Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штаб Ціханоўскай: восем чалавек з каманды затрымалі


Сьвятлана Ціханоўская ў мэтах бясьпекі ўвечары 8 жніўня пакінула сваю кватэру

Восем чалавек з каманды кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай затрымалі 8 і 9 жніўня. Некаторых зь іх ужо асудзілі на «суткі», што прад’яўляюць астатнім — пакуль невядома.

Як апавяла Tut.by прэс-сакратарка штабу Ганна Красуліна, на раніцу 9 жніўня затрыманыя:

  1. Начальніца штабу і давераная асоба Ціханоўская Марыя Мароз (цяпер на Акрэсьціна),
  2. Давераныя асобы Ціханоўскай Алег Маісееў,
  3. Тацяна Канеўская,
  4. Андрэй Смалянчук (асудзілі на 15 сутак арышту).
  5. Юры Ўласаў,
  6. Дзьмітры Ціт (Горадня) не выходзіць на сувязь,
  7. Павал Мялькоўскі (Горадня) асуджаны на 5 сутак арышту, яго машыну са 100 тысячамі ўлётак канфіскавалі,
  8. Антон Сташэўскі, затрыманы 8 жніўня, перавялі ў Сьледчы камітэт.

«На жаль, пра многіх зь іх мы ня можам атрымаць далейшую інфармацыю — дзе яны знаходзяцца, што ім прадʼявілі і гэтак далей», — адзначылі ў штабе.

Сама кандыдатка Сьвятлана Ціханоўская ўвечары 8 жніўня ў мэтах бясьпекі пакінула сваю кватэру. Перад гэтым пад домам Ціханоўскай стаялі супрацоўнікі ў цывільным і падʼехаў мікрааўтобус.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG