Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне беларусы стаяць у чарзе, каб прагаласаваць на выбарах прэзыдэнта


Чарга да галасаваньня ў Кіеве

Ва Ўкраіне адкрыты адзіны выбарчы ўчастак, на якім грамадзяне Беларусі могуць прагаласаваць на выбарах прэзыдэнта.​

Выбарчы ўчастак знаходзіцца ў амбасадзе Беларусі ў Кіеве. Такіх чэргаў, каб прагаласаваць, тут не было ні на адных ранейшых выбарах.

На ўчастак запрашаюць па адным-два чалавекі, якіх правяраюць мэталашукальнікамі і папярэджваюць аб забароне карыстацца сродкамі фота- і відэафіксацыі, у тым ліку і тэлефонамі. На ўчастку дзьве кабінкі для галасаваньня.

Чаргу падтрымліваюць сыгналамі кіроўцы аўтамабіляў з украінскімі нумарамі. Калі міма праехаў аўтамабіль зь бел-чырвона-белым сьцягам, уся чарга выбухнула воплескамі і выгукамі «Жыве Беларусь!».

Алёна
Алёна


Алёна стаіць у чарзе ўжо амаль гадзіну — яна жыве ва Ўкраіне шосты год, але галасуе ўпершыню. «Для мяне гэта вельмі важна — выказаць сваю грамадзянскую пазыцыю. Я не магла зрабіць інакш», — сказала Свабодзе Алёна. Сярод прычын, паводле якіх яна зьехала зь Беларусі, яна ў першую чаргу назвала свабоду, якой у Менску не адчувала: «Хацелася б жыць у сваёй роднай краіне. Магчыма з часам я вярнуся».

Амбасада ахоўваецца ва ўзмоцненым рэжыме, але машыны хуткай дапамогі няма. Сярод выбарнікаў пераважаюць маладыя людзі, якія выказваюцца за перамены.

Зінаіда
Зінаіда


У той жа час, паводле апытаньня Свабоды, людзі плянуюыь галасаваць за розных кандыдатаў. Рэалізаваць сваё выбарчае права прыйшла да амбасады і 84-гадовая Зінаіда. Яна прызналася, што ўсё жыцьцё галасавала за аднаго кандыдата: «Ён нас любіць, пэнсіянэраў падтрымлівае. Я зараз жыву ва Ўкраіне і маю пэнсію 2 тысячы грыўняў, а калі б жыла ў Беларусі, то атрымлівала б 4,5. То чаму я мушу галасаваць супраць?». Зінаіда паведаміла Свабодзе, што вымушана пераехала ва Ўкраіну да дачкі, бо ў Беларусі засталася адна.

Аляксандар Мацук
Аляксандар Мацук


Аляксандар Мацук сказаў Свабодзе, што ўдзельнічае ў выбарах прэзыдэнта з 2010 году: «У Кіеў мы з жонкай пераехалі па працы і найперш таму, што нам хацелася прынцыпова іншых маральна-псыхалягічных умоў жыцьця. Тут у нас ёсьць адчуваньне духу свабоды, тут цябе не абмяжоўваюць і ты можаш казаць тое, што думаеш. Тым ня менш мы застаемся беларусамі, а тое, што адбывалася ў Беларусі апошнія месяцы, паказала ўсю сутнасьць улады і на што яна здольная».

Каля амбасады працуе каманда валянтэраў, якія апытваюць выбарнікаў пра іхнае галасаваньне. Вынікі стануць вядомыя пасьля 20 гадзін, калі ўчастак зачыніцца. На мінулых выбарах у сьпісах выбарнікаў для галасаваньня на ўчастку ў амбасадзе было ўключана амаль 600 грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца на консульскім уліку. Сёньня прагаласаваць прыйшлі і тыя, хто раней у Кіеве не галасаваў, хаця доўгі час пражываюць ва Ўкраіне.

Сёньня ўвечары беларусы плянуюць сабрацца на Майдане Незалежнасьці ў Кіеве на акцыю салідарнасьці зь Беларусьсю. Пасьля невялікага веча яны пройдуць калёнай праз цэнтар украінскай сталіцы да амбасады, каб патрабаваць сумленнага падліку галасоў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG