Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Другая карона для Лукашэнкі. Вынікі пасяджэньня УНС ад Вадзіма Мажэйкі


Аляксандар Лукашэнка, Вадзім Мажэйка, каляж
Аляксандар Лукашэнка, Вадзім Мажэйка, каляж

Чаму Лукашэнка пагражае сваякам палітэмігрантаў? У чым сэнс новай ваеннай дактрыны Беларусі? Ці рыхтуе Лукашэнка беларусаў да вайны? Як памяняецца роля УНС у яго новым канстытуцыйным статусе?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў праграме «Падзея і камэнтар» (ПІК) адказвае палітычны аналітык, каардынатар майстэрні думак «Наша Візія» Вадзім Мажэйка.

— На першым пасяджэньні УНС Аляксандар Лукашэнка стаў старшынём прэзыдыюму гэтага органу, атрымаў, так бы мовіць, новую карону. Але пачнем абмеркаваньне з заявы, якая прагучала на другі дзень пасяджэньня — Лукашэнка пагражаў перасьледам сваякам палітуцекачоў. У чым прычына? Ён паўтарае, што перамог апанэнтаў, сёлета безь перашкодаў правёў выбары, сфармаваў УНС. Чаму Лукашэнка працягвае помсьціць сваім апанэнтам, і ўсё больш жорстка?

— У 2020 годзе беларусы адрынулі палітычную сыстэму Лукашэнкі. Так — фізычна на вуліцах беларускіх гарадоў ён здолеў задушыць рэвалюцыю. Але гэта не прайшло для яго бясьсьледна. Ягоныя пагрозы на адрас сваякоў палітуцекачоў гучалі на УНС у кантэксьце ўзгадак пра «каляровыя рэвалюцыі», пра ўсіх нас, каго ён абзывае «беглымі». Гэтыя ягоныя страхі паказваюць і моц ягонай траўмы, і тое, наколькі моцным было яднаньне беларусаў супраць яго. Колькі б ён ні храбрыўся, яго запалохваньне ідзе ад няўпэўненасьці. Ён ня можа дазволіць сабе расслабіцца і спакойна жыць.

Для яго зараз ёсьць толькі «ябацькі», якія прадстаўленыя ў УНС. А ўсе астатнія — гэта не беларусы, не народ. Таму для яго мы і не заслугоўваем пашпартоў, і маёмасьць у нас можна забіраць, і сваякоў рэпрэсаваць. Апанэнты ўспрымаюцца як ворагі, якія чамусьці яшчэ выпадкова застаюцца на беларускай зямлі. Мэта — каб людзі ў дыяспары баяліся публічна выступаць, заклікаць да санкцыяў, прыгадваць пра карупцыю рэжыму. Лукашэнка на УНС прыгадваў пра сваіх сыноў, заяўляў, што ні ў яго, ні ў сыноў няма грошай у арабскіх краінах. Тым самым досыць празрыста даў зразумець, дзе менавіта гэтыя грошы захоўваюцца. Мы і раней ведалі, што і нашая маёмасьць, і нашыя сваякі ў Беларусі пад пагрозай. У гэтым няма нічога новага.

— Чырвонай ніткай у выступах Лукашэнкі на УНС была тэма пагрозы з боку Захаду, які нібыта рыхтуецца ваяваць зь Беларусьсю. УНС прыняў новую ваенную дактрыну краіны, у якой дзяржавы-пагрозы прапісаныя канкрэтна. І гэта дзяржавы Захаду. Вось гэтыя размовы, разам з заявамі пра падрыхтоўку Беларусі да вайны — гэта падрыхтоўка да вайны як да непазьбежнасьці ці як да імавернага сцэнару? Ці запалохваньне пэрспэктывай вайны і выкананьне ролі ўратавальніка ад яе — гэта база новага сацыяльнага кантракту? Маўляў, я ратую беларусаў ад вайны, таму хай не чакаюць большага?

— Пакуль вайна не прыйшла ў Беларусь, яе адсутнасьць ён можа прадаваць як сваё дасягненьне. Старшыня КДБ Іван Церцель казаў на УНС, што нібыта баявыя дроны запускалі зь Літвы ў Беларусь, выбухоўку з Украіны завозілі ў Беларусь. Вось зрабілі справаздачу — абаранілі беларусаў. Хоць насамрэч пагрозаў і не было, але ты нічога ня робіш і выглядаеш малайцом. Тое самае спрабуе рабіць і Лукашэнка. І часткова гэта працуе.

Мы бачылі дадзеныя сацыялягічных апытаньняў. Падчас вайны, нават калі яна віруе побач, назіраецца фэномэн «яднаньня вакол сьцяга». Вынікам гэтага стаў пэўны рост падтрымкі Лукашэнкі. А любы саўдзел Беларусі ў расейскай агрэсіі супраць Украіны Лукашэнка максымальна замоўчвае. Беларуская прапаганда, у адрозьненьне ад расейскай, не расказвае пра тое, як мы разам з «расейскім братамі» б’ем «бандэраўцаў». Яна расказвае пра тое, што ў Беларусі мір, што мы за мір.

Па прамовах Лукашэнкі на УНС было бачна, што яму хочацца быць датычным да сусьветнага парадку дня — разважаць пра сусьветную крызу, пра прыдуманы канфлікт паміж ЗША і Эўропай, пра крах даляра, пра магутнасьць Кітаю. Пры гэтым сьвет выдатна абыходзіцца безь яго. І яму ж няма з кім паразмаўляць пра гэта. Сьвятлана Ціханоўская ляціць на саміт «вялікай сямёркі» на Капры. І ёй там ёсьць з кім паразмаўляць пра глябальныя тэмы. А Лукашэнку застаецца сабраць сваіх падначаленых на УНС і расказваць ім сваё бачаньне. Калі Ціханоўская была на Капры, беларускія дыпляматы паляцелі ў КНДР. Вось такі ўзровень размоваў.

Калі падагульніць выступы Лукашэнкі на УНС, то гэта можна зрабіць адным словам — гэта пракрастынацыя. Замест вырашэньня рэальных праблемаў, якія ёсьць у Беларусі, рашэньне гэтых праблемаў толькі адкладаецца. Ці існуюць для Беларусі ваенныя пагрозы? Безумоўна, так. Гэта ўцягваньне ў вайну, калі Расея зноў захоча атакаваць Украіну з тэрыторыі Беларусі. Або калі Расея захоча празь Беларусь напасьці на краіны Балтыі. Пагроза Беларусі — гэта і расейская ядзерная зброя, якая ператварае краіну ў мішэнь для ўдару ў адказ заходняй ядзернай зброяй. Хто там пачне — будзе няважна. Але калі ядзерная ракета ўдарыць па Беларусі — наступствы давядзецца расхлёбваць нам. Але ці можна ў сёньняшняй Беларусі гэтыя рэальныя пагрозы прапісаць у ваеннай дактрыне? Зразумела, немагчыма.

— Прайшло першае пасяджэньне УНС у новай канстытуцыйнай якасьці. Абралі кіраўніка, прэзыдыюм, зацьвердзілі ваенную дактрыну і канцэпцыю нацбясьпекі. Ці стала больш зразумела, навошта гэты інстытут — нават з гледзішча самой сыстэмы ўлады?

— Размовы пра палітычны транзыт, пра перабудову палітычнай структуры пачаліся яшчэ ў 2020 годзе. Тады Лукашэнка быў вымушаны прынамсі гаварыць пра гэта. Расейскія партнэры былі ў гэтым зацікаўленыя. Але ўрэшце ўсё зьвялося да новага статусу УНС. І Лукашэнка гэтыя размовы пра перабудову палітычнай сыстэмы зьвёў да гэтай, максымальна для яго зручнай формы. І гэта спроба спусьціць на тармазах усё, пра што чатыры гады таму ішлі размовы. УНС не дае ніякага адказу на пытаньне пра транзыт. Для Лукашэнкі гэта інструмэнт дадатковай легітымацыі.

— Некаторыя экспэрты меркавалі, што прэзыдыюм УНС стане нечым кшталту палітбюро ЦК КПСС, інстытутам, які складаецца са «стаўпоў» рэжыму. Але насамрэч гэты орган напоўнілі другараднымі чыноўнікамі і гаспадарнікамі, а намесьнікам Лукашэнкі стаў выцягнуты з паўапалы пэнсіянэр Аляксандар Косінец. Чаму?

— Паўнамоцтвы УНС, запісаныя ў Канстытуцыі, велізарныя, але пераважная большасьць дэлегатаў ня будзе працаваць увесь час. Так што рэальна гэтыя паўнамоцтвы будзе мець прэзыдыюм. І сапраўды, чакалася, што гэтыя вялікія паўнамоцтвы УНС будуць адпавядаць палітычнай «вазе» чальцоў яго прэзыдыюму. Але Лукашэнка вырашыў не рызыкаваць, не абʼядноўваць у нейкім органе, які мае вялікія паўнамоцтвы, людзей рэальна ўплывовых. У выніку гэтыя чыньнікі падзеленыя: намэнклятурная «вага» будзе ў адных, старых інстытутаў кшталту Рады бясьпекі, а фармальныя паўнамоцтвы — у чальцоў прэзыдыюму УНС.

Для Лукашэнкі ў такім падзеле плюс палягае ў тым, што не ствараецца адзіны цэнтар палітычнай сілы, які ў пэўных абставінах мог бы стаць небясьпечным для яго самога. Але ў гэтым ёсьць і мінусы для Лукашэнкі. Калі паўнамоцтвы і рэальная палітычная «вага» «размазваюцца», сыстэма робіцца менш эфэктыўнай. Але пра сваю бясьпеку ён, відаць, думае больш, чым пра эфэктыўнасьць кіраваньня. Гэта, дарэчы, паказвае, наколькі нізкі давер у Лукашэнкі нават да свайго самага блізкага атачэньня.

— Падчас пасяджэньня УНС Лукашэнка зноў напускаў туману, адказваючы на пытаньне, ці зьбіраецца ён удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах 2025 году: пайду, не пайду, калі народ скажа «Хопіць» — не пайду, і г.д. Большасьць экспэртаў, у тым ліку і вы, яшчэ напрыканцы мінулага году прадказвалі, што прэзыдыюм УНС узначаліць менавіта Аляксандар Лукашэнка. Ён пойдзе на выбары ў наступным годзе?

— Я магу лёгка зрабіць прагноз — Лукашэнка ў выбарах 2025 году ўдзельнічаць будзе, і лукашэнкаўскі ЦВК абвесьціць, што ён перамог. Гэта ня той прагноз, дакладнасьцю якога потым выпадае ганарыцца. Разьмеркаваньне паўнамоцтваў паміж кіраўніком УНС і прэзыдэнтам — гэта міна запаволенага дзеяньня пад палітычную сыстэму. Калі гэта будуць розныя людзі, уся сыстэма спыніцца, пакуль хтосьці зь іх не пераможа. Мы гэта бачылі на прыкладзе Казахстану. Нурсултан Назарбаеў паставіў прэзыдэнтам супэрдавераную яму асобу — Касым-Жамарта Такаева. І ў Назарбаева засталіся вялікія паўнамоцтвы, і яго добра ведалі і Пуцін, і Лукашэнка, і іншыя кіраўнікі постсавецкіх краінаў. Але, нягледзячы на гэта, узьнік канфлікт, і постсавецкія аўтакраты падтрымалі, у тым ліку і вайсковай сілай, дзейнага прэзыдэнта.

Трэба быць абсалютным дурнем, каб не зрабіць з гэтага прыкладу належных высноваў. У Лукашэнкі проста няма магчымасьці крыху сысьці ў цень, не займаючыся рутынай кіраваньня, але захаваўшы за сабой стратэгічныя пытаньні. Зразумелае жаданьне для дзядоў: не хачу рабіць штодзённую працу, але хачу заставацца галоўным.

Я не магу сказаць, што перадача ўлады ў 2025 годзе сыну Лукашэнкі, ці Качанавай, ці яшчэ каму іншаму немагчымая на 100%. 2020 год паказаў, што Лукашэнка, нягледзячы на ягоны досьвед, «чуйку», можа рабіць вялікія памылкі, якія маюць для яго трагічныя наступствы. Ён тады мог інакш рэагаваць на ковід, мог не зарэгістраваць кандыдаткай Сьвятлану Ціханоўскую... Так што я не выключаю, што ён зробіць памылку і ў 2025 годзе. Для праціўнікаў Лукашэнкі гэта будзе вялікі падарунак. Але я б зыходзіў з пэсымістычнага сцэнару, што ён не настолькі недальнабачны і што ён будзе спрабаваць да канца сумяшчаць гэтыя дзьве пасады.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG