Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былога прэзыдэнта Казахстану Назарбаева пазбавілі пажыцьцёвых прывілеяў


Былы прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў, архіўнае фота
Былы прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў, архіўнае фота

Прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў падпісаў указ, паводле якога адмяняецца дзеяньне закону «Аб першым прэзыдэнце Рэспублікі Казахстан — Елбасы».

Дакумэнт вызначаў пажыцьцёвыя прывілеі для экс-кіраўніка краіны Нурсултана Назарбаева і ягонай сям’і: у прыватнасьці, утрыманьне за кошт дзяржаўнага бюджэту і прадстаўленьне аховы.

Назарбаеў таксама пазбавіўся права на недатыкальнасьць ягонай нерухомасьці, а ягоныя сваякі — права на асабістую недатыкальнасьць.

Першы прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў пайшоў у адстаўку ў сакавіку 2019 году. Ён кіраваў краінай амаль 28 гадоў. Пры гэтым адстаўка была па сутнасьці фармальнай: Назарбаеў захаваў за сабой пасады старшыні Асамблеі народу Казахстану і кіраўніка Рады бясьпекі, а таму працягваў аказваць значны ўплыў на палітыку дзяржавы.

У студзені 2022 году масавыя пратэсты ў буйных гарадах Казахстану супраць улады Назарбаева перарасьлі ў беспарадкі і сутыкненьні дэманстрантаў з паліцыяй і войскам. Пасьля гэтага экс-прэзыдэнт страціў свае пазыцыі.

Парлямэнт краіны ўхваліў зьмены, якія скасавалі пажыцьцёвае старшынства Назарбаева ў Радзе бясьпекі і Асамблеі народу Казахстану, а таксама неабходнасьць узгадненьня зь ім ініцыятыў у зьнешняй і ўнутранай палітыцы. Акрамя таго, новы прэзыдэнт Касым-Жомарт Такаеў, да якога перайшла ўлада ад Назарбаева, абмежаваў тэрмін прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў да сямі гадоў без права пераабраньня, і прызначыў датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары на лістапад 2022 году. Такаеў на іх перамог зь вялікай перавагай.

  • Апошні год улады Казахстану разьвенчваюць культ асобы Нурсултана Назарбаева. З Канстытуцыі краіны былі выключаныя згадкі пра яго, як пра «лідэра нацыі» (Елбасы), рэспубліканскую сталіцу перайменавалі з Нур-Султана назад у Астану, Дзень першага прэзыдэнта быў выключаны з дзяржаўных сьвят. Акрамя таго, суд прыгаварыў пляменьніка Назарбаева Кайрата Сатыбалдыулы да шасьці гадоў пазбаўленьня волі па справе аб асабліва буйных крадзяжах дзяржаўных сродкаў, а старэйшая дачка былога прэзыдэнта Дарыга Назарбаева склала паўнамоцтвы дэпутата ніжняй палаты парлямэнту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG