Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Падарункі ад расейскага народу». Хто і як перакройваў мапу СССР


Мапа БССР у 1945
Мапа БССР у 1945

«Узьнікае пытаньне: калі тая або іншая рэспубліка ўвайшла ў склад Савецкага Саюзу, але атрымала ў свой багаж велізарную колькасьць расейскіх земляў, а потым вырашыла выйсьці з складу? Але тады хай бы выходзіла хаця б з чым прыйшла і ня цягнула з сабой падарункі ад расейскага народу».

З такой заявай выступіў у чэрвені Ўладзімір Пуцін. Улічваючы сумны досьвед Украіны шасьцігадовай даўніны, ня дзіўна, што ў суседніх з Расеяй краінах насьцярожыліся. Прэсаваму сакратару прэзыдэнта РФ Дзьмітрыю Пяскову нават давялося тлумачыць, што словы яго шэфа не азначаюць, што ў Расеі ёсьць тэрытарыяльныя прэтэнзіі да іншых былых савецкіх рэспублік. Пуцін «гаварыў не пра падарункі. Ён казаў пра раней дапушчаныя сыстэмныя памылкі ў Канстытуцыі, якія не прадугледжвалі цэлы шэраг сытуацый», — сьцьвярджаў Пяскоў.

Аглядальнік расейскай службы Радыё Свабода Яраслаў Шымаў прыгадаў, хто, каму і якія тэрытарыяльныя «падарункі» рабіў у СССР за ўсе гады яго існаваньня і якімі меркаваньнямі гэта дыктавалася.

Ленін супраць Сталіна, фэдэрацыя супраць аўтаноміі

101 год таму, у чэрвені 1919 году, у разгар грамадзянскай вайны на тэрыторыі былой Расейскай імпэрыі, Усерасейскі цэнтральны выканаўчы камітэт, намінальна найвышэйшы орган савецкай улады, прыняў пастанову «Аб аб’яднаньні савецкіх рэспублік Расеі, Латвіі, Літвы, Беларусі для барацьбы з сусьветным капіталізмам». Дакумэнт прадугледжваў абʼяднаньне вайсковых і гаспадарчых органаў гэтых рэспублік, стварэньне агульнай фінансавай, транспартнай, сацыяльна-эканамічнай сыстэмы. Трэба адзначыць, што ў той момант бальшавікі не лічылі, што іх рэвалюцыя абмяжуецца межамі былой Расейскай імпэрыі, а разьлічвалі, што яна перакінецца на іншыя краіны Эўропы і Азіі і ў канчатковым выніку стане сусьветнай. Менавіта гэта было галоўнай палітыка-ідэалягічнай мэтай паходу Чырвонай арміі ў Польшчу ў 1920 годзе.

Падчас грамадзянскай вайны межы дзяржаўных утварэньняў, якія ствараюцца бальшавікамі і іх супернікамі, не раз мяняліся. У 1918-1922 гадах на мапе былой імпэрыі зьяўляліся, напрыклад, такія недаўгавечныя дзяржавы, як Літоўска-Беларуская ССР (ЛітБел) або Далёкаўсходняя рэспубліка — фармальна незалежная дзяржава, якая служыла буфэрам паміж Савецкай Расеяй і Японіяй. Ідэалёгія зьмешвалася ў нацыянальнай палітыцы бальшавікоў з грубым прагматызмам: з аднаго боку, урад Леніна выступаў пад лёзунгам самавызначэньня нацый, з другога — нярэдка краіў мапу ў адпаведнасьці зь бягучымі ваенна-палітычнымі патрэбамі.

Гэты падыход захоўваўся і пазьней: у 1940 годзе, пасьля савецка-фінскай («зімовай») вайны, Карэльская аўтаномія ў складзе РСФСР была ператвораная ў Карэла-Фінскую ССР. Яна праіснавала 16 гадоў і была зноў «паніжаная ў званьні» да аўтаномнай рэспублікі ў 1956-м, калі адносіны з суседняй Фінляндыяй нармалізаваліся — на знак чаго з назвы рэспублікі прыбралі слова «фінская», якое магло быць вытлумачанае суседзямі як намёк на тэрытарыяльныя прэтэнзіі.

Маніфэстацыя камуністаў у Менску, 7 лістапада 2019
Маніфэстацыя камуністаў у Менску, 7 лістапада 2019

Калі стала ясна, што сусьветнай рэвалюцыі пакуль не атрымаецца, бальшавікі заняліся ўладкаваньнем таго, што апынулася ў іх у руках у выніку грамадзянскай вайны. Паміж савецкімі рэспублікамі на пачатку 1920-х гадоў існавалі дамоўныя адносіны, але ў 1922-м бальшавіцкае кіраўніцтва вырашыла абʼяднаць гэтыя рэспублікі ў адзіную дзяржаву. Якім чынам? З гэтай нагоды сутыкнуліся думкі Леніна і Сталіна, які займаў пасаду народнага камісара ў справах нацыянальнасьцяў. Сталін высунуў праект «аўтанамізацыі»: іншыя рэспублікі павінны былі ўступіць у РСФСР на правах аўтаноміяў. Ленін быў супраць, назваўшы сталінскую прапанову «шкоднай задумай» і выступіўшы за фэдэрацыю фармальна раўнапраўных рэспублік: «Мы прызнаем сябе раўнапраўнымі з Украінскай ССР і іншымі. І разам і нароўні зь імі ўваходзім у новы саюз, новую фэдэрацыю» (зь ліста членам палітбюро ЦК РКП (б) 26 верасьня 1922 году).

Супраць аўтарытэту правадыра рэвалюцыі не папрэш, і СССР быў створаны 30 сьнежня таго самага году ў складзе чатырох рэспублік: РСФСР, Украінскай ССР, Беларускай ССР і Закаўкаскай фэдэрацыі (ЗСФСР). У складзе апошняй апынуліся саветызаваныя годам раней Грузія, Арменія і Азэрбайджан. Аднак Сталін фактычна дамогся свайго пазьней, стварыўшы ў гады сваёй дыктатуры строга цэнтралізаваную дзяржаву, у якой аўтаномія саюзных рэспублік у дачыненьні да Масквы стала чыстай фармальнасьцю. Зь іншага боку, у РСФСР, быццам бы «галоўнай» савецкай рэспубліцы, не было некаторых дзяржаўных атрыбутаў, якія былі ў іншых саюзных рэспублік, напрыклад, уласнай кампартыі з адпаведнымі структурамі.

У 2016 годзе, выступаючы на форуме Агульнарасейскага народнага фронту, Уладзімір Пуцін уступіў у даўнюю спрэчку двух бальшавіцкіх правадыроў — фактычна на баку Сталіна. Ён адзначыў, што ў СССР «межы вызначаліся зусім адвольна і далёка не заўсёды абгрунтавана. Украіне, напрыклад, Данбас перадалі. Зь якой прычыны: павышэньне працэнту пралетарыяту ва Ўкраіне для таго, каб мець там вялікую сацыяльную падтрымку. Гэта жах нейкі». Хто ж каму і што перадаваў на самой справе?

Украіна: «падарункі» былі ўзаемнымі

У 1918 годзе, калі была абвешчаная незалежнасьць Украінскай Народнай Рэспублікі (УНР), у якасьці яе межаў былі заяўленыя межы некалькіх рэгіёнаў былой Расейскай імпэрыі зь перавагай украінскага насельніцтва: Кіеўскай, Валынскай, Падольскай, Херсонскай, Чарнігаўскай, Палтаўскай, Харкаўскай, Екацерынаслаўскай губэрняў і паветаў паўночнай Таўрыі. У пачатку 1919 году было абвешчана аб абʼяднаньні УНР з Заходне-Ўкраінскай Народнай Рэспублікай (ЗУНР), што азначала далучэньне да Ўкраіны шэрагу тэрыторый, якія да заканчэньня Першай сусьветнай вайны ўваходзілі ў склад Аўстра-Вугоршчыны. У тым самым 1919 годзе на Парыскай мірнай канфэрэнцыі ўкраінская дэлегацыя прадставіла мапу, на якой у склад УНР былі ўключаныя Крым, Кубань і некаторыя раёны вобласьці Войска Данскога і Слабадзкой Украіны. Гэтыя пляны не былі рэалізаваны ў сувязі з паразай прыхільнікаў украінскай незалежнасьці ў грамадзянскай вайне.

Мапа Ўкраіны, прадстаўленая ўдзельнікам Парыскай мірнай канфэрэнцыі дэлегацыяй УНР (1919)
Мапа Ўкраіны, прадстаўленая ўдзельнікам Парыскай мірнай канфэрэнцыі дэлегацыяй УНР (1919)

Дзяржаўна-адміністрацыйная творчасьць бальшавікоў на ўкраінскай тэрыторыі таксама была вельмі разнастайнай. У лютым 1918 году ў частцы раёнаў левабярэжнай Украіны была абвешчаная Данецка-Крывароская савецкая рэспубліка, але вельмі хутка па распараджэньні з Масквы яе далучылі да Ўкраінскай савецкай рэспублікі — бальшавіцкай «альтэрнатывы» УНР. (Імаверна, менавіта гэты эпізод меў на ўвазе Ўладзімір Пуцін, кажучы аб «перадачы Ўкраіне Данбасу»).

У 1922 годзе УССР уступіла ў склад Савецкага Саюзу, прычым яе межы неаднаразова карэктаваліся. У 1919 годзе ад УССР да РСФСР былі перададзеныя 4 паўночныя раёны Чарнігаўскай губэрні. Тады ж савецкая Ўкраіна прэтэндавала на шэраг раёнаў Слабажаншчыны (цяпер у складзе Белгарадзкай і Курскай абласьцей РФ). 13 студзеня 1919 году часовы рабоча-сялянскі ўрад Украіны пастанавіў: «Улічваючы натуральную блізкасьць Белгарадзкага раёну да Харкаўскай губэрні... у адпаведнасьці з запытам Белгарадсзкага рэўкаму далучыць Белгарадзкі раён да Харкаўшчыны». Пасьля, аднак, гэтыя прэтэнзіі задаволеныя не былі. Наадварот, значная частка цяперашняй Растоўскай вобласьці з гарадамі Таганрог, Каменск і Шахты апынулася ў 1920 годзе ў складзе УССР, але празь пяць гадоў большую частку гэтых тэрыторый вярнулі РСФСР. Контуры, падобныя да цяперашніх, расейска-ўкраінская мяжа на данбаскім участку набыла толькі ў 1928 годзе.

Прасоўваньне савецкай імпэрыі на захад у выніку пагадненьня зь Нямеччынай аб фактычным падзеле ўсходу Эўропы адбілася і на межах савецкай Украіны. Восеньню 1939 году да УССР былі далучаныя вобласьці Заходняй Украіны, якія ўваходзілі пасьля 1921 году ў склад Польшчы. У 1940 годзе ўкраінская тэрыторыя папоўнілася Паўночнай Букавінай, якую (разам зь Бесарабіяй) пад ціскам СССР саступіла Румынія, а ў 1944-м — Закарпацьце, перададзенае Савецкаму Саюзу Чэхаславаччынай. У 1954 годзе Украінскай ССР была перададзена Крымская вобласьць — паводле тагачаснага афіцыйнага вызначэньня, з прычыны «агульнасьці эканомікі, тэрытарыяльнай блізкасьці і шчыльных гаспадарчых і культурных сувязяў паміж Крымскай вобласьцю і Ўкраінскай ССР».

Беларусь: прырашчэньні і скарачэньні

У 1903 годзе этнограф прафэсар Яўхім Карскі склаў «этнаграфічную карту беларускага племені» з пазначанай на ёй «мяжой беларускай вобласьці» — у яе разам з тэрыторыяй сучаснай Беларусі былі, зыходзячы з тагачаснага этнічнага складу насельніцтва, уключаныя, напрыклад, Вільня з навакольлем і значная частка цяперашніх Смаленскай і Бранскай абласьцей РФ.

Зыходзячы з гэтай мапы, у 1918 годзе кіраўніцтва недаўгавечнай Беларускай Народнай Рэспублікі паспрабавала ўсталяваць межы нованароджанай краіны. Грамадзянская вайна ўнесла свае карэктывы, і «зборам» беларускіх тэрыторый займаліся ўжо бальшавікі, абвясьціўшы савецкую Беларусь у пачатку 1919 году. Затым яны на нейкі час абʼядналі яе зь Літвой — прынамсі на паперы, таму што рэальная абстаноўка на франтах мянялася імкліва, — і, нарэшце, аднавілі БССР, але на вельмі невялікай тэрыторыі, якая ўключала ў сябе толькі шэсьць паветаў Менскай губэрні.

«Этнаграфічная мапа беларускага племені» праф. Я. Карскага (1903)
«Этнаграфічная мапа беларускага племені» праф. Я. Карскага (1903)

У сярэдзіне 1920-х гадоў да БССР былі далучаныя часткі Віцебскай, Смаленскай і Гомельскай губэрняў. Самым буйным тэрытарыяльным прырашчэньнем Беларусі стала далучэньне заходніх беларускіх земляў у выніку савецка-нямецкага падзелу Рэчы Паспалітай ў 1939 годзе. Тады ў склад БССР уключылі і Беластоцкую вобласьць, частку якой, аднак, пасьля Другой сусьветнай вайны вярнулі Польшчы.

А вось Віленскі край, які беларускі нацыянальны рух лічыў «сваім», Беларусі не дастаўся. Больш за тое, у канцы 1940 году, пасьля далучэньня да СССР трох краін Балтыі, Сталін правёў карэкціроўку беларуска-літоўскай мяжы, перадаўшы ад БССР Літве шэраг раёнаў — у тым ліку курорт Друскінінкай (Друскенікі).

Менш вядомы эпізод жніўня 1944 году, калі Крэмль плянаваў стварэньне Полацкай вобласьці, якая мелася быць уключаная ў склад РСФСР. Аўтарства ідэі прыпісваюць аднаму з паплечнікаў Сталіна — Георгію Малянкову. А яе правал — нечаканаму супраціву тагачаснага кіраўніка беларускіх камуністаў Панцеляймона Панамарэнкі. Паводле яго ўспамінаў, яму ўдалося пераканаць дыктатара не мяняць мяжу: «Сталін нахмурыўся, павісла мёртвая паўза, усе маўчалі і чакалі яго рашэньня. Нарэшце ён падняўся і сказаў: “Добра, скончым з гэтым пытаньнем. Полацкую вобласьць трэба стварыць, але ў складзе Беларусі. Народ добры, і крыўдзіць яго, сапраўды, ня варта“». Такую добразычлівасьць Сталіна сучасныя беларускія гісторыкі тлумачаць тым, што ён да таго часу ўжо вырашыў перадаць прасавецкаму ўраду Польшчы Беластоцкую вобласьць БССР. Дадатковае скарачэньне беларускай тэрыторыі, яшчэ і на карысьць Расеі, магло б выклікаць незадаволенасьць насельніцтва БССР, цалкам не патрэбнае савецкаму рэжыму ў складаны пасьляваенны пэрыяд.

Казахстан са сталіцай у Арэнбургу

У пэрыяд грамадзянскай вайны на тэрыторыі сучаснага Казахстану была абвешчаная Алашская аўтаномія. Аднак, ня маючы колькі-небудзь прыкметнай вайсковай сілы, у 1920 годзе яна была зьнішчаная бальшавікамі. Яны абʼядналі большую частку казаскіх тэрыторый у рамках Кіргіскай, пазьней пераназванай у Казаскую, аўтаномнай рэспублікі. (У царскія часы казахаў называлі «кіргіз-кайсаками»). У 1936 годзе яе статус быў «падвышаны» да саюзнай рэспублікі. Першай сталіцай казаскай аўтаноміі стаў Арэнбург, толькі ў 1925 годзе сталіцу перанесьлі далей на поўдзень, у Кзыл-Арду, а Арэнбург з вобласьцю былі ўключаныя ў склад РСФСР.

Пецярбурскі палітоляг, ураджэнец Казахстану Грыгоры Голасаў іранічна заўважае ў гэтай сувязі: «З нагоды Казахстану, адкуль я родам, узьнікаюць пытаньні. З аднаго боку, амаль усю тэрыторыю Казахстану можна залічыць у традыцыйныя тэрыторыі — як-ніяк, Кацярына Вялікая ўжо была богападобнаю царыцай „кіргіз-кайсацкае арды“ (Г. Дзяржавін). Зь іншага боку, першай сталіцай Кіргіскай АССР, якая потым стала Казахстанам, быў Арэнбург, і ці ня варта з гэтай прычыны яго разглядаць як падарунак ад казаскага народу? »

Што тычыцца астатніх цэнтральнаазіяцкіх народаў, то яны ў 1920-30-я гады перажылі працэс так званага нацыянальна-тэрытарыяльнага разьмежаваньня, у выніку якога паўсталі саюзныя рэспублікі (цяпер — незалежныя дзяржавы) у межах, блізкіх да сучасных. Але яшчэ ў 1928 годзе карта савецкай Сярэдняй Азіі выглядала наступным чынам:

Межы саюзных і аўтаномных рэспублік СССР далёка не заўсёды адпавядалі межам пражываньня розных этнасаў. Часьцяком яны праводзіліся, зыходзячы хутчэй з палітычных, эканамічных ці адміністрацыйных інтарэсаў камуністычнага рэжыму, для якога гэтыя межы былі толькі ўнутранымі разьмежавальнымі лініямі: савецкая ўлада, натуральна, не разьлічвала на ўласнае падзеньне. У выніку на тэрыторыі СССР яшчэ да яго распаду або адразу пасьля яго ўзьнікла некалькі агмянёў міжэтнічных канфліктаў: Нагорны Карабах, Прыднястроўе, Абхазія, памежныя раёны Ўзбэкістану і Кігргізстану і г. д.

Тым ня менш пры скасаваньні дамовы аб утварэньні Савецкага Саюзу новымі незалежнымі дзяржавамі тэрытарыяльныя прэтэнзіі да суседзяў імі ў большасьці выпадкаў не прадʼяўляліся, пра «падарункі» з таго або іншага боку размова не ішла. Гэта дазволіла былому СССР пазьбегнуць найбольш крывавага сцэнару распаду — у адрозьненьне, напрыклад, ад былой Югаславіі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG