Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Давераную асобу Ціханоўскай выпусьцілі з гомельскага суду і зноў затрымалі


Тацяна Канеўская, архіўнае фота
Тацяна Канеўская, архіўнае фота

Суд Савецкага раёну Гомля 10 жніўня разглядаў адміністрацыйныя пратаколы на Тацяну Канеўскую, давераную асобу Сьвятланы Ціханоўскай. Таксама судзілі каардынатара кампаніі «Права выбару» Васіля Палякова.

Іх затрымалі 8 жніўня. І Палякова, і Канеўскую абвінавацілі ў дробным хуліганстве і непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі. Паводле міліцыянтаў, Канеўская 8 жніўня «гучна крычала, размахвала рукамі, чым парушыла грамадзкі парадак». Яна нібыта не рэагавала на заўвагі міліцыі.

Канеўская не прызнала сваёй віны. Суд адправіў справу на дапрацоўку па артыкуле 23.4 — непадпарадкаваньне. Таксама суд зьвярнуў увагу, што жанчына мае непаўналетняга сына. Паводле заканадаўства, такія жанчыны не падлягаюць адміністрацыйнаму арышту.

Канеўскую адпусьцілі, яна пайшла забраць рэчы зь міліцэйскага аўтамабіля і зьнікла.

«Паехалі ў Савецкі РАУС пісаць заяву на яе зьнікненьне, і там нам паведамілі, што яе зноў затрымалі, яна ў ізалятары часовага ўтрыманьня», — паведаміў сын Тацяны Канеўскай.

Васіля Палякова паводле двух артыкулаў КаАП пакаралі арыштам на 10 содняў. Міліцыя напісала ў пратаколе, што ён «мачыўся ў грамадзкім месцы і на заўвагі міліцыі не рэагаваў». Палякоў віны не прызнаў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG