантаў ужылі агнястрэльную зброю

абноўлена

Вечар 11 жніўня ў Менску
Вечар 11 жніўня ў Менску

Міністэрства ўнутраных справаў паведаміла ўдзень 12 жніўня пра акцыі пратэсту мінулай ночы: «Адзначаныг ачаговыя зборы грамадзян у 25 населеных пунктах».

«У сталіцы і шэрагу буйных гарадоў мелі месца асобныя спробы перакрыцьця руху грамадзкага транспарту, а таксама факты адкрытага супрацьстаяньня органам парадку», — піша МУС. Распачалі 17 крымінальных справаў, затрымалі звыш тысячы чалавек.

Са спасылкай на Міністэрства аховы здароўя МУС піша, што да мэдыкаў зьвярнуўся 51 грамадзянін, а 14 міліцыянтам і вайскоўцам унутраных войскаў нанесьлі «цялесныя пашкоджаньні рознай ступені цяжкасьці». Асобна МУС згадвае акцыі на вуліцы Прытыцкага ў Менску, «наезд на вайскоўца» ў Жодзіне, «напад на супрацоўнікаў міліцыі» ў Берасьці, кіданьне ў бок міліцэйскай машыны ў Жабінцы «кактэйля Молатава».

Упершыню ўжылі агнястрэльную зброю супраць дэманстрантаў

«У Берасьці на супрацоўнікаў міліцыі напала група агрэсіўных грамадзян са зброяй у руках, — сьцьвярджае МУС. — Папераджальныя стрэлы іх не спынілі. Для абароны жыцьця і здароўя супрацоўнікаў зброя была ўжытая на паражэньне. Адзін з тых, хто нападаў, быў паранены».

Прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава паабяцала Свабодзе ўдакладніць, зь якой зброі стралялі на паражэньне.

У прэсавай службе Берасьцейскай міліцыі на пытаньне, ці ўжывалі зброю на паражэньне падчас разгонаў дэмантрантаў у Берасьці адказалі: «Пра ўсё чытайце на Тэлеграм-канале ў афіцыйным паведамленьні МУС Беларусі».

Пазьней на просьбу Свабоды МУС абнавіла паведамленьне. Падзеі ў Берасьці цяпер апісаныя так:

«У Берасьці на супрацоўнікаў міліцыі напала група агрэсіўна настроеных грамадзянаў з арматурай у руках. Папераджальныя стрэлы ўверх іх не спынілі. Для абароны жыцьця і здароўя супрацоўнікаў агнястрэльная зброя была ўжытая на паражэньне. Адзін з тых, хто нападаў, паранены».

Пра справы супраць міліцыянтаў ня кажуць

Прэс-сакратарка МУС сказала карэспандэнту Свабоды, што пра завядзеньне крымінальных справаў супраць міліцыянтаў за нанясеньне пашкоджаньняў грамадзянам і перавышэньне службовых паўнамоцтваў ёй невядома.

«Гэтым я не цікавілася, трэба спытаць у Сьледчага камітэта», — сказала Вольга Чамаданава.

На дадзены момант тэлефоны прэсавай службы СК не адказваюць.

Таксама Вольга Чамаданава сказала, што «ня ведае» фактаў, каб міліцыянты адмыслова білі шкло і люстэркі аўтамабіляў падчас падзей 11 жніўня ў Менску.

«Мне пра такія заявы невядома», — заявіла яна.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG