Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кошт плюралізму, альбо каго прадстаўляе Валер Цапкала


Ёсьць палітыкі, якія, хоць і знаходзяцца навідавоку, але пакідаюць сваёй дзейнасьцю шмат пытаньняў і недасказанасьцяў.

Сьцісла:

  • На ўсіх пасадах Валер Цапкала ніколі не выказваў публічна пярэчаньняў Лукашэнку
  • Статус Цапкалы, у якім ён пачаў міжнародны ваяж, ня вызначаны
  • Незразумела, ці падзяляе Ціханоўская некаторыя заявы Цапкалы
  • Ці павінен удзельнічаць у выбарах адкрыта прарасейскі кандыдат?

У цяперашняй кампаніі выбараў адной з такіх незразумелых асобаў зьяўляецца, несумненна, Валер Цапкала.

Валер Цапкала — рэкардсмэн кар’ернага росту па ўзросьце ў найноўшай гісторыі Беларусі. Ды што там — ва ўсёй пасьляваеннай гісторыі (у 30-х людзі, якім ня споўнілася 30, рабіліся намесьнікамі наркамаў — замест старэйшых расстраляных кіраўнікоў — каб неўзабаве зьнікнуць у Курапатах).

Для тых, хто цікавіцца найноўшай гісторыяй, адзначу, што, да прыкладу, Анатоль Лябедзька ў 29 гадоў быў абраны намесьнікам старшыні парлямэнцкай камісіі, а Валер Курдзюкоў у 28 гадоў і Дзьмітрый Булахаў у 30 – старшынямі камісій і членамі Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета; пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Прэзыдыюм, груба кажучы, быў тым, чым у СССР было Палітбюро. Але гэта – заканадаўчая ўлада, у выканаўчай жа прыклад Цапкалы ўнікальны.

У пасьляваеннай гісторыі ніхто да Валера Цапкалы ў 29 гадоў не займаў у структурах выканаўчай улады такую высокую пасаду — першага намесьніка міністра замежных спраў. Прычым не МЗС БССР са штатам у дзясятак чалавек і фактычна адзінай функцыяй — дапамогай беларускай дэлегацыі на сэсіі ААН. Гэта было ўжо паўнавартаснае зьнешнепалітычнае ведамства, зь дзясяткамі дыпляматычных місій у замежжы.

Але гэтай пасадзе папярэднічала яшчэ адна — уласна, зь яе і пачаўся кар’ерны ўзьлёт Валера Цапкалы ў незалежнай Беларусі, і тады ж пачалі множыцца пытаньні вакол ягонай асобы як палітыка.

Дарадца кіраўніка дзяржавы ў 28 гадоў

У 1993 годзе Цапкалу ўзяў да сябе дарадцам старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч. На той момант у Шушкевіча было некалькі дарадцаў, прычым кожны зь іх быў даволі вядомай асобай у сваіх сфэрах. Прызначэньне 27-гадовага супрацоўніка МЗС дарадцам першай службовай асобы краіны выклікала і неразуменьне, і пытаньні (каб чытач мог зразумець вагу пасады, нагадаю, што ў свой час пасаду дарадцы пры прэзыдэнце ЗША займаў Зьбігнеў Бжэзінскі).

Хто параіў Шушкевічу запрасіць яго на працу? Чаму Шушкевіч ня раіўся з Камісіяй Вярхоўнага Савету ў міжнародных справах? Ці ведаў Шушкевіч пра сувязі Цапкалы з тымі сіламі ў Расеі, якія, мякка кажучы, не ўхвалялі стварэньня новых незалежных дзяржаваў і імкнуліся вярнуць іх пад кантроль Масквы? А калі ведаў — чаму запрасіў (можаце ўявіць сабе ступень допуску да сакрэтнай інфармацыі)?

Потым Валер Цапкала працаваў у перадвыбарчым штабе Аляксандра Лукашэнкі і, як прыгадваюць, быў арганізатарам ягонага выступу ў Дзяржаўнай Думе Расеі. Фармальна прапанова выступіць рабілася ад фракцыі Жырыноўскага — таго самага, які ніколі не ўспрымаў Беларусь як незалежную дзяржаву.

Падчас таго выступу Лукашэнку ўдалося пераканаць расейскіх парлямэнтарыяў у сваім імкненьні аднавіць імпэрыю ды адправіць за краты 70 дэмакратаў. З гэтага моманту Лукашэнка стаў любімцам расейскіх праімпэрскіх сілаў.

Магчыма, менавіта гэтая паслуга і была аддзячаная пасадай першага намесьніка міністра замежных спраў (нягледзячы на супраціў міністра Сянько). Для грамадзтва Цапкала запомніўся на ёй хіба што падрыхтоўкай дамовы аб стварэньні беларуска-расейскай супольнасьці — той самай, якая вясной 96-га вывела на праспэкты дзясяткі тысяч пратэстоўцаў.

Ні слова супраць Лукашэнкі

Потым было крэсла амбасадара ў ЗША, пазьней — пасада памочніка Лукашэнкі, яшчэ пазьней — прадстаўніка Лукашэнкі ў так званым парлямэнце. І, нарэшце, кіраўніка Парку высокіх тэхналёгіяў.

На ўсіх гэтых пасадах ніхто ня ставіў пад сумнеў прафэсіяналізм Цапкалы. Роўна як і ніхто ня чуў, каб ён словам ці паўсловам выказаў хаця б мінімальную публічную нязгоду хоць зь якім-небудзь дзеяньнем кіраўніка дзяржавы. Ва ўсялякім разе, грамадзтву пра гэта невядома.

Што прымусіла Цапкалу пасьля даволі працяглай паўзы вярнуцца ў палітыку, ды ня проста вярнуцца, а прэтэндаваць на галоўную ролю ў дзяржаве?

Прэтэнзія, як вядома, скончылася нічым, але — ізноў жа, упершыню ў найноўшай гісторыі — узьнесла незарэгістраванага прэтэндэнта на нашмат больш прыкметную палітычную арбіту, чым тая, дзе цяпер знаходзяцца зарэгістраваныя кандыдаты (за выключэньнем Лукашэнкі і Ціханоўскай).

І спарадзіла шмат чарговых пытаньняў, якія выказваюцца ў дыскусіях палітычных аналітыкаў і абмяркоўваюцца ў сацыяльных сетках. Ня буду пералічваць іх усе, спынюся толькі на некаторых.

Нявызначаны статус

Бадай што самы зразумелы эпізод — гэта ад’езд у Маскву з мэтай вывезьці зь Беларусі дзяцей. Чаму ў Маскву? Магчыма, гэта было прасьцей зрабіць тэхнічна (пры тым, што, па словах Цапкалы, у яго ёсьць сябры ў розных краінах, у тым ліку і на ўзроўні дэпутатаў парлямэнту). Тут можна адзначыць цікавую розьніцу ў ацэнцы эміграцыі значнай часткай грамадзтва: той, хто зьехаў у Варшаву, у Вільню, у Лёндан, у Нью-Ёрк — здраднік, бо пакінуў Радзіму; той, хто пераехаў у Маскву — проста зьмяніў месца жыхарства і нібыта Радзімы не пакідаў.

Але Цапкала не эміграваў — ён заявіў, што будзе езьдзіць па сьвеце і інфармаваць пра сытуацыю ў Беларусі.

У якім статусе? Як прадстаўнік Сьвятланы Ціханоўскай ці «аб’яднанага штабу»? Як прадстаўнік нейкай беларускай партыі (пры тым, што ён, наколькі вядома, не ўваходзіць у ніводную зь іх)? Як прадстаўнік самога сябе?

Гэтыя пытаньні ня могуць ня ўзьнікнуць у зьвязку як мінімум з адной заявай Валера Цапкалы, дакладней, з адным пасажам у ягоным адкрытым лісьце да Ўладзіміра Пуціна.

Зрабіць тое, што не дарабіў Лукашэнка?

У сытуацыі, калі ў беларускім грамадзтве ўсталяваўся кансэнсус адносна небясьпекі «саюзнай дзяржавы» для незалежнасьці Беларусі — як ацэньваць словы Цапкалы ў лісьце да Пуціна, што Лукашэнка «заваліў» праект гэтай дзяржавы?

Як папрок — іншага варыянту няма. Але калі гэта дакор, дык, па лёгіцы, зь яго вынікае, што гэты праект мусіць быць рэалізаваны, што яго трэба прысьпешваць, і нехта іншы на месцы Лукашэнкі (хто?) давядзе яго да ладу.

І паколькі на ўсіх агітацыйных сустрэчах Сьвятланы Ціханоўскай і яе паплечніц гучыць, што іх мэта — дамагчыся новых свабодных выбараў, на якіх будуць зарэгістраваныя Ціханоўскі, Бабарыка, Цапкала і іншыя, — ці азначае гэта, што Ціханоўская лічыць нармальнай патэнцыйную магчымасьць зрабіцца кіраўніком дзяржавы палітыку, які давядзе да пасьпяховага выніку тое, што ня здолеў ці не пажадаў давесьці да выніку Лукашэнка?

Іншымі словамі — ці не занадта высокім (страта Беларусі як незалежнай дзяржавы) можа быць кошт такога плюралізму?

Бо аднойчы, у 1994 годзе, такі плюралізм праявіла Цэнтральная выбарчая камісія ў дачыненьні да кандыдатаў, якія не хавалі намераў аднавіць імпэрыю. Фактычна — ліквідаваць Беларусь як незалежную дзяржаву. У якой заўгодна іншай дзяржаве ім было б адмоўлена ў рэгістрацыі. У Беларусі — пракаціла. Адзін зь іх (камуніст) заняў шостае месца з шасьці магчымых. Другі (беспартыйны) — перамог і быў абраны прэзыдэнтам.

І знаходзіцца на пасадзе 26 гадоў.

Такой вось можа быць цана плюралізму.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG