Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арцемій Троіцкі: У сытуацыі поўнай ізаляцыі Лукашэнка нядоўга працягне

абноўлена

Артемий Троицкий
Артемий Троицкий

Расейскі журналіст і музыказнаўца Арцемій Троіцкі — пра тое, чаму падзеі ў Беларусі важныя для ўсёй постсавецкай прасторы.

— Ведаю, што вы ўважліва сочыце за падзеямі ў Беларусі і рэгулярна даеце ім ацэнку на інтэрнэтным ARU TV. 8 жніўня вы гаварылі пра Беларусь пасьля зьмены ўлады, пра высокія шанцы на сяброўства ў Эўразьвязе і пра прыклад для Расеі і іншых аўтарытарных краінаў. Чаму тое, што адбываецца ў Беларусі, важна для ўсёй постсавецкай прасторы?

— Агонія саўка моцна зацягнулася. Падзеі ў Расеі, Украіне, Беларусі, краінах Балтыі вельмі важныя. 9 жніўня і пазьней Беларусь стане ключыкам ад шкатулкі, дзе схаваная сьмерць жахлівага кашчэя пад назвай «савок». Украіна больш-менш з гэтых ланцугоў вырвалася, Расея — краіна наколькі вялікая, настолькі складаная. Баюся, што ў Расеі ніколі нічога ў парадку ня будзе. Вельмі хацелася б, каб Расея стала нармальнай краінай, але яна не нармальная першапачаткова і па сваім памеры, і па псыхалёгіі свайго насельніцтва. Гляджу на расейскія справы зь ціхім жахам.

— Ваша жонка зь Беларусі, мае беларускае грамадзянства. Ці прагаласавала яна ў Таліне?

— Так, сёньня яна прагаласавала ў амбасадзе Беларусі ў Таліне. Больш за той двое маіх малодшых дзяцей — грамадзяне Беларусі. Жонка прагаласавала, натуральна, за Сьвятлану Ціханоўскую.

— Як бачым, улада ў Беларусі дзейнічае жорстка. Калі не атрымаецца дасягнуць пераменаў, ваш прагноз, якім будзе шостае прэзыдэнцтва Лукашэнкі?

— Я думаю, што час Лукашэнкі мінуў. Канечне, ён, ягоныя цвк, мянты «намалююць» 76% Лукашэнку, а астатнія — «подлыя адшчапенцы». Але гэта пірава перамога, бо Лукашэнка ўжо пацярпеў у Беларусі поўню маральную паразу. Ён пазбавіўся легітымнасьці ў сябе дома ў Беларусі, паколькі ўсім відавочна, што ён нікому не патрэбны. І калі людзі за яго і галасавалі, то 90% зь іх галасавалі з-пад палкі, як зьняволеныя. Калі цябе прымушаюць галасаваць, гвалтам, то гэта зусім ня значыць, што гэтыя выбарнікі яго падтрымліваюць. Не, нават калі яны за яго прагаласавалі, яны яго ненавідзяць, і нават мацней ненавідзяць праз гэтае грамадзкае згвалтаваньне.

Натуральна гэта будзе ганьба на ўсю Эўропу і на ўвесь сьвет. Гэта будуць дадатковыя пэрсанальныя і эканамічныя санкцыі. Гэта і нечакана, але і ў асобе Расеі, у якой таксама існуе дыктатура і крайне непрыемны і нязьменны дыктатар, я думаю, што ня будзе болей вялікай дружбы паміж Пуціным і Лукашэнкам, і ніякай маральнай, эканамічнай і ваеннай падтрымкі з боку Расеі атрымліваць ён ня будзе, прынамсі ў ранейшым памеры. У сытуацыі поўнай ізаляцыі, калі ён можа спадзявацца толькі на штыкі купленага ім войска і мянтоў, я думаю, нядоўга Лукашэнка працягне.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG