Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта правіла беларускай палітычнай гігіены». Ганна Севярынец просіць Цапкалу адмовіцца ад зваротаў да Пуціна


Ганна Севярынец
Ганна Севярынец

Настаўніца, пісьменьніца, літаратуразнаўца Ганна Севярынец просіць Цапкалу адмовіцца ад зваротаў да Масквы.

Паважаны Валер Вільямавіч! Зьвяртаюся да вас як грамадзянка Рэспублікі Беларусь, як настаўніца, як культурны дзеяч, нарэшце як чалавек, які ставіў свой подпіс у вашу падтрымку, гэтаксама як я пакідала свае подпісы ў падтрымку Віктара Бабарыкі і Сьвятланы Ціханоўскай.

Мы ўсе як грамадзяне маем права на асабістыя перакананьні, свае ўласныя прыярытэты і схільнасьці, свае ўяўленьні пра магчымае і немагчымае. Але калі чалавек становіцца палітыкам і бярэ на сябе адказнасьць казаць не ад свайго ўласнага імя, а ад імя народу сваёй краіны, ён у любым выпадку павінен улічваць інтарэсы і схільнасьці не свае, а — той часткі народу, якую ён прадстаўляе.

Пакуль вы былі адным з прэтэндэнтаў у кандыдаты, кошт вашых выказваньняў быў адным. Цяпер, калі вы зьяўляецеся прадстаўніком аб’яднанага штабу, кошт гэты зусім іншы. Значна вышэйшы.

Я маю на ўвазе вашыя звароты да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Ад асьцярожных і дыпляматычна вытрыманых зваротаў пра «непадтрымку рэжыму» і «непрызнаньне выбараў» вы пакрысе пераходзіце да зваротаў, якія я ўспрымаю як заклік да ўмяшаньня ва ўнутраныя справы нашай краіны. Цяпер вы просіце рэжым Пуціна асудзіць антырасейскую рыторыку беларускіх уладаў і памкненьне пасварыць «брацкія народы».

Я хачу нагадаць вам, што рытарычная фігура «брацкі народ» — адна з самых небясьпечных рытарычных фігур у беларускай (і ня толькі беларускай) палітыцы. Пад эгідай гэтага брацтва была тройчы падзеленая Рэч Паспалітая, на некалькі соцень год забароненая беларуская пісьменнасьць і адукацыя, нованароджаная ў 1918 годзе беларуская дзяржаўнасьць была ператвораная ў дэкарацыю, аплочаную крывёй найлепшых сыноў нашай краіны. Я хачу нагадаць вам пра Полацкую Сафію, узарваную Пятром Першым, пра крывавую разьню Івана Жахлівага, калі на нашых землях загінулі сотні тысяч тутэйшых людзей, пра расстрэл 29 кастрычніка 1937 году, калі за адну ноч з санкцыі Масквы былі забітыя больш за 100 беларускіх культурнікаў: грамадзкіх дзеячоў, навукоўцаў, пісьменьнікаў, журналістаў. Гэта былі ня проста сталінскія рэпрэсіі. Гэта былі маскоўскія рэпрэсіі супраць нацыянальных эліт былой імпэрыі. Гэта было прымушэньне да таго брацтва, да якога вы зараз апэлюеце.

Так, мы назаўсёды будзем суседам Расеі. Так, мы павінны падтрымліваць добрасуседзкія адносіны. Так, мы мусім мець эканамічныя дамоўленасьці. Так, культурныя сувязі з расейскім народам, калі яны будуць весьціся ў адэкватным кірунку, могуць быць для нас узбагачальнымі.

Але палітычная самастойнасьць дзяржаўных дзеячоў, адсутнасьць палітычных дамоўленасьцяў з дыктатарскай уладай іншай краіны — гэта неабходнае правіла беларускай палітычнай гігіены. Цяперашняя ўлада Расеі, сама дыктатарская, не хаўрусьнік нам у нашай барацьбе.

Я хачу нагадаць вам лёс трох моцных нацыянальных палітыкаў дваццатых гадоў мінулага стагодзьдзя. Шукаючы для сваёй краіны дзяржаўнасьці, палітычнай самастойнасьці і нацыянальнай будучыні, яны пайшлі на хаўрус з бальшавіцкай Масквой, бо бачылі за новай савецкай уладай моц, падтрымку людзей і сацыяльную праўду. Я маю на ўвазе нашых нацыянал-камуністаў Аляксандра Чарвякова, Мікалая Галадзеда і Язэпа Адамовіча, якія шмат зрабілі для Беларусі, для ўмацаваньня яе эканомікі, культуры, нацыянальнай сьвядомасьці — і пры гэтым былі тут праваднікамі савецкага брацтва. У 1937 годзе Чарвякоў скончыў жыцьцё самагубствам у перапынку партыйнага зьезду, на якім ён зразумеў, што супраць яго пачынаецца моцны ціск з Масквы. Мікалай Галадзед выкінуўся з вакна кабінэта падчас допыту органамі НКВД. Язэп Адамовіч застрэліўся ў цягніку, які вёз яго з Далёкага Ўсходу ў Маскву «на ковёр».

Гісторыя цяперашняя, якая разгортваецца ў нас на вачах, сьведчыць тое самае: ніякі палітычны хаўрус з Расеяй не зьяўляецца карысным альбо канструктыўным ані для краіны, ані для палітыка. Паглядзіце на цяперашняга прэзыдэнта. Дапамог яму гэты ягоны дваццацігадовы хаўрус?

Як грамадзянка, як выбаршчык, як беларуска — лічу патрэбным перасьцерагчы вас ад любых просьбаў палітычнай дапамогі нашай краіне ад расейскага рэжыму. Нам, беларусам, такой дапамогі ня трэба.

Беларусь мае свой уласны шлях да свабоды і незалежнасьці, свой унутраны патэнцыял, сваю гістарычную ўпартасьць, зь якой мы прарастаем праз акупацыі, імпэрыі, унутраныя свары і непаразуменьні. Нас столькі стагодзьдзяў зьнішчаюць, вычэрпваюць з нас то цэбрам, а то чайнай лыжачкай веру ў сябе, у свае ўласныя сілы, у сваю краіну. Але мы ёсьць, і мы будзем. Не правакуйце нашую гісторыю на чарговы віток змаганьня ня толькі з унутранымі праблемамі, але і з вонкавымі. Гэта ўсё ўжо было. І ніколі не канчалася добра.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG