Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прадаць і незалежнасьць?» Што адказаў Орда дырэктару стадыёну, які заклікаў прафсаюзы не падтрымліваць Лукашэнку


Віктар Шумель
Віктар Шумель

Дырэктар Цэнтральнага спартовага комплексу «Нёман» у Горадні Віктар Шумель напісаў адкрыты ліст прафсаюзам, які даслаў старшыні Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі і кіраўніку выбарчага штабу Лукашэнкі Міхаілу Орду, у СМІ, а таксама апублікаваў 30 ліпеня ў сваіх сацыяльных сетках.

У лісьце Віктар Шумель адзначае, што Міхаіл Орда як старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі 15 ліпеня заявіў ад імя ўсёй арганізацыі, што тая «прыняла рашэньне аб падтрымцы Лукашэнкі» на будучых выбарах, што гэта «наша агульнае рашэньне», і заклікаў усіх грамадзян зрабіць выбар на карысьць дзейнага кіраўніка Беларусі.

«Далёка не „агульную“ думку Вы выказалі, чым зь вялікай верагоднасьцю можаце паўплываць на думку іншых», — піша Шумель.

Паводле Шумеля, словы Орды выклікалі ў работнікаў ЦСК «Нёман» незадаволенасьць, і многія, у тым ліку ён, падалі заявы аб выхадзе з прафсаюзу.

Ён адзначае, што, «разумеючы магчымыя наступствы для работнікаў», заклікаў іх не прымаць пасьпешлівых рашэньняў, але ягоная думка застаецца нязьменнай: «Я не жадаю быць сябрам Вашай арганізацыі і прымаць удзел у яе фінансаваньні».

Орда: «Ці прапануеце разам з прадпрыемствамі прадаць і незалежнасьць?»

Старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда адказаў на адкрыты зварот Віктара Шумеля.

Міхаіл Орда
Міхаіл Орда

Ён патлумачыў, што «фэдэрацыя прафсаюзаў прыняла заяву аб падтрымцы на выбарах кандыдатуры Аляксандра Лукашэнкі», і гэтае рашэньне аднагалосна прынялі ўдзельнікі рэспубліканскага прафсаюзнага форуму.

Паводле Орды, «у статуце арганізацыі прапісана, што Фэдэрацыя прафсаюзаў удзельнічае ў выбарчых кампаніях, падтрымліваючы тых кандыдатаў, чые каштоўнасьці і мэты адпавядаюць прафсаюзным прынцыпам».

«Для нас галоўнае, каб у людзей была праца і заработная плата. Каб у краіне быў мір і парадак. Ніхто зь сёлетніх кандыдатаў, акрамя Аляксандра Лукашэнкі, ня можа гэтага гарантаваць нашым людзям. Мы сёньня ведаем настроі і думкі людзей. Ведаем, што гэта пазыцыя мільёнаў. Іншыя кандыдаты сёньня адкрыта кажуць пра тое, што трэба распрадаць нашы прадпрыемствы, тыя, што ня купяць, — закрыць, а людзей — звольніць. Усё гэта вядзе краіну да разрухі і галечы», — адказ Орды цытуе tut.by.

Міхаіл Орда пытаецца ў дырэктара стадыёну: «Ці прапануеце разам з прадпрыемствамі прадаць і незалежнасьць? Прапануеце ўцягнуць беларусаў у палітычны і эканамічны хаос?». І заклікае падтрымаць кандыдатуру Аляксандра Лукашэнкі. Паводле Міхаіла Орды, «сёньня альтэрнатыўнай кандыдатуры проста няма».

«Для мяне застаецца незразумелым, як арганізацыя, мэтай якой найперш зьяўляецца абарона правоў працоўных, можа заяўляць: „Наш прэзыдэнт — гэта чалавек, які заўжды быў разам з народам“», — піша Шумель, падкрэсьліваючы, што «аб’ектыўна, у пэрыяд яго кіраўніцтва былі зробленыя крокі, якія істотна ўшчамляюць правы працоўных і грамадзян у цэлым» (ён згадвае павелічэньне пэнсійнага ўзросту, «дармаедзкі» падатак і іншае).

«Я бачу стаўленьне да Фэдэрацыі прафсаюзаў як да крыніцы фінансаваньня, а не адстойваньня правоў яе сяброў», — піша Шумель.

У лісьце ён просіць Орду:

  • перагледзець прынятыя раней заявы і адмовіцца ад заяваў, не датычных да непасрэднай дзейнасьці Фэдэрацыі прафсаюзаў,
  • адкрыта адмовіцца ад падтрымкі фэдэрацыяй любога з кандыдатаў у прэзыдэнты і зрабіць публічную заяву пра нэўтралітэт.

Паводле выданьня Hrodna.Life, заявы на выхад з прафсаюзу падалі, акрамя Шумеля, каля 50 супрацоўнікаў ЦСК «Нёман».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG