Лукашэнка зьвярнуў увагу на бясьпеку правядзеньня масавых мерапрыемстваў, у тым ліку зьвязаных з выбарчай кампаніяй. Пра гэта дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Андрэй Раўкоў расказаў журналістам пасьля завяршэньня нарады ў Лукашэнкі з чальцамі Савету бясьпекі, піша БелТА.
«Па ўзмацненьні кантролю за допускам у месцы правядзеньня мерапрыемстваў, забесьпячэньні бясьпекі, праверкі людзей. Таму што па арганізацыйнай структуры ў затрыманых людзей выразна прасочваюцца пэўныя напрамкі – снайпэры, падрыўнікі, айцішнікі. З улікам гэтага будзе прыняты шэраг мер арганізацыйнага характару па пытаньнях забесьпячэньня бясьпекі», – заявіў Андрэй Раўкоў.
Увечары 29 ліпеня Аляксандар Лукашэнка склікаў тэрміновую нараду з Саветам бясьпекі. Тэма паседжаньня — затрыманьне пад Менскам 33 расейскіх баевікоў.
Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА 29 ліпеня паведаміла, што ўначы супрацоўнікі праваахоўных органаў Беларусі затрымалі пад Менскам 32 баевікоў замежнай прыватнай вайсковай кампаніі. Яшчэ аднаго затрымалі пазьней на поўдні Беларусі. Усе затрыманыя — грамадзяне Расеі, ва ўзросьце ад 24 да 55 гадоў.
Як высьветлілася, 20 з 33 затрыманых значацца ў базе ўкраінскага сайта «Міратворац». 5 з 20 чалавек са знойдзеных у базе «Міратворца» названыя чальцамі групы «ЧВК Вагнэра», якая ўдзельнічала ў вайне на ўсходзе Ўкраіны і ў Сырыі.
Раней Аляксандар Лукашэнка заявіў, што для дэстабілізацыі сытуацыі ў Беларусі могуць выкарыстаць навучаных баевікоў прыватных вайсковых кампаній. Пра гэта казаў і дзяржсакратар Савету бясьпекі Андрэй Раўкоў.