Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яўка 108% і «рост» галасоў за Лукашэнку. Дасьледчык прааналізаваў пратаколы мінулых выбараў


Прэзыдэнцкія выбары ў 2010 годзе, ілюстрацыйнае фота
Прэзыдэнцкія выбары ў 2010 годзе, ілюстрацыйнае фота

Дасьледчык Андрэй Елісееў з EAST Center знайшоў у архівах выбарчых кампаніяў цікавыя анамаліі і «статыстычныя неверагоднасьці», якія лічыць маніпуляцыямі з вынікамі выбараў. Свае знаходкі ён сфармаваў у дасьледаваньне на паўсотні старонак.

Некаторыя знаходкі з дасьледаваньня такія:

  • у 2006 годзе ў большасьці раёнаў Магілёўскай вобласьці нібыта ніхто не галасаваў «супраць усіх», а ў Жлобінскім і Мазырскім раёнах Гомельскай вобласьці «супраць усіх» нібыта прагаласавала адмоўная колькасьць людзей — у табліцах ЦВК за той год проста няма пункту «супраць усіх», хоць так можна было галасаваць, а калі скласьці галасы за ўсіх кандыдатаў і сапсаваныя бюлетэні, выходзіць нават больш галасоў, чым выбарнікаў, якія атрымалі бюлетэні;
  • у 2015 годзе была зафіксаваная адсутнасьць сапсаваных бюлетэняў у шэрагу раёнаў, а ў Шклоўскім раёне нават адмоўная — за той год у табліцах ЦВК ёсьць галасы «супраць усіх», але няма сапсаваных бюлетэняў, колькасьць якіх падлічыў дасьледчык;
  • неаднаразова яўка перавышала 100% — прагаласавала больш выбарнікаў, чым выдалі бюлетэняў, а часам і больш, чым было ў сьпісах выбарнікаў на ўчастках. Так, у 2006 годзе ў Віцебскім раёне на ўчастках №7 і №8 яўка склала 108% і 103%;
  • колькасьць галасоў у чарнавіках зводных ведамасьцяў бывае напісаная алоўкам і адрозьніваецца ад фінальнай: напрыклад, у 2006 годзе на ўчастковых камісіях №1–3 у Віцебскім раёне было 3, 34 і 9 галасоў у «чарнавіку», а ў «чыставіку» — 0, 1 і 6, у 2010 годзе ў Маладачанскім раёне розьніца паміж «чарнавіком» і «чыставіком» склала 150 галасоў на карысьць Лукашэнкі, мінус 100 галасоў у Саньнікава, па мінус 50 — у Някляева і Раманчука;
  • нярэдка адсоткі галасоў за кандыдатаў падазрона «круглыя»: у 2006 годзе за Лукашэнку, паводле ЦВК, прагаласавала 83,8000% у Горадзенскай вобласьці і 88,4999% у Магілёўскай — імавернасьць атрымаць такія лічбы вельмі нізкая, калі лік ідзе на сотні тысячаў выбарнікаў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG