Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рэзалі колы, арыштоўвалі людзей, забаранялі мітынгі». Як альтэрнатыўным кандыдатам перашкаджаюць удзельнічаць у выбарах


Ілюстрацыйнае фота. Удзельнікаў перадвыбарчага пікету Сьвятланы Ціханоўскай у Лідзе аглядаюць і здымаюць на камэру
Ілюстрацыйнае фота. Удзельнікаў перадвыбарчага пікету Сьвятланы Ціханоўскай у Лідзе аглядаюць і здымаюць на камэру

Ад пачатку сёлетняй выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі ўжо больш за 700 затрыманых. Многія зь іх — актывісты штабоў кандыдатаў і прэтэндэнтаў у кандыдаты. Свабода паглядзела, ці лёгка ідзе кампанія для альтэрнатыўных кандыдатаў.

Кампанія Сьвятланы Ціханоўскай: Затрыманьні і перашкоды пікетам

Дзевяць чалавек са штабу Сьвятланы Ціханоўскай прызнаныя палітычнымі вязьнямі. Яны цяпер за кратамі ў межах крымінальнай справы аб арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.

Муж Сьвятланы Ціханоўскай і кіраўнік яе перадвыбарчага штабу Сяргей Ціханоўскі абвінавачваецца ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, а таксама ў распальваньні нацыянальнай, расавай ці сацыяльнай варожасьці. Цяпер, паводле праваабаронцаў, у Беларусі 23 палітвязьні, да выбараў было 3.

Актывістаў аб’яднанага штабу працягваюць затрымліваць і саджаць на суткі. 2 жніўня затрымалі давераную асобу Ціханоўскай Валянціна Троцкага. У яго заставалася неадбытым адміністрацыйнае пакараньне. Ёсьць праблемы і зь пікетамі, і з агітацыйнымі матэрыяламі.

«Па Гомельскай вобласьці ўсё занята пікетамі Лукашэнкі, і мы нідзе ня можам уклініцца. У Баранавічах у нас пікет быў а 10 гадзіне, бо з 12 усё занята Лукашэнкам. З гэтай прычыны мы не змаглі ўзгадніць пікет у Пінску. Былі праблемы зь білбордамі за Ціханоўскую. Іх не ўзгаднілі», — расказала прэс-сакратарка аб’яднанага штабу Ганна Красуліна.

Як мінімум тры разы машыны Ціханоўскай спыняла ДАІ на шляху да пікетаў у розныя гарады. Адзін раз прабівалі колы машыне штабу. 2 жніўня Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што «супраць яе рыхтуецца правакацыя ў Бярозе на агітацыйным мітынгу». Таму туды Сьвятлана не паехала.

Па словах прэс-сакратаркі Ганны Красулінай, вывешваць білборды за Сьвятлану Ціханоўскую адмовіліся па ўсёй краіне, бо ўсе месцы нібыта занятыя сацыяльнай рэклямай.

Таксама штаб ня можа напоўніцу скарыстаць грошы з выбарчага фонду.

«Для выбарчага фонду кандыдата ў прэзыдэнты існуе абмежаваньне — 9000 базавых велічынь, гэта 243 тысячы рублёў. Менавіта такую суму мы можам выдаткаваць з рахунку. Нам паступіла нашмат больш — у нас ёсьць выпіска з рахунку — 280 тысяч.

Мы спынілі збор — таму што трэба будзе вяртаць тое, што застанецца. Дык вось зараз з гэтай сумы лічацца ананімнымі парадку 80 тысяч беларускіх рублёў. Гэта значыць, што не хапае зьвестак адпраўніка. Мы б хацелі аднавіць усе гэтыя грошы — ня толькі 43 тысячы, якія мы яшчэ маглі б выдаткаваць, але і астатнія — тады мы хоць бы здолеем вярнуць іх адпраўніку, а інакш яны бяздарна сыдуць у бюджэт», — сказала Красуліна.

Сяргей Чэрачань: Прабітыя колы і арыштаваны актывіст

Сяргей Чэрачань яшчэ на самым пачатку агітацыі адмовіўся ад пікетаў. У машыне ягонага штабу таксама прабівалі колы, кажа прэс-сакратар кандыдата Алег Чумакоў.

«Трох чалавек са штабу звольнілі з працы. Самы рэзанансны выпадак — гэта Дзьмітры Ўрангель, якога пазбавілі эфіраў на тэлевізіі. Прабівалі колы людзям, якія зьбіралі подпісы ў Віцебску. Арыштоўвалі каардынатара па Стоўпцах Андрэя Букату», — паведаміў Алег Чумакоў.

Андрэй Дзьмітрыеў: Гэта фактычна забарона на агітацыю

Андрэй Дзьмітрыеў пералічвае такія перашкоды, як адмова друкаваць рэкляму, разьмяшчаць білборды ды іншае. Але адкрытых правакацый Андрэй Дзьмітрыеў не прыгадвае.

«Мы агітуем на ўскрайку гарадоў сёньня. Гэта таксама можна лічыць забаронай на агітацыю», — падсумоўвае Андрэй Дзьмітрыеў.

У гэтую выбарчую кампанію ўлады зьменшылі колькасьць пунктаў, дзе можна агітаваць. Калі раней агітацыю можна было праводзіць амаль паўсюль, за некаторым выключэньнем, то сёлета вызначылі аддаленыя ад цэнтру гарадоў пляцоўкі.

Напрыклад, у Менску такіх пляцовак 6, у іншых гарадах меней. Усё гэта паркі і сквэры ў аддаленых кутках.

Назіраньне за перадвыбарчай кампаніяй вядуць таксама не зарэгістраваны ўладамі Беларусі праваабарончы цэнтар «Вясна» і Беларускі Хэльсынскі камітэт. Іх заўвагі ў штотыднёвай аналітычнай справаздачы выглядаюць наступным чынам:

  • Перадвыбарчая агітацыя праходзіць у няроўных умовах, бо на падтрымку Аляксандра Лукашэнкі працуе адміністрацыйны апарат.
  • Мерапрыемствы ў падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай праходзяць пад пільным наглядам сілавікоў.
  • Цэнтральная выбарчая камісія колькасна і якасна абмежавала магчымасьць назіраньня за выбарамі.
  • Працягваецца ціск на грамадзян краіны, якія публічна выказваюць сваю пазыцыю.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG