Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня верыў, што забіраюць ні за што». У Горадні разагналі аўтапрабег салідарнасьці да яго пачатку


Ілюстрацыйнае фота. Падчас пікету салідарнасьці 19 чэрвеня ў Горадні

Аўтамабілісты, якія называюць сябе «Кіроўцы 97%», хацелі праехаць па Горадні ўвечары 30 ліпеня. Аднак іх разагналі да пачатку, а некаторых затрымалі.

Кіроўцы меліся сустрэцца каля гандлёвага цэнтру «Карона» на праспэкце Янкі Купалы і праехаць спакойна па горадзе зь белымі стужкамі на машынах.

«Удзельнікаў жорстка затрымалі да пачатку акцыі... Загадзя былі вядомыя месца і час сустрэчы. Міліцыянты сядзелі ў засадзе і чакалі, а потым наляцелі з усіх бакоў і пачалі хапаць людзей у бусы. Прысутнічалі 3 бусы АМАП, 5 экіпажаў ДАІ і шмат „ціхарскіх“ машын. Хто пасьпеў зьехаць, тых дагналі зь мігалкамі, выпісалі штрафы», — пішуць у тэлеграм-каналах.

Як ананімна расказаў адзін з удзельнікаў меркаванага аўтапрабегу, на паркоўцы цэнтру «Карона» сабраліся каля 40 аўтамабілістаў. Яны не павесілі белых стужак на аўтамабілі, не сыгналілі.

Суразмоўца заўважыў 5 супрацоўнікаў ДАІ, 2 міліцэйскія мікрааўтобусы без абазначэньняў, шмат супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным. Паводле яго, на адной з машын супрацоўнікаў у «цывільным» была белая стужка. Аўтамабілісты не пасьпелі выехаць, як да іх пад’ехалі бусы і «пачалі забіраць усіх». Па ягоных падліках, схапілі 5-7 чалавек. За што, пакуль не зразумела.

«Я ў шоку, што ў Горадні ўжо такое. Проста ні за што ўзялі, забралі. Цяпер мне чалавек адпісаў, што машыну забралі, апячаталі. Ён на іншай машыне цяпер. За што? Проста тупа на месцы», — абураецца гарадзенец.

Астатнія пачалі разьяжджацца. Адзін аўтамабіль дагнала і спыніла ДАІ, кіроўцу аштрафавалі за няправільна павешаныя фіранкі ў салёне. За што затрымлівалі іншых, пакуль невядома. Кіроўцаў, якія плянавалі ўдзельнічаць у прабегу, выклікаюць у РАУС Кастрычніцкага раёну Горадні 1 жніўня.

«Гэта лухта сабачая. Дзе мы жывём?.. Мне цяпер людзі тэлефануюць і кажуць: „Я ў тэлевізары, па „Белсаце“ глядзеў і ня верыў, што забіраюць ні за што“. Кажа: „Я ўчора ўбачыў. Братан, я з табой“. Каб такое рабілася ў нашай краіне? Гэта жах», — абураецца суразмоўца.

Мужчына думае, што яго могуць звольніць з працы за ягоную пазыцыю, але прызнаецца, што ўжо стаміўся ад сытуацыі ў краіне.

Што кажуць у міліцыі

«Праводзіцца праверка, пакуль аб гэтым факце я нічога сказаць не магу. Я ведаю, што ніводзін чалавек не затрыманы і ўсе адпушчаныя дадому», — сказаў Свабодзе прадстаўнік УУС Горадзенскага аблвыканкаму Яўген Дудко. Ён паабяцаў пазьней паведаміць больш дэталяў.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG