Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цапкала зьвярнуўся да Пуціна, каб той асудзіў «антырасейскую палітыку Лукашэнкі»


Валеры Цапкала

Незарэгістраваны кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі Валер Цапкала, які пераехаў у Кіеў, асьцерагаючыся арышту, напісаў ліст кіраўніку Расеі Ўладзіміру Пуціну, паведамляе тэлеканал​ «Дождь».

У лісьце ён заклікаў «асудзіць антынародную і антырасейскую палітыку палітычнага рэжыму Лукашэнкі», «не падстаўляць яму плячо» і «падтрымаць свабодныя выбары ў краіне». Апанэнт дзейнай улады лічыць, што ў Лукашэнкі ніколі не было жаданьня будаваць з Расеяй «сумленныя, паважлівыя і збалянсаваныя ўзаемаадносіны».

Асобна Цапкала выказаў сваё стаўленьне да затрыманьня пад Менскам 33 расейскіх баевікоў. Ён назваў паводзіны беларускіх уладаў у дачыненьні да іх «неадэкватным». На яго думку, расейцаў арыштавалі «па надуманых абвінавачаньнях», «жорстка і зьневажальна». Лукашэнка вырашыў брудна выкарыстоўваць іх у сваіх унутрыпалітычных гульнях для барацьбы з альтэрнатыўнымі кандыдатамі, падсумаваў Валер Цапкала.

Раней Цапкала накіраваў адкрыты ліст з просьбай «падтрымаць правядзеньне свабодных і сумленных прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі» прэзыдэнтам і прэм’ер-міністрам 32 краін, у тым ліку ЗША, Нямеччыны, Францыі, Вялікай Брытаніі, Украіны.

Былы дыплямат, бізнэсовец і топ-мэнэджар увесну вылучыў сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкія выбары і нароўні з банкірам Віктарам Бабарыкам разглядаўся як адзін з галоўных канкурэнтаў Лукашэнкі. Пазьней Бабарыку арыштавалі, а Цапкала, баючыся затрыманьня, пакінуў Беларусь. Іх перадвыбарныя штабы аб’ядналіся са штабам Сьвятланы Ціханоўскай, якая вырашыла балятавацца пасьля арышту мужа, вядомага ў Беларусі блогера Сяргея Ціханоўскага.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG