У дзень выбараў у Беларусі не адкрываюцца сайты БелаПАН, «Нашай нівы», Kyky.org, Navin.by і іншых СМІ
У ліку сайтаў беларускіх выданьняў і замежных выданьняў, што працуюць на беларускую аўдыторыю, пра праблемы з доступам да якіх паведамлялі 9 жніўня:
- belapan.by
- belaruspartisan.by
- euroradio.fm
- gomel.today
- kyky.org
- naviny.by
- nn.by
- svaboda.org
Беларусы скардзяцца таксама на праблемы з доступам да Telegram, Viber, Youtube і VPN-сэрвісаў.
У Воршы невядомыя вывесілі бел-чырвона-белы сьцяг на вышцы, што на вуліцы Матросава, у раёне мясцовага раёну Чаромушкі. Паводле інтэрнэт-парталу Orsha.eu, здымалі яго пры дапамозе будаўнічай тэхнікі.
«Гэта нагадвае ваеннае становішча». Сяргей Чэрачань прагаласаваў апошнім
Апошнім з кандыдатаў у прэзыдэнты прагаласаваў прадпрымальнік, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Сяргей Чэрачань.
А 15-й гадзіне ён прыйшоў на ўчастак №32 на вуліцы Някрасава з 5-гадовай дачкой і прэс- сакратаром Вікторыяй Стралкоўскай. Кандыдату ў прэзыдэнты давялося адстаяць даволі вялікую чаргу.
Ён пацьвердзіў, што абсалютна бяздоказна затрыманы і асуджаны на 10 сутак начальнік ягонага штабу, назіральнік Мікалай Лысянкоў.
Сяргей Чэрачань параўнаў сытуацыю ў Беларусі ў дзень выбараў з надзвычайным або нават «ваенным» становішчам: ваенізаваныя пасты на ўезьдзе ў горад, узброеныя салдаты, паўсюль сілавікі. Пра якое «сьвята» гаворка? — задаўся ён рытарычным пытаньнем.
«Гэта кепска, але для цяперашняй Беларусі гэта норма. Таму людзі і галасуюць за тое, каб адбыліся станоўчыя перамены», — адзначыў Сяргей Чэрачань.
Паводле яго, неабходна перазапусьціць усю структуру беларускай улады. Чыноўнікі павінны разумець: ці яны працуюць, ці проста займаюць нечае месца.
Вайсковыя машыны зьявіліся на плошчы Мясьнікова ў Менску днём 9 жніўня
Плятформа «Голас»: некаторых карыстальнікаў накіроўваюць на фальшывы сайт. Як ня трапіць на махляроў?
Інтэрнэт-плятформа «Голас», якая заклікае выбарнікаў высылаць фота запоўненых бюлетэняў, паскардзілася ў Twitter: днём 9 жніўня сайт у Беларусі або не адкрываецца, або замест яго паказваецца фальшывы.
Сайт недасяжны ў шэрагу беларускіх правайдэраў, але бесьперашкодна працуе за мяжой. Пабачыць фальшывы сайт Свабодзе не ўдалося. Аўтары плятформы пераконваюць, што фальшывы сайт зрабілі не яны, а «ААЦ ці хтосьці яшчэ».
Фальшывы сайт, паводле «Голасу», просіць увесьці нумар тэлефону. Сапраўдны сайт такога не патрабуе — усе апэрацыі адбываюцца не празь яго, а праз чат-ботаў у мэсэнджэрах Telegram і Viber (беларусы наракаюць на кепскую працу гэтых і іншых мэсэнджэраў у дзень выбараў).
Вераніка Цапкала прагаласавала ў Маскве
Жонка экс-прэтэндэнта ў прэзыдэнты Валера Цапкалы, паплечніца кандыдаткі Сьвятланы Ціханоўскай Вераніка Цапкала зьехала зь Беларусі — яна сьцьвярджае, што была пагроза затрыманьня. 9 жніўня Вераніка Цапкала была ўжо ў Маскве, прагаласавала ў амбасадзе Беларусі.
Менск пераадолеў 50%, па Гомельскай вобласьці 75%. ЦВК назваў лічбы яўкі
Паводле апрацаваных бюлетэняў, на 14.00 карціна з улікам датэрміновага галасаваньня па абласьцях і агулам па краіне выглядае наступным чынам.
- Берасьцейская — 63,05%
- Віцебская — 67,35%
- Гомельская — 75,83%
- Горадзенская — 65,75%
- Магілёўская — 72,57%
- Менская — 64,21%
- Менск — 52,03%
Агулам па краіне прагаласавалі 65,19% выбарнікаў.
Сьвятлана Ціханоўская прагаласавала ў Менску. Пад участкам натоўп сустракаў яе аплядысмэнтамі
Кандыдатку ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятлану Ціханоўскую сустрэлі на выбарчым участку аплядысмэнтамі. Пасьля 14-й гадзіны на ўчастак для галасаваньня №21 у менскім мікрараёне Ўсход.
Блізу 200 чалавек сустрэлі Сьвятлану Ціханоўскую аплядысмэнтамі, а таксама воклічамі «Сьвета!» і «Малайчына!». На ганку школы заўважаныя дыпляматы — верагодна, тыя, хто быў акрэдатаваны МЗС Беларусі ў якасьці назіральнікаў.
На пытаньне журналістаў, ці чакае яна «гвалтоўнага разгону і правакацыяў», яна перапытала: «Разгону каго?» Паводле Ціханоўскай, калі правакацыі і будуць, то толькі з боку праваахоўнікаў, але яна ня хоча такога разьвіцьця падзеяў, а хоча толькі справядлівых выбараў. Яна дадала, што заклікала чальцоў выбарчых камісіяў лічыць галасы справядліва.
Нацыянальныя назіральнікі ў размове са Свабодай панаракалі на шэраг парушэньняў — несупадзеньне колькасьці людзей у пратаколах і палічаных «па галовах», адсутнасьць шторак на кабінках ды іншыя тыповыя прыклады.
Раней выбарчы штаб прапанаваў фатаграфаваць бюлетэні, каб пасьля адправіць на плятформу «Голас», складваць «гармонікам» і толькі пасьля апускаць у выбарчую скрыню.
«Калі ўладзе няма чаго баяцца, калі б яны не перажывалі, калі ўвесь народ за Аляксандра Рыгоравіча, мы з гэтым пагадзіліся б, калі б выбары былі справядлівыя», — казала Ціханоўская на выхадзе з участку пад аплядысмэнты. Выходзіць з участку ёй было праблематычна праз шчыльны натоўп.
Лукашэнка заявіў, што на мяжы спынілі 170 іншаземцаў
Аляксандар Лукашэнка пасьля галасаваньня на сваім выбарным участку расказаў журналістам, што за апошнія суткі 170 чалавек спынілі на мяжы, у тым ліку з расейскага боку.
«Больш за ўсё з — тэрыторыі Польшчы, — удакладніў Аляксандар Лукашэнка. — З фальшывымі пашпартамі, зь невядома якімі мэтамі да нас ехалі. Яны, мабыць, толькі радыя засталіся: грошы атрымалі, а адпрацоўваць ня трэба, вярнуліся дадому».
Таксама, паводле Лукашэнкі, беларускія памежнікі спынілі грамадзянаў Расеі і Ўкраіны.
У Менску брутальна затрымалі журналістаў расейскага «Дождя»
Відэа брутальнага затрыманьня ў Менску карэспандэнтаў «Дождя» Ўладзіміра Роменскага, Васіля Палонскага і апэратара Мікалая Антыпава апублікаваў тэлеграм-канал Nexta.
Вераніка Цапкала зьехала зь Беларусі
Былы прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта, экс-кіраўнік Парку высокіх тэхналёгіяў Валер Цапкала паведаміў «Інтэрфаксу» 9 жніўня, што яго жонка Вераніка Цапкала пакінула Беларусь.
Паводле Валера Цапкалы, яго жонка зьехала, бо баялася крымінальнага перасьледу. Сам ён зьехаў разам зь дзецьмі 24 ліпеня — спачатку паехаў у Маскву, затым у Кіеў і Варшаву, ладзіць «тур» з сустрэчамі зь беларускай дыяспарай.
Вераніка Цапкала заставалася ў Беларусі, падтрымлівала кандыдатку ў прэзыдэнты Сьвятлану Ціханоўскую, выступала на ейных мітынгах.
3612 дзён арышту, 288,6 тысячы рублёў штрафаў
Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна» (сайт часам недасяжны ў Беларусі), на раніцу 9 жніўня з пачатку выбарчай кампаніі 265 чалавек атрымалі агулам 3612 сутак арышту паводле адміністрацыйных артыкулаў, «выкарыстаных у мэтах палітычнага перасьледу». 388 чалавек атрымалі штрафы агульным памерам больш за 288 600 рублёў (каля 117,4 тысячы даляраў). Праваабаронцы «Вясны» заяўляюць, што ім вядома як мінімум пра 1578 выпадкаў адвольных затрыманьняў, якія адбыліся ў пэрыяд з 6 траўня па 8 жніўня.
Ва Ўкраіне беларусы стаяць у чарзе, каб прагаласаваць на выбарах прэзыдэнта
Ва Ўкраіне працуе адзіны выбарчы ўчастак, на якім грамадзяне Беларусі могуць прагаласаваць на выбарах прэзыдэнта.
Выбарчы ўчастак знаходзіцца ў Амбасадзе Беларусі ў Кіеве. Такіх чэргаў, каб прагаласаваць, ва Ўкраіне, не было ні на адных ранейшых выбарах.
Кілямэтровая чарга на выбарчы ўчастак у Новай Баравой
Карэспандэнт Свабоды назіраў у раёне Новая Баравая, што на поўначы ад Менску, даўжэзную чаргу на выбарчы ўчастак. Прысутныя кажуць, што чарга ўжо працяглы час даўжэйшая за 1 км, стаяць у ёй даводзіцца па дзьве гадзіны. Раней раён адзначыўся вялікай колькасьцю бел-чырвона-белых сьцягоў у вокнах, «ланцугамі салідарнасьці».
Цяпер карэспандэнт Свабоды на ўчастку для галасаваньня. Жывая трансьляцыя >>
Беларусы скардзяцца на праблемы з доступам да Google, Telegram, Viber, Youtube...
Шэраг беларусаў наракае ў сацыяльных сетках на праблемы з доступам да асобных інтэрнэт-сэрвісаў. Паводле сайту Downdetector.com, у Беларусі наракаюць на адсутнасьць доступу да сэрвісаў Google (праблемаў у суседніх краінах амаль няма, але ёсьць у Нямеччыне), Telegram (праблемы таксама ў Расеі і Ўкраіне, але ня Польшчы і краінах Балтыі), Viber (таксама ва Ўкраіне і на поўдні Эўропы), Youtube (таксама ў Нямеччыне). Пры тым скаргаў на працу Facebook і Twitter практычна няма.
«Улады перайшлі да тактыкі адкрытага змаганьня зь незалежнымі назіральнікамі», — кампанія «Права выбару»
Кампанія назіраньня «Права выбару» выступіла з заявай адносна арыштаў незалежных назіральнікаў. Паводле дадзеных на 9 жніўня, па ўсёй краіне затрымана больш за тры дзясяткі чалавек.
«Прэзыдэнцкая кампанія-2020 праходзіць у жорсткіх і напружаных умовах: сотні жыхароў Беларусі, якія праяўляюць грамадзка-палітычную актыўнасьць, трапілі пад прэсінг уладаў, па надуманых падставах іх затрымліваюць і арыштоўваюць», — гаворыцца ў заяве.
Замест адкрытага і галоснага, сумленнага і праўдзівага падліку галасоў за ўсіх кандыдатаў Цэнтравыбаркам прыняў працэдуру, якая дазваляе маніпуляваць волевыяўленьнем народу Беларусі, адзначаюць аўтары. Улады перайшлі да тактыкі адкрытага змаганьня з незалежнымі назіральнікамі, якія маюць адну мэту: фіксацыя яўкі і кантроль за працэдурай галасаваньня.
Вынікам гэтага сталі шматлікія затрыманьні, суды і арышты.
Кампанія «Права выбару» заяўляе пра беспрэцэдэнтны ціск і патрабуе ад уладаў:
- забясьпечыць грамадзянам Беларусі магчымасьць назіраць за працэсам у асноўны дзень галасаваньня
- адмовіцца ад практыкі адвольнага пакараньня незалежных назіральнікаў на падставе скаргаў прадстаўнікоў выбаркамаў ці іншых назіральнікаў
- забясьпечыць празрысты і дэмакратычны падлік галасоў і зьняць абмежаваньні на доступ да яго.
Ярмошына: выбары адбыліся, апоўдні 9 жніўня 54% ужо ўзялі ўдзел у галасаваньні
Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына паведаміла днём 9 жніўня ў эфіры дзяржаўнага Агенцтва тэлевізійных навінаў, што апоўдні яўка на прэзыдэнцкіх выбарах (з улікам датэрміновага галасаваньня) склала 54%, што значыць, што выбары адбыліся.
Бар’ер у 50% яўкі пераадолелі ўсе рэгіёны акрамя Менску, сьцьвярджае Ярмошына. Звыш 60% яўкі было ў Гомельскай і Магілёўскай вобласьці — 66% і 63% адпаведна. У Менску — 43%. Ярмошына згадала, што ў Менску ўтвараюца чэргі на выбарчыя ўчасткі, а таксама скаргі ад незалежных назіральнікаў.
«Складваецца ўражаньне, што скаргі падаюць практычна адны і тыя ж людзі, некалькі дзясяткаў, — заявіла Ярмошына. — І, мяркуючы па ўсім, ім абяцаная аплата за падачу скаргаў, бо часьцяком пытаньне ўжо вырашанае ў тэрытарыяльнай камісіі, але ўсё адно ідзе скарга ў цэнтральную. Відавочна, зьдзельня аплата працы».
Ярмошына згадала, што зь Віцебскай вобласьці было 16 зваротаў грамадзянаў, а з Гомельскай — 10 («яны ўсе расьпісаныя, практычна ўсё неабгрунтавана»), у Менскай вобласьці — «асабліва шмат». Сярод скаргаў былі і нараканьні на адсутнасьць штораў на кабінках для галасаваньня — Ярмошына адзначыла, што гэта не забаронена законам і адпавядае міжнародным стандартам.
Як галасуюць на выбарах. Жывы эфір Свабоды
Сайт Радыё Свабода не загружаецца ў некаторых абанэнтаў ByFly
Шэраг абанэнтаў дзяржаўнай кампаніі «Белтэлекам» (як правайдэр працуе пад брэндам ByFly) паведамляе пра праблемы з доступам да сайту Svaboda.org. Праблемы з доступам тычацца ня ўсіх правайдэраў у Беларусі. З-за межаў краіны праблемаў з доступам да сайту няма.