Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 15 год турмы. СК завёў 21 крымінальную справу пасьля пратэстаў 9 жніўня, затрымалі больш за 80 чалавек


Акцыя пратэсту 9 жніўня у Менску
Акцыя пратэсту 9 жніўня у Менску

Сьледчы камітэт працягвае расьсьледаваньне крымінальных спраў па фактах масавых беспарадкаў і гвалту ў дачыненьні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў у ноч з 9 на 10 жніўня 2020 году ў Менску і іншых рэгіёнах краіны, паведамляе СК у Тэлеграме.

Усяго тэрытарыяльныя падразьдзяленьні СК завялі 21 крымінальную справу па па наступных артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • арт.293 (масавыя беспарадкі);
  • ч.2 ст.363 (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў, спалучаны з ужываньнем гвалту або пагрозай яго ўжываньня);
  • арт.364 (гвалт альбо пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў);
  • ч.1 арт.339 (хуліганства);
  • арт.342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Па некаторых з названых артыкулаў можа пагражаць пакараньне да 15 гадоў пазбаўленьня волі.

Цяпер па падазрэньні ў зьдзяйсьненьні дадзеных злачынстваў затрымалі больш за 80 чалавек, паведамляе СК. Большасьць зь іх — маладыя людзі ва ўзросьце 20-25 гадоў. Паводле Сьледчага камітэту, частка падазраваных у момант затрыманьня знаходзілася ў стане наркатычнага або алькагольнага ап’яненьня.

Як раней паведамляла МУС, падчас акцыі пратэсту 9 жніўня пацярпелі 39 мілцыянтаў (Мінздароўя казала пра 40 праваахоўнікаў).

Увечары 9 жніўня ў Менску, усіх абласных цэнтрах і іншых гарадах Беларусі прайшлі стыхійныя акцыі пратэсту. Паводле Міністэрства ўнутраных справаў, пратэсты зафіксавалі ў 33 гарадах, каля 3000 чалавек затрымалі, зь іх каля тысячы ў Менску. «У выніку сутыкненьняў» пацярпелі 50 грамадзянаў і 39 супрацоўнікаў міліцыі, некаторыя шпіталізаваныя. Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведаміў, што адзін чалавек загінуў падчас пратэсту мінулай ноччу ў Менску. У Міністэрстве ўнутраных справаў Беларусі заявілі, што падчас акцыяў пратэсту ніхто не загінуў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG