Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі ўчора затрымалі 30 чалавек, большасьць будуць судзіць


Падчас акцыі пратэсту ў Гомлі
Падчас акцыі пратэсту ў Гомлі

У Гомлі падчас стыхійнага пратэсту ўвечары 9 жніўня супрацоўнікі АМАПу затрымалі 30 чалавек, перадае карэспандэнт Свабоды.

Сярод затрыманых карэспандэнт «Комсомольской правды в Белоруссии» Павал Міцкевіч і неназваны назіральнік.

Затрыманых даставілі ў РАУС Цэнтральнага раёну Гомля. З словаў Міцкевіча, пасьля трох гадзін затрыманьня людзі патрабавалі іх выпусьціць або скласьці пратаколы, паведаміў Свабодзе Міцкевіч. У міліцыі адказалі, што чакаюць кіраўніцтва РАУС, але ніхто так і не прыехаў.

А 5-й раніцы на волю выпусьцілі Паўла Міцкевіча і назіральніка. На астатніх склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і непадпарадкаваньне міліцыі. Іх маюць судзіць.

9 жніўня пасля закрыцьця выбарчых участкаў на плошчы Леніна ў Гомлі сабраліся пратэстоўцы. Плошчу ачапілі супрацоўнікі АМАП, былі 2 аўтазакі. Пачаліся затрыманьні і сутычка пратэстоўцаў і міліцыянтаў. АМАП пачаў выцясьняць людзей з плошчы. Аўтамабілі сыгналілі, людзі скандавалі: «Верым! Можам! Пераможам», «Жыве Беларусь», «Гэта наш горад!». Супрацоўнікі ДАІ спынялі аўтамабілі.

Найбольш масавы канфлікт здарыўся на плошчы Паўстаньня, дзе супрацоўнікі ДАІ затрымалі маладога кіроўцу. Машыну ачапілі людзі і запатрабавалі адпусьціць яго. Пад’ехаў аўтазак, пачаліся затрыманьні.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG