Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто такія затрыманыя ў Беларусі найміты. Расьсьледаваньне «Новой газеты»


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Паводле КДБ Беларусі, затрыманая ў ноч на 29 ліпеня ў санаторыі пад Менскам 32 баевікі прыбылі «для дэстабілізацыі становішча ў пэрыяд перадвыбарчай кампаніі». Расейская «Новая газета» правяла расьсьледаваньне і на падставе здабытых дакумэнтаў расказала пра затрыманых, назваўшы іхныя імёны, дэталі біяграфіі, ролю ў ПВК «Вагнэр», апублікаваўшы фатаздымкі, анкеты, расьпіскі.

Паводле расейскага выданьня, прыкладна траціна затрыманых — гэта вэтэраны ПВК «Вагнэр». «Служба бясьпекі гэтай прыватнай вайсковай кампаніі «славіцца любоўю да анкетаў, фатаграфіяў, сьпісаў і расьпісак». Часам штабная культура падводзіць і частка гэтых сьпісаў трапляе да журналістаў, — такім чынам «Новая газета» тлумачыць, як здабыла гэтыя дакумэнты. Паводле выданьня, анкеты і фатаздымкі наймітаў былі зробленыя «службай бясьпекі» ПВК у падрыхтоўчым лягеры побач з Молькінам (хутар пад Краснадарам. — РС).

Падаем скарачэньні інфармацыю, здабытую «Новой газетой» пра затрыманых у Беларусі.

Андрэй Бакуновіч

  • 42 гады. Трапіў у даклад экспэртаў пра сытуацыю ў Лібіі, прадстаўлены Радзе Бясьпекі ААН 24 красавіка 2020 году. Згаданы ў ліку 122 устаноўленых экспэртамі байцоў ПВК «Вагнэр», якія ваююць у Лібіі. Пасьля на старонках расейскага «Федерального агентства новостей», якое, паводле «Новой газеты» належыць Яўгену Прыгожыну (ПВК, як сьцьвярджае РБК, абслугоўваюць структуры, зьвязаныя зь бізнэсоўцам Яўгенам Прыгожыным, блізкім сябрам Уладзіміра Пуціна. — РС) Андрэй Бакуновіч сваю датычнасьць да ПВК аспрэчваў.
  • Паводле інфармацыі «Новай газеты», снайпэр Бакуновіч браў удзел у баявых дзеяньнях у шэрагах ПВК «Вагнэр» на тэрыторыі самаабвешчанай «Луганскай народнай рэспублікі» з 2014 году, у студзені 2015-га быў сур’ёзна паранены. Лячыўся ў Луганску, затым у вайсковым клінічным шпіталі Паўднёвай вайсковай акругі Расеі. Пасьля ачуньваньня ў складзе ПВК «Вагнэр» неаднаразова вылятаў у сырыйскія выправы.
  • Беларускія СМІ, піша расейскае выданьне, спасылаючыся на Службу бясьпекі Ўкраіны, называюць Бакуновіча ўраджэнцам Беларусі, які мае як расейскае, так і ўкраінскае грамадзянства, але гэта ня так, паводле «Новой газеты». Бакуновіч, хоць і мае блізкіх сваякоў у Берасьцейскай вобласьці, нарадзіўся ў Сібіры, і пра яго беларускае грамадзянства дакладных зьвестак няма.

Аляксей Сапронаў

  • 42 гады. Крыптонім «Маздок». Да 2013 года — кіроўца ў МУС Расеі. У ПВК «Вагнэр» таксама кіроўца, з восені 2014 году. Нягледзячы на няпоўную сярэднюю адукацыю, у ПВК зрабіў кар’еру. Як вынікае з апублікаванай Беларускай тэлевізіяй перапіскі ў мэсэнджары з адабранага смартфона, ён «старшы групы».

Сяргей Маслаў

  • 31 год. Крыптонім «Артыст». Родам з-пад расейскай Калугі. Курсант памежнага інстытуту, які не давучыўся. Год правёў прапаршчыкам у памежных войсках Расеі, яшчэ год — байцом у АМАПе МУС Расеі «Зубар», а з 2012 году мыў машыны, працаваў таксістам, кур’ерам. У ПВК «Вагнэр» прыйшоў вясной 2016 году. Пабываў у Сырыі.

Рустэм Зайдулін

  • 45 гадоў. Крыптонім «Салім» (у матэрыяле БелТА «Зайдулен». — «Новая газета»). Ураджэнец Башкірыі. У 2001–2003 гадах служыў кантрактнікам у выведцы на тэрыторыі Чачэніі, астатнія гады — у прыватнай ахове. Як прыватнага ахоўніка прыцягвалі да крымінальнай адказнасьці за перавышэньне паўнамоцтваў. У кампаніі «Вагнэр» не пазьней за 2015 год. У паслужным сьпісе Сырыя, Украіна.


Аляксей Волгін

  • 45 гадоў. Крыптонім «Волга». Жыхар Старога Аскола (горад у Белгародзкай вобласьці Расеі. — РС), вэтэран чачэнскай кампаніі 1999–2000 гадоў. Стралок, кіроўца баявых машын. У ПВК «Вагнэр» з жніўня 2014 году.

Сяргей Паўленка

  • 46 гадоў. Крыптонім «Знаменск». Жыхар Краснадару. Маёр запасу, вайсковая спэцыяльнасьць — абарона інфармацыі. У цывільным жыцьці спэцыяліст у лягістыцы. У ПВК «Вагнэр» з 2016 году.

Рынат Карымаў

  • 35 гадоў. Крыптонім «Аватар». Будаўнік з Чалябінску. У 2015 годзе ваяваў у баявога камандзіра з крыптонімам «Матарола» у батальёне «Спарта», зь вясны 2016 гаду — у ПВК «Вагнэр».

Тахір Бахцігараеў

  • 40 гадоў. Крыптонім «Фартовый». Кіроўца з расейскай Пермі. У ПВК «Вагнэр» з пачатку 2015 году. Пабываў у Сырыі.

Уладзімір Лі

  • 31 год. Крыптонім «Музыка». З Растова. Камандзір разьліку буйнакалібэрнага кулямёта. Пасьля звальненьня з войска ў 2010 годзе (выведнік-радыст) падпрацоўваў без афіцыйнага афармленьня кухарам або будаўніком.

Сяргей Шчарбакоў, Дзяніс Харытонаў, Павел Самарын

  • Шчарбакоў (крыптонім «Люца») і Харытонаў (крыптонім «Баян») — з Астрахані, Самарын — зь Ніжагародзкай вобласьці Расеі.

Аляксандар Алтухоў, Андрэй Кажэўнікаў, Рафік Танаў

  • Падрабязных зьвестак няма; вядома, што яны ў складзе ПВК «Вагнэр» наведвалі Сырыю.

«Новая газета» піша, што непасрэдных зьвестак аб прыналежнасьці да ПВК «Вагнэр» Алега Дрыгі, Аляксандра Рудэнкі, Максіма Кошмана, Генадзя Фяцісава, Аляксандра Шубіна, Ігара Шаламенцава, Андрэя Такарэнкі, Фёдара Сяргеева і Арцёма Шацкага выданьне пакуль ня мае. Але, як адзначае СМІ, гэтыя байцы неасьцярожна паводзілі сябе ў сацыяльных сетках, разьмяшчаючы свае фота са зброяй, а часам і ў форме са знакамі прыналежнасьці да ўзброеных фармаваньняў «ЛНР» або «ДНР», у выніку чаго трапілі на ўкраінскі сайт «Миротворець». Ці ўдзельнічалі яны ва ўкраінскіх падзеях у складзе ПВК «Вагнэр», або далучыліся пазьней, не ўстаноўлена.

Істотнай інфармацыі аб астатніх затрыманых (Міляеву, Сідараву, Бубнову, Ніжніку, Селіхаву, Фаміну, Якімаву, Сердзюкову, Зябліцаву), затрыманых беларускімі спэцслужбамі, «Новая газета» не знайшла.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG