Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Улады перайшлі да тактыкі адкрытага змаганьня зь незалежнымі назіральнікамі», — кампанія «Права выбару» 


Менск, 8 жніўня, затрыманьні
Менск, 8 жніўня, затрыманьні

Кампанія назіраньня «Права выбару» выступіла з заявай адносна арыштаў незалежных назіральнікаў. Паводле дадзеных на 9 жніўня, па ўсёй краіне затрымана больш за тры дзясяткі чалавек.

«Прэзыдэнцкая кампанія-2020 праходзіць у жорсткіх і напружаных умовах: сотні жыхароў Беларусі, якія праяўляюць грамадзка-палітычную актыўнасьць, трапілі пад прэсінг уладаў, па надуманых падставах іх затрымліваюць і арыштоўваюць», — гаворыцца ў заяве.

Замест адкрытага і галоснага, сумленнага і праўдзівага падліку галасоў за ўсіх кандыдатаў Цэнтравыбаркам прыняў працэдуру, якая дазваляе маніпуляваць волевыяўленьнем народу Беларусі, адзначаюць аўтары. Улады перайшлі да тактыкі адкрытага змаганьня з незалежнымі назіральнікамі, якія маюць адну мэту: фіксацыя яўкі і кантроль за працэдурай галасаваньня.

Вынікам гэтага сталі шматлікія затрыманьні, суды і арышты.
Кампанія «Права выбару» заяўляе пра беспрэцэдэнтны ціск і патрабуе ад уладаў:

  • забясьпечыць грамадзянам Беларусі магчымасьць назіраць за працэсам у асноўны дзень галасаваньня
  • адмовіцца ад практыкі адвольнага пакараньня незалежных назіральнікаў на падставе скаргаў прадстаўнікоў выбаркамаў ці іншых назіральнікаў
  • забясьпечыць празрысты і дэмакратычны падлік галасоў і зьняць абмежаваньні на доступ да яго.

«Мы лічым, што ў такіх складаных умовах назіральнікі, якія кожны дзень прыходзяць да сваіх участкаў, каб зафіксаваць умовы, у якіх праходзяць выбары, сапраўдныя героі гэтай выбарчай кампаніі. Далучайцеся да назіраньня, дапамагайце назіральнікам у выпадку патрэбы. У нас усіх адна мэта — свабодныя выбары і дэмакратычная Беларусь», — заклікаюць актывісты «Права выбару».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG