Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Інтэрфакс»: Затрыманым у Беларусі расейцам пакуль не прад'явілі абвінавачаньня


Кадар з рэпартажу дзяржаўнай тэлевізіі пра затрыманьне баевікоў ПВК «Вагнэр» пад Менскам

Супрацоўнікі беларускіх праваахоўных органаў да гэтага часу не прадʼявілі абвінавачаньні 32 затрыманым расейцам, паведаміла «Інтэрфаксу» расейская крыніца, знаёмая з дэталямі затрыманьня.

«Пры затрыманьні ў іх ня выявілі забароненых у Беларусі прадметаў. Закону гэтай краіны яны таксама не парушалі. Кожны быў дапытаны ў форме 20-хвіліннай размовы без ужываньня гвалту. Пасьля допытаў склад злачынства ўстанавіць так і не ўдалося. Абвінавачаньня ім не прадʼяўленае», — сказала крыніца выданьня.

Пры гэтым частка затрыманых, паводле яе слоў, мае фармальна два грамадзянствы: у некаторых, акрамя расейскіх, маюцца ўкраінскія пашпарты, але па сутнасьці яны страцілі сілу пры набыцьці расейскага грамадзянства.

Раней дзяржаўнае агенцтва БелТА паведаміла, што супрацоўнікі праваахоўных органаў Беларусі затрымалі пад Менскам 32 чалавекі з прыватнай вайсковай кампаніі, яшчэ адзін чалавек быў затрыманы на поўдні краіны. КДБ Беларусі пацьвердзіў, што затрыманыя расейцы зьяўляюцца чальцамі ПВК Вагнера.

Між тым дзяржсакратар Савету бясьпекі Беларусі Андрэй Раўкоў заявіў, што Масква не інфармавала Менск аб перакідваньні сіл прыватнай вайсковай кампаніі праз тэрыторыю рэспублікі.

«Калі б ажыцьцяўлялася перакідваньне кудысьці прыватнай вайсковай кампаніі, тым больш праз тэрыторыю Беларусі, напэўна, па лініі нейкіх адмысловых службаў былі б пэўныя тлумачэньні. Таму што гэта вельмі сурʼёзнае пытаньне. Але атрымалася так, што ні па лініі ФСБ, ні па лініі ГРУ, ні па якой іншай структуры такой інфармацыі не атрымлівалі», — заявіў Раўкоў, якога цытуе БелтА.

Ён ахарактарызаваў сытуацыю як «вельмі непрыемны факт», не пацьверджаны Расейскай Фэдэрацыяй.

Агенцтва БелТА раней пісала, што беларускія праваахоўныя органы атрымалі інфармацыю аб прыбыцьці ў Беларусь звыш 200 чалавек нібыта для дэстабілізацыі становішча ў пэрыяд выбарчай кампаніі.

Прэзыдэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка вечарам 29 ліпеня сабраў тэрміновае пасяджэньне Савету бясьпекі краіны з нагоды затрыманьня грамадзян Расеі і даручыў старшыні КДБ Валеру Вакульчыку зьвярнуцца ў расейскія дзяржаўныя органы па тлумачэньне, што адбываецца.

29 і 30 ліпеня амбасада Расеі не камэнтавала гэтыя падзеі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG