Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінуў дзень з заявы Лукашэнкі пра «новую групу баевікоў» на поўдні Беларусі. КДБ, МУС і СК не камэнтуюць


Аляксандар Лукашэнка падчас пасланьня беларускаму народу 4 жніўня

Аляксандар Лукашэнка падчас штогадовага пасланьня да парлямэнту і народу 4 жніўня заявіў, што стала вядома пра перакідваньне на поўдзень Беларусі новага атраду баевікоў.

Раней беларускія ўлады заявілі, што затрымалі групу з 33 баевікоў расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр», і «гэта толькі першая група з 180 або 200 чалавек, якая плянавалася да перакідваньня ў Беларусь».

Паводле Лукашэнкі, 4 жніўня паступіла інфармацыя яшчэ пра адзін атрад баевікоў, перакінуты на поўдзень Беларусі. «І гэта падчас уборачнай кампаніі! — сказаў ён.— Усіх адловім, не сумнявайцеся».

Лукашэнка ў тым пасланьні абверг выказваньні расейскіх палітыкаў, што затрыманыя ў Беларусі ўдзельнікі прыватнай вайсковай арганізацыі «Вагнэра» ляцелі ў Стамбул:

«Хлусьня пра Афрыку, Лацінскую Амэрыку і г.д. Сьпярша Стамбул, пасьля Вэнэсуэла, потым ужо пазванілі, сказалі, што самі ня ведаем куды. Мы ведаем! Каманда была чакаць сыгналу. Чаму празь Беларусь? А ня з Крыму ці Новарасійску. Расказалі ўсё! Перастаньце хлусіць! Мы ўсё ведаем. Не падкідвайце тут ядзернай зброі. Не распальвайце, бо палыхне так, што да Ўладзівастоку дакінецца».

Што кажуць сілавікі і спэцслужбы

Афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч сказаў Свабодзе 5 жніўня, што «як і ўчора, інфармацыі няма ніякай», а датэлефанавацца да Камітэту дзяржаўнай бясьпекі не ўдаецца.

На сайтах СК і КДБ, як і на сайце Міністэрства ўнутраных справаў, няма ніякіх паведамленьняў аб «новых баевіках», пра якіх суткі таму казаў Лукашэнка.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG